Залатая рыбка

5 мая Іван П., знаходзячыся ў рыбалоўных угоддзях паблізу вёскі Спорава Бярозаўскага раёна, парушаючы “Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства”, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адлавіў незаконна 85 рыбін. Ды спажыць украдзенае не змог, бо быў затрыманы з уловам.
Падлічана, што Іван прычыніў урон акаляючаму асяроддзю, зыходзячы з прынятай таксы на 510 базавых велічынь, або на суму 2940 рублёў. Гэта ж страта ў асоба буйных памерах. А колькі б той Іванка рыбы купіў за 2940 рублёў? Колькі месяцаў харчаваўся б? Залатой аказалася крадзеная рыба!..

Веласіпедныя злодзеі

Дзмітрый С. ды Ілья П., дамовіўшыся, у адну ноч скралі з лесвічнай пляцоўкі пад’езда № 3 дома № 3 па вуліцы Францыска Скарыны ў Жабінцы два горныя веласіпеды “Аист”. Кожная духколавая “машына” была коштам 300 рублёў. Такія страты панеслі б гаспадары ровараў, калі б своечасова не затрымалі зламыснікаў.
У адносінах Дзмітрыя С. ды Ілья П. узбуджана Крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205.

Спакуслівыя… тэлефон і аўто

У вагоне электрычкі “Брэст –Баранавічы”, калі пад’язджалі да станцыі Жабінка, Васіль Я.заўважыў у суседа вельмі прывабны тэлефон. Варта было гаспадару мабільніка на нейкі час пакінуць яго без ўвагі, як тэлефон “Huawei GR3” з флэш-картай “Smartbuy” аказаліся ў Васілёвай кішэні.
Забыўся хлопец народнае павучанне: “Не бяры чужога – не мецьмеш лішніх турбот. Ад крадзенага не пабагацееш, а толькі няславу нажывеш!” Не памятаў людскога наказу і другі наш герой – Яўген Ф. На затытанне, чаму ён вырашыў завалодаць чужым аўтамабілем, Жэня бяскрыўдна вам адкажа: “Я не думаў красці. Вельмі ж захацелася пакатацца!..”
Вось і даездзіўся Яўген Ф. да часткі 1 артыкула 205, а Васіль Я. дазваніўся да часткі 1 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ім цяпер давядзецца сесці на лаву падсудных і адказваць па законе.

Злавіць пана Ікс!

Ну і расхадзіўся апошнім часам невядомы пан Ікс. То там ён з’явіцца і нашкодзіць, то тут. І ўсё цішком: каб ніхто не бачыў, не чуў, не вылічыў яго. Толькі ў маі былі ўзбуджаны тры справы на не ўстаноўленыя пакуль асобы.
Часам яны такое прыдумаюць, што, напэўна, сам Астап Бендэр ім пазайздросціў бы. Скажам, невядомая асоба ў інтэрнэт-рэсурсе “Вконтакте” змясціла аб’яву аб продажы адзення. Хаця, на самой справе, выконваць свае абавязацельствы перад пакупнікамі і не збіралася.
І што б вы думалі? Жыхарка Жабінкі Марына Г., каб набыць сабе паліто, пералічыла 125 рублёў на яндэкс-кашалёк. Не дачакаўшыся абновы, забіла трывогу: лавіце вецер у полі!
Зноў жа пан Ікс 26 мая вечарам за 15 хвілін, пакуль адсутнічала Таццяна К., на базе адпачынку “Арляня” ўкраў яе сумачку, у якой знаходзіліся і амерыканскія долары, і расійскія, і беларускія рублі, а таксама патрэбныя прадметы жаночага туалету. Гаспадыні сумачкі былі нанесены страты на агульную суму 1029 рублёў 45 капеек.
А ў аграгарадку Азяты невядомы ноччу ўкраў горны веласіпед “Дэльта”, які належаў Вадзіму Л. Па ўсіх гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы. Хочацца верыць, што ў ходзе расследавання ўдасца назваць імёны кожнага і зламыснікі панясуць пакаранне.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*