Ко дню юриста

Ко дню юриста

Два партрэты ў судовым інтэр’еры

1.

Тата заўжды побач. У думках, успамінах, на гарадскім пагосце, побач з судом, куды штораніцы спяшаецца на працу.
— Помню, сумую, заўсёды яго не хапае, — прызнаецца Анжэліка Мікалаеўна Яскавец, якая надзвычай падобная тварам на бацьку.
Ёй было пяць, сястры Галі яшчэ менш, калі з далёкага Афганістана — з сапраўднай вайны — прыляцеў і ў маміну далонь упаў пахавальны ліст: “Хімік-інструктар прапаршчык Мароз Мікалай Іванавіч , выконваючы баявое заданне, загінуў 30.04.1984 г.…”.
Выхаванне дзяцей лягло на плечы Лідзіі Сцяпанаўны, тая клапацілася аб адукацыі дачок. Аднак і сама Анжэліка неяк адчула, што час гульняў у лялькі раптам скончыўся: патрэбна ісці па жыцці, якое не надта ласкавае да сіротаў, самастойна будуючы лёс, каб матулі было лягчэй.
Вучылася — у захапленні, цягнулася да дакладных навук, асабліва да матэматыкі, якую выкладала Марыя Іванаўна Мікітчук, любімая настаўніца, класны кіраўнік, добры сябар для сваіх вучняў.
У год заканчэння школы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна адкрыўся юрыдычны факультэт, на які Анжэліка паступіла. Словам, яна была з першага выпуску юрыстаў, падрыхтаваных у горадзе над Бугам.
Упершыню пераступіла парог суда Жабінкаўскага раёна ў якасці судовага выканаўцы.
— Я рада, што адразу трапіла на гэтую пасаду, — гаворыць Анжэліка Мікалаеўна. — Работа вельмі складаная. Мяне яна загартавала, цяжкасці ў працы з людзьмі сфарміравалі характар, які патрэбны сапраўднаму юрысту.
Выканаўца прыходзіць да людзей часцей з благімі навінамі, таму што выконвае рашэнні і пастановы суда, іншых органаў і адказных асобаў.
Аднойчы захацелася паспытаць больш лёгкага хлеба, перайшла ў аддзел кадраў камбікормавага завода, але праз лічаныя месяцы ўладкавалася інспектарам на Кобрынскі пункт мытнага афармлення.
А пяць гадоў таму вярнулася ў жабінкаўскі суд, дзе віталі яе з надзеяй, што справіцца на новай адказнай пасадзе кансультанта суда.
— Функцыі розныя. Ёсць такі надзвычай цікавы напрамак дзейнасці, як выкананне судовых пастаноў ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі, — заўважыла А.Яскавец. — Гэта дазваляе абараняць нашых грамадзян, якія часова апынуліся ў іншых краінах, перш-наперш, у Польшчы, Украіне, Расіі, Арменіі, Казахстане. Яшчэ адзін занятак у кансультанта суда: усе ведаюць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах і ў загсе, а вось рэгістрацыяй іх скасаванняў даводзіцца займацца непасрэдна мне.
Тут немагчыма было не пацікавіцца: а як часта яна сама пераступала парог загса? Аказалася, двойчы: упершыню восенню таго самага 2006 года поруч з Віталем Іванавічам Яскаўцом, ствараючы маладую сям’ю; у другі раз — вясной наступнага, калі рэгістравалі дачушку Вікторыю.

2.

26 жніўня 2006 года быў у судзе асаблівым днём.
Старшыня суда Віктар Віктаравіч Новік радасна, з кветкамі віншаваў сваіх падначаленых Святлану Мікалаеўну і Валянціна Міхайлавіча Казеяў з законным шлюбам. Гэтае “юрыдычнае” вяселле надоўга запомнілася не толькі маладым.
Жнівень, увогуле, надзвычай ветлівы месяц для Святланы. Згадаем, што ў ім яна не толькі нарадзілася, але й узнялася па кар’ернай лесвіцы, калі стала 15 жніўня 2011 года загадчыцай канцылярыі суда.
Да гэтага ішла прадумана — прамой дарогай. Пасля заканчэння першай гарадской школы паступіла ў Брэсцкі тэхнікум бізнесу і права на факультэт правазнаўства. На такі выбар паўплывалі дзядуля і бабуля, Павел Сяргеевіч і Марыя Андрэеўна Дыдзікі, якім унучка вельмі ўдзячная за карысныя парады і матэрыяльную падтрымку.
Дзевяць гадоў (да прызначэння на новую пасаду) Святлана Мікалаеўна адпрацавала сакратаром суда Жабінкаўскага раёна. Адышла ад спраў толькі на перыяд, калі была ў адпачынку па догляду за маленькай Ксеніяй. А цяпер — праца і новае прызначэнне.
Якія адчуванні ад новага месца працы?
— Падабаецца, цікава, нават і не ўяўляю іншага для сябе занятку. У мае абавязкі ўваходзіць каардынацыя дзейнасці канцылярыі ў выкананні судовых рашэнняў, працы з архівам, базамі дадзеных і г.д.
Напярэдадні Дня юрыста прапанаваў выказаць пажаданні-віншаванні калегам. Як і чакалася, ініцыятыву ўзяла на сябе кансультант, але агучыла Анжэліка Мікалаеўна агульную думку:
— Акрамя здароўя, шчасця, грошай, жадаем усім творчай самарэалізацыі і прафесіяналізму.

А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: кансультант суда А.М.Яскавец і загадчык канцылярыі С.М.Казей.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top