Сена водар над пашай лунае

Сена водар над пашай лунае

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Над вёскай Пералум’е разносіцца непаўторны водар сена. І не дзіва – побач на полі, якое раскінулася на тры дзясяткі гектараў, выраслі выдатныя травы. Нягледзячы на спякотны пачатак лета, травы на забалочаных мясцінах урадзілі на славу, і касіць іх – адно задавальненне.
А якое духмянае сена атрымліваецца!
– Сёлета мы задаволены травастоем, – расказвае, не хаваючы добрага настрою, дырэктар ААТ “Азяты АГРА” Аляксандр Лукашэвіч. – Вось на гэтым участку атрымліваем звыш 4 тон сена з гектара. Ужо маем звыш 400 тон яго і мінімум 200 плануем яшчэ нарыхтаваць на корм жывёле. Улічваючы высокую аддачу сенакосаў, з пастаўленай задачай справіліся – абы надвор’е паспрыяла.
А механізатары Міхаіл Савіч і Васіль Яворскі не губляюць часу дарма: як толькі сонейка прыпячэ і раса спадзе, спяшаюцца на сенакос – збіраюць пракос за пракосам, пакідаючы пасля сябе акуратныя цюкі сена. У дзень паспяваюць сцюкаваць корм з плошчы да 30 гектараў.
У кабіне МТЗ-82 з цюкавальшчыкам ПРФ-80, як вядома, выгод нямнога. Жалеза награваецца, і калі паветра на санцапёку праграваецца да 30 градусаў па Цэльсію, у кабіне без кандыцыянера адчуваеш сябе, як карась на патэльні, таму ў канцы працоўнага дня механізатарам не да лірызму. Ды загартаваныя цяжкай сялянскай працай рупліўцы не прывыклі жаліцца. Абед прывязуць – вось і перакур, а дожджык пойдзе – наогул свята.
…Пакуль сонейка прыпякае – “ловяць” кожную пагодлівую хвіліну. Будуць кармы – будзе жывёла сытая.
На здымку: задаволены сенакосам дырэктар ААТ “Азяты АГРА” Аляксандр Лукашэвіч, механізатары Міхаіл Савіч, Васіль Яворскі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top