Шпіталі майго дзяцінства

Шпіталі майго дзяцінства

Розныя вёсачкі Жабінкаўшчыны: малыя і вялікія, кожная са сваёй непаўторнай гісторыяй. І ўсё гэта куточкі нашай малой радзімы. Сэрцу майму вельмі дарагія Шпіталі… Калі пашукала ў кнігах пра гісторыю вёскі, то знайшла ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, што яна ўзнікла ў другой палове 17 стагоддзя на месцы былога шпіталя, які існаваў на сродкі ордэна цыстэрцыянцаў з вёскі Алізараў Стаў. Назва атрымалася ад слова “шпіталь”. А ў кнізе “Тапанімічная сувязь часоў” Мікалая Міцковіча напісана, што назва вёскі Шпіталі атрымалася ў выніку змяшэння славянскай і германскіх моў. І выйшла значэнне назвы “востры ракітнік” – від вярбы, мусіць, тут былі зараснікі.
Памятаю гэту вёсачку з дзяцінства. Выглядалі Шпіталі зусім па-іншаму, чым цяпер. На павароце на вёску, на земляным узвышэнні, раслі дзве вялікія бярозы, каля іх ляжалі камяні-валуны. На адным з дрэў была прымацавана жалязяка. Калі ў вёсцы здаралася нейкая бяда, па жалязяцы стукалі і падымалі жыхароў. Каля гэтых бяроз спыняўся рэйсавы аўтобус. З правага боку амаль да сярэдзіны вёскі дамоў не было. Дарога ў мястэчку была пясчаная. Ад паварота дарогу на дзве часткі падзяляў земляны вал, на якім раслі вялікія і старыя бярозы. Казалі, што іх садзілі яшчэ пры Касцюшках. Вось тут мы дзецьмі перабягалі праз дарогу да вала ды ладзілі розныя гульні. Машыны па гэтай яе частцы не ездзілі. Далей дзве дарогі сыходзіліся ў адну. А бліжэй да фермы зараз стаіць ужо развалены драўляны будынак, як у нас яго называюць “барак”. Старажылы казалі, што раней іх было два і жылі там людзі, якія працавалі на пана. Потым у бараку размясцілася калгасная кантора, пасля – кватэры для калгаснікаў. Побач знаходзілася сыраварня. У Шпіталях быў заснаваны адзін з першых на Берасцейшчыне калгас, і яго старшыня Рыгор Максімук жыў тут жа ў вёсцы. Мемарыяльная дошка аб першым калгасе і цяпер знаходзіцца на будынку, на жаль, ужо былой канторы былой гаспадаркі “Шпіталі”. Пусты будынак сумнымі вачамі-вокнамі глядзіць на дарогу.
Вось такой вёсачка засталася ў маёй памяці. Цяпер Шпіталі таксама вельмі прыгожыя, але зусім іншыя. Шырокая асфальтаваная дарога, водаправод, прыродны газ, сучасны малочнатаварны комплекс. Дзе былі калгасныя гаражы, зараз пажарнае дэпо, яшчэ тут зручны і ўтульны ФАП.
Хочацца, каб нашы вёсачкі развіваліся, прыгажэлі, але, дбаючы пра іх будучыню, нельга забываць іх гісторыю.
Ірына САМАСЮК, бібліятэкар Сцяпанкаўскай бібліятэкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*