…На свiтанку, у 4 ранiцы

…На свiтанку, у 4 ранiцы

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.

Мінула вось ужо 77 гадоў з таго ціхага цёплага світанка, калі ў спакой мірных жыхароў уварваліся вой снарадаў і пошчак куль. 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны накінулася на нашу Радзіму. У чалавечай памяці гэтая ракавая дата засталася як рубеж, пачатак адліку доўгіх 1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны. Вайна – гэта 1725 разбураных і спаленых гарадоў, 32 тысячы ўзарваных заводаў і фабрык, 900 дзён і начэй блакаднага Ленінграда, гэта 125 грамаў хлеба ў суткі, гэта тоны бомб і снарадаў, якія падалі на бязвінных лю-дзей. Гэта голад, слёзы, смерць загінулых 27 мільёнаў чалавек… На долю іх, сведкаў вайны, выпала многае, і не ўсім ім пашчасціла пабачыць мірнае неба, зялёную траўку, пачуць бестурботны смех малечы… Яны, мільёны загінулых, расстраляных фашысцкімі нелюдзямі, спаленых жывымі, закатаваных у канцалгерах, загінулых на палях баёў, аддалі свае жыцці, каб будучыя пакаленні не зведалі таго, чаго давялося зведаць ім. Чалавечая памяць жыве аб іх, не зарастаюць сцяжынкі да помнікаў і абеліскаў, у якіх знайшлі апошняе месца прытулку воіны і мірныя жыхары.
…У дзень памяці і смутку, акурат у 4 гадзіны раніцы, 22 чэрвеня ў аграгарадку Ленінскі прайшоў мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва раёна, мясцовых жыхароў, моладзі. Заклікалі памятаць жалобныя падзеі, якія адбываліся тут у гады Вялікай Айчыннай вайны, в. а. старшыні райвыканкама Аляксандр Кучынскі і святар айцец Анатоль, каб такое не паўтаралася ніколі. Старшыня Ленінскага сельсавета Мікалай Лугаўскі разам з прадстаўнікамі райкама БРСМ Марыяй Сянішынай і Валерыяй Маркоўскай першымі ўсклалі кветкі да помніка.
Сімвалічна, што на працягу мітынгу-рэквіема з пахмурнага неба пасыпаўся дождж. Здаецца, нават прырода смуткавала і падзяляла ля помніка загінулым боль і пакуты тых, каго вось ужо амаль восем дзясяткаў гадоў няма побач з намі… Жывыя кветкі, нізка схіленыя галовы, запаленыя свечкі падчас хвіліны маўчання – як даніна павагі ім ад нас, нашчадкаў, за магчымасць радавацца жыццю і хадзіць пад мірным небам. Перамога над фашысцкай Германіяй атрымана высокім коштам. Гэтага нельга забываць. Ніколі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top