Через станцию Жабинка началось ежедневное движение поезда региональных линий бизнес-класса

Через станцию Жабинка началось ежедневное движение поезда региональных линий бизнес-класса

Час, калі прыбыў цягнік

Дзве гістарычныя падзеі, раздзеленыя ў часе, адбыліся позняй восенню ў Жабінцы: у 1871 годзе першы цягнік прыйшоў на нашу станцыю, а праз 140 гадоў (амаль дзень у дзень!) пачаўся рух электрацягніка рэгіянальнай лініі бізнес-класа па маршруце Брэст — Баранавічы.

Так было калісь…

16(28) лістапада 1871 года. 11 гадзін 33 мінуты мясцовага часу. На невялічкую станцыю №80 “Жабінка” Маскоўска-Брэсцкай чыгункі ўпершыню прыбыў паравоз. Так распачынаўся рух на буйнейшай у дзяржаве чыгунцы, што злучыла Расійскую імперыю з краінамі Заходняй Еўропы.
Гэта дазваляла ехаць з неверагоднай для свайго часу хуткасцю. Напрыклад, у Брэст-Літоўск можна было трапіць на паштовым цягніку ўсяго за сорак хвілін. І гэтае падарожжа каштавала пасажыру 33, 65 або 86 капеек (у залежнасці ад класа вагона).
Чыгуначнае будаўніцтва ўскалыхнула наш край — разам з лакаматывамі ў Палессе імкліва рухаўся прагрэс, які закрануў нават такія невялікія населеныя пункты як Жабінка. Праз лічаныя дзесяцігоддзі вакол станцыі вырас цэлы пасёлак, а затым і горад з такой назвай.

…а гэтак сёння

19 лістапада 2011 года. 13.00, час таксама мясцовы.
Дакладна, хвіліна ў хвіліну, на станцыю Жабінка Беларускай чыгункі прыбывае электрацягнік №818 рэгіянальных ліній зносін.
Адолеўшы ўсяго за 17 хвілін кіламетры, што аддзяляюць нас ад абласнога цэнтра, цягнік павольна зніжае хаду і спыняецца ў Жабінцы.
На пероне першую рэгіянальную электрычку сустракаюць старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў, старшыня Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Васільевіч Токар і начальнік станцыі Жабінка Аляксандр Сцяпанавіч Карнялюк.
Сярод першых пасажыраў — міністр транспарту Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Шчэрба, начальнікі Беларускай чыгункі Анатоль Аляксандравіч Сівак і Брэсцкага аддзялення Аляксандр Міхайлавіч Шматаў і іншыя прадстаўнікі.
На рэгіянальных лініях бізнес-класа, якія пачынаюць з’яўляцца ў Беларусі, прымяняюцца найноўшыя электрацягнікі з павышанымі дынамічнымі характарыстыкамі, што забяспечвае высокую хуткасць дастаўкі пасажыраў. А элегантныя інтэр’еры высокага ўзроўню, вагоны еўрапейскага класа робяць падарожжа прыемным і камфортным. Прадугледжаны таксама месцы для інвалідаў, бацькоў з дзецьмі. Пакуль дзелавы чалавек у дарозе, ён можа, каб не губляць час, падключыцца і да інтэрнэта.
Тая дарога будзе надзвычай кароткай: спыняючыся на хвіліну на станцыях Бяроза-горад і Івацэвічы, цягнік №818 прыбывае на канцавую Баранавічы-Палескія ў 14.39.
Напрыканцы пытанне практычнае: колькі гэта будзе каштаваць? Білет да Брэста, у прыватнасці, абыдзецца падарожнаму ў 6720 рублёў, а да Баранавічаў — у 10510. І гэта, паверце, танней, чым тыя капейкі, што плаціў пасажыр сто сорак гадоў таму, калі першы цягнік прыбыў у Жабінку.

А.БЕНЗЯРУК.
Фота А.Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top