Лета ў паход паклікала

Сёлета на базе Ракітніцкай сярэдняй школы быў арганізаваны палатачны перасоўны турыстычны лагер з кругласутачным знаходжаннем, у якім адпачылі 15 навучэнцаў установы. Маршрут, па якім рухаліся школьнікі, быў распрацаваны такім чынам, каб у Год малой радзімы яны змаглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і прыродай свайго краю.
Так, разам з выхавальнікамі Віктарам Цікумсам і Сяргеем Алехнікам навучэнцы пабывалі на гідравузле № 9 “Навасады” і прайшлі па экалагічнай сцяжыне “Непакойчыцы”, дзе наведалі Пятровіцкае лясніцтва і ўбачылі цікавы помнік прыроды – 600-гадовы дуб.
З выхавацелямі Алегам Беразюком і Васілём Федасюком хлопчыкі і дзяўчынкі дакрануліся да гісторыі нашага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны: наведалі помнік кіраўніку партызанскага руху на Жабінкаўшчыне Міхаілу Чарнаку ў Старым Сяле і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у гады ваеннага ліхалецця.
Цікава і захапляльна праходзілі лагерныя дні. Усе дружна і разам добраўпарадкоўвалі тэрыторыю лагера, гатавалі ежу на вогнішчы, арганізоўвалі вольны час. Дзеці займаліся спартыўным арыентаваннем, вывучалі тэхніку пешаходнага турызму, разам з выхавальнікамі гулялі ў валейбол і пляжны футбол. Хутка і весела праляцелі дзевяць дзён лагернай змены, падчас якіх выхаванцы адчулі сябе сапраўднымі рабінзонамі.
Святлана ЦЯЛЬПУК, дырэктар лагера.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*