Знакомство с творчеством В.Гадульки

Знакомство с творчеством В.Гадульки

…З паэзіяй самабытнага творцы

Знаёмства з біяграфіяй і вершамі Васіля Гадулькі ў мяне пачалося два гады таму, калі разам з аднакласнікамі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Кацярыны Мікалаеўны Чарнагузавай стала праводзіць экскурсіі для вучняў і гасцей у нашым школьным гісторыка-краязнаўчым пакоі.
Мяне захапіла паэзія, глыбокая, вобразная, у якой кожнае беларускае слова дасканалае. Творы Васіля Гадулькі — своеасаблівая споведзь перад сабою, сябрамі, каханай жанчынай. Яны адразу заваражылі мяне шчырай адкрытасцю і глыбокім філасофскім роздумам. Кожны раз у трапяткіх вершах знаходжу адказы на важныя пытанні: што такое шчасце, дабро і зло, у чым сэнс людскога існавання, па якой дарозе ісці далей у жыцці. За два гады знаёмства з творчасцю паэта з Федзькавічаў з’явіліся любімыя радкі, якія перачытваю з вялікай асалодай:
Люба мне, калі ў прыціхлым садзе
ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь.
Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе
матыльком на золкую далонь.

Альбо:
Крывяню сабе вусны
калінавай ягадай спелаю.
П’ю ляснога паветра
духмяны смалісты настой.
І ўплятае мне восень
яшчэ адну нітачку белую —
урачыстага смутку —
у мой жураўліны настрой.

Не перастаю здзіўляцца таму, што пры жыцці лёс пасылаў паэту столькі цяжкіх, а часам невыносных выпрабаванняў, а ён не счарствеў душой, не стаў абыякавым да ўсяго. Пісаў шчыра, пранікнёна і лёс свой успрымаў як крыж, што павінен несці паслухмяна.
Інстытут замежных моў застаўся незакончаным. Не склалася і настаўніцкая кар’ера. Пражыўшы ўсяго 47 гадоў, ён не стварыў сваёй сям’і, не пакінуў дзяцей… Я часам задумваюся, а якім бы бацькам стаў Васіль? Мне здаецца, клапатлівым, уважлівым, неабыякавым да лёсу сваіх крывіначак. З сынам і дачушкай размаўляў бы на нямецкай, англійскай, французскай або польскай мовах, якія добра ведаў. І з кожным з іх абавязкова — на роднай мове, без якой беларусу нельга не жыць, не дыхаць па-сапраўднаму.
Шкада, што паэтава каханне засталося безадказным, што застаўся ён самотнікам. Васіль замкнуўся ў сабе пасля таго, як на ягоных вачах пад коламі трактара загінуў брат Пятро, а потым пасля доўгай хваробы памерла маці. Паэт адчуў адзіноту. Але душу яшчэ ратавалі вершы… Пры жыцці ягоныя вершы часцей выходзілі на старонках раённай газеты, толькі праз дзесяцігоддзе пасля смерці выйшаў паэтычны зборнік “Голас”. В.Гадулька прадбачыў з’яўленне гэтай кнігі, калі пісаў:
Яго шчырага сэрца прызнанні
цэлы свет з заміраннем чытаў.
Свет адмовіў паэту ў каханні,
а самога ўсё роўна прызнаў.

У кожнага чалавека ёсць прызначэнне, для якога ён прыходзіць на Зямлю. Гадулькавы вершы вымушаюць і мяне задумвацца, якое яно ў мяне?
Я ганаруся сваім земляком, яго багатай паэтычнай спадчынай, у якой ёсць нават вянок санетаў. Мне пашчасціла знаёміць наведвальнікаў школьнага мемарыяльнага пакою з творчасцю Васіля Гадулькі, яго адметным паэтычным словам. Гэта знаёмства працягваецца на ўроках беларускай літаратуры і гісторыі, калі тэмы ўрокаў носяць назву “Наш край”. Прыемна і радасна, што імя В.Гадулькі памятаюць на Жабінкаўшчыне. Аб гэтым сведчыць праведзенае ў гэтым годзе Свята кнігі “І кропелькай сонца згублюся ў траве”, прысвечанае 65-годдзю з дня нараджэння паэта, які меў роднасную мне душу.
Я ўдзячная лёсу за знаёмства, што падаравала мне магчымасць дакрануцца да паэзіі самабытнага творцы з чыстым сэрцам.

Д.НІКАНЧУК, г.Жабінка.
На здымку: сёлета Васілю Гадульку споўнілася б 65. Паэт памёр, ды засталіся ягоныя вершы. Рукапісы твораў В.Гадулькі на захаванне ў Жабінкаўскі раённы гісторыка-края-знаўчы музей перадаюць беларускія пісьменнікі Алесь Каско, Расціслаў і Анатоль Бензерукі.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top