На варце законнасцi i правапарадку

На варце законнасцi i правапарадку

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Невыпадкова з чарады дзён, на якія багаты год, 26 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры. Ужо мінула 96 гадоў, як менавіта ў гэты дзень упершыню на ІІІ сесіі Цэнтральнага выканаўчага камітэта маладой Беларускай савецкай краіны было прынята “Палажэнне аб пракурорскім наглядзе” і заснавана Дзяржаўная пракуратура.

Гартаючы старонкі мінулага

АФІЦЫЙНАЕ НАРАДЖЭННЕ прафесійнага свята ўжо ў сучаснай незалежнай Рэспубліцы Беларусь адбылося ў 1995 годзе, калі Прэідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны Указ. Гэта стала яшчэ адным знакам прызнання вагі ў дзяржаве нагляднага ведамства, якое пільна сочыць за выкананнем законаў.
У пракуратуры Жабінкаўскага раёна ведаюць і ганарацца сваім мінулым, працягваючы традыцыі, закладзеныя папярэднікамі.
З дакументаў, што захоўваюцца ў архівах Брэсцкай вобласці, вынікае, як адразу пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР пачалося стварэнне на месцах органаў Савецкай улады, у тым ліку тых, што адказвалі за станаўленне і развіццё дзяржаўнай законнасці.
Час быў прадваенны, надзвычай неспакойны. Напрыканцы восені 1939-га ўтварылася пракуратура Брэсцкай вобласці. З пачатку наступнага года ў яе склад уваходзіла ўжо 18 раённых, у тым ліку пракуратура Жабінкаўскага раёна.
Гісторыя данесла да нас імя першага райпракурора Максіма Кузьміна, які пераехаў на службу ў Жабінку ў пачатку 1940 года з Магілёўшчыны. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі пракуратуры актыўна далучыліся да змагання з ворагам.
Пасля заканчэння ліхалецця неаднойчы праводзілася рэарганізацыя нагляднага ведамства. Так, на падставе загада пракурора Беларускай ССР, 19 кастрычніка 1955 года была створана Брэсцкая міжраённая пракуратура. У яе склад улілася і колішняя пракуратура Жабінкаўскага раёна.
Наступнае адраджэнне прыпадае на лета 1966 года, калі Жабінкаўшчына была адноўлена як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Адпаведна адрадзіліся і раённыя ўстановы ды арганізацыі. На пасаду райпракурора ў той час быў прызначаны Л.М. Сягоднік. У 1975-м яго змяніў Ігнат Сцяпанавіч Гаціла, які на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў нагляднае ведамства на Жабінкаўшчыне. У перыяд з 1985-га да 1990 года пракурорам раёна быў Фелікс Іванавіч Кулей, затым ведамствам кіравалі Валерый Мікалаевіч Куц (у 1990–1993 гадах), Уладзімір Фёдаравіч Кірылюк (у 1993–2007 і на сённяшнім этапе) ды Аляксандр Ціханавіч Дзягель (2007–2011).

Нагляднае ведамства ў асобах

ПАСЛЯ АДРАДЖЭННЯ ў 60-я гады мінулага стагоддзя раёна штатны расклад арганізацыі, акрамя пракурора, уключаў у сябе ягонага памочніка, следчага, кур’ер-прыбіральшчыцу і вадзіцеля. Гэткая колькасць спецыялістаў захоўвалася да восені 2005 года, калі была дабаўлена яшчэ адзінка аператыўнага супрацоўніка – старшага памочніка пракурора. (У кастрычніку 2008-га гэтая пасада была скарочана, замест яе ўведзена новая – намесніка пракурора Жабінкаўскага раёна).
Сёння нагляднае ведамства на Жабінкаўшчыне ўзначальвае Уладзімір Кірылюк, для якога малая радзіма – аграгарадок Мацеевічы.
Надзвычай разнастайнымі бываюць шляхі, што прыводзяць у прафесію. Для Уладзіміра Фёдаравіча падзея, якая дазволіла вызначыцца ў лёсе, адбылася ў Маскве ў пачатку 1980-х, калі ён служыў у войску. Юнаку давялося выступіць у судзе ў якасці грамадзянскага абаронцы. Прычым, выканаў гэты абавязак ён настолькі ўдала, што суддзя, які вёў працэс, параіў абавязкова вучыцца на правазнаўцу. Гэта і прывяло на студэнцкую лаву Харкаўскага юрыдычнага інстытута.
З 1986 года па сённяшні дзень Уладзімір Кірылюк прайшоў усе ступені службовай лесвіцы, пачаўшы са следчага пракуратуры раёна. У абавязкі ўваходзіла даследаванне найбольш складаных крымінальных спраў (сярод іх – забойствы, згвалтаванні, злачынствы, здзейсненыя службовымі асобамі, ды іншае). Ужо з тых часоў Уладзімір Фёдаравіч звяртаў увагу не толькі на сутнасць праблемы, але й самога чалавека, бо цудоўна ўсведамляў: за літарай закона, бясспрэчна, агульнага для ўсіх і кожнага, стаіць заўсёды канкрэтная асоба.
Ягоная паспяховая дзейнасць была заўважана, і ў 1993-м Уладзімір Кірылюк быў прызначаны на пасаду пракурора раёна, у якой і адпрацаваў 14 гадоў. З вясны 2007-га Уладзімір Фёдаравіч стаў старшым памочнікам пракурора Брэсцкай вобласці па нагляду за аператыўна-вышуковай дзейнасцю.
Служба была насычаная і цікавая. Аднак прапанова з лютага 2012 года зноў узначаліць пракуратуру Жабінкаўскага раёна супала з ягоным жаданнем. Адстойваць інтарэсы людзей, лічыць Уладзімір Кірылюк, не дапускаць, каб асудзілі невінаватага, сачыць за строгім выкананнем заканадаўства – дзеля гэтага варта было стаць юрыстам, і ў гэтым ёсць асноўная задача пракурора. Загадам Генеральнага пракурора краіны Уладзімір Фёдаравіч 20 чэрвеня гэтага года ўганараваны нагрудным знакам “Ганаровы работнік пракуратуры Рэспублікі Беларуць”. Летась ягоная дзейнасць адзнача медалём “За бездакорную службу ІІІ ступені”.
Яшчэ раней, летам 2014-га, падобную ж высокую ўзнагароду за паспяховую працу атрымала і намеснік пракурора раёна Алена Сідарук. Гэта бяспрэчнае прызнанне вопыту і прафесіяналізму.
Алена Міхайлаўна – карэнная нараджэнка нашага горада. Яна з адзнакай закончыла Гарадоцкі сельгастэхнікум, дзе займела спецыяльнасць правазнаўцы. Аднак не спынілася на гэтым і пазней без адрыву ад працы атрымала таксама адпаведную вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
З пачатку новага веку ў службовай анкеце Алены Сідарук – у асноўным пракуратура Жабінкаўскага раёна. У 1999–2007 гадах Алена Міхайлаўна – памочнік пракурора, апошняе дзесяцігоддзе – на пасадзе яго намесніка. (Паміж гэтымі прызначэннямі – 2007 і 2008 гады, калі давялося папрацаваць пракурорам аддзела нагляду за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах пракуратуры Брэсцкай вобласці).
У сённяшніх абавязках Алены Сідарук – нагляд за выкананнем заканадаўства і адпаведнасцю прававых актаў, за дазнаннем, а таксама прафілактыка правапарушэнняў.
Больш за дзесяць гадоў свой лёс, жыццёвы і прафесійны, звязала з Жабінкай і памочнік пракурора раёна Таццяна Валер’еўна Жарынава. Ужо з маленства яна марыла стаць юрыстам. Жыццёвая дарога для выканнання мары прывяла выпускніцу Белаазёрскай гімназіі ва ўніверсітэт, размешчаны ў горадзе над Нёманам. Пад час навучання на юрыдычным факультэце практыкавалася ў Гродзенскай раённай пракуратуры, што дапамагло канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі. Пасля заканчэння альма-матар і паспяховай здачы экзамена ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь напрыканцы 2007 года Таццяна Валер’еўна прыехала ў Жабінку працапваць ў раённай пракуратуры, пасля стажыроўкі вось ужо дзесяць гадоў яна – помочнік пракурора раёна.
У адпаведнасці са сваімі абавязкамі Таццяна Жарынава ажыццяўляе нагляд за законнасцю судовых пастаноў, што тычацца крымінальных спраў, займаецца падтрымкай дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, падрыхтоўвае іскавыя заявы, назірае за выкананнем судовых пастаноў па грамадзянскіх справах, за дзейнасцю ў межах заканадаўства крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў ды інш.
Як падкрэсліваюць спецыялісты нагляднага ведамства, прыярытэтным для органаў пракуратуры заўжды было ды сёння застаецца забеспячэнне правоў чалавека і грамадзяніна. Гэта найвышэйшая каштоўнасць, на якую скіраваны мэты ўсяго грамадства і дзяржавы.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top