День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК

День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК

І віншаванні, і песні гаспадарам зямлі

Пінскі раён

У мінулую пятніцу ў ААТ “Аснежыцкае” Пінскага раёна прайшло абласное свята-ўшанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. У Доме культуры ў Аснежыцах сабраліся лепшыя з лепшых, хто сваёй руплівай, самаадданай працай заслужыў гонар і павагу. Тут былі людзі розных прафесій, і радавыя працаўнікі, і кіраўнікі, а вось аб’ядноўвала іх — любоў да роднай зямлі-карміцелькі ды гаспадарскае стаўленне да даручанай справы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама К.А.Сумар.

— Сёння час падводзіць вынікі першага года пяцігодкі, — сказаў ён. — Год быў няпростым як для аграрыяў, так і для ўсёй эканомікі краіны. Галоўны ўрок, што мы атрымалі: важна не толькі вырабляць сельгаспрадукцыю з найменшымі выдаткамі, але й умець прадаваць яе рэшткі. Аграрная галіна становіцца адной з крыніц папаўнення валютных рэсурсаў. Сёлета за межы рэспублікі з вобласці прададзена прадукцыі палёў і ферм больш чым на 600 млн. даляраў пры тэмпах росту каля 125%. Яна пастаўляецца ў 23 краіны.

Як адзначыў кіраўнік вобласці, аграрыі Брэстчыны ўмеюць і могуць выдатнапрацаваць на зямлі. У гэтым годзе яны сабралі болей мільёна тон збожжа, выкананы план продажу яго дзяржаве, амаль на 80 працэнтаў забяспечылі жывёлагадоўлю фуражом уласнай вытворчасці. Травяных кармоў сабралі на 8 працэнтаў больш леташняга. А ў 40 працэнтаў гаспадарак вобласці створаны паўтарагадовы запас кармоў. Сярод сельгаспрадпрыемстваў, дзе пастараліся корманарыхтоўшчыкі, К.А.Сумар назваў і ААТ “Ракітніца”.

Спрыяльна склаўся год для вырошчвання бульбы і агародніны. У вобласці пабудавана 23 бульбасховішчы, завяршаецца будаўніцтва яшчэ 8. Сабрана болей 900 тыс. тон буракоў. А вось ураджаямі рапсу і піваварнага ячменю нельга пахваліцца. Хоць, як падкрэсліў дакладчык, у тых гаспадарках, дзе былі захаваны тэхналогіі вырошчвання гэтых культур, ні спёка, ні дажджы не паўплывалі.

Кіраўнік вобласці дэтальна прааналізаваў і работу жывёлагадоўчай галіны,спыніўся як на станоўчых момантах, так і на недапрацоўках. Пахваліў вытворцаў з Брэсцкага раёна, дзе на сённяшні дзень самая высокая прадукцыйнасць дойнага статка. Добра, што якасныя паказчыкі малака выраслі, прычым няблага, у тры разы. А вось па вытворчасці мяса ад буйной рагатай жывёлы мясны цэх вобласці недапрацоўвае. І адна з прычын, як назваў К.А.Сумар, што “засядзеліся на месцы” — недакорм скаціны. Дарэчы, і ў нашым раёне работа мясной галіны жадае быць лепшай, 113 тон мяса недаатрымана да ўзроўню 10 месяцаў 2010 года.
Паспяхова ў вобласці была рэалізавана Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. Патрачана 6 трыльёнаў рублёў, што дазволіла ўмацаваць матэрыяльную базу гаспадарак, укараніць новыя тэхналогіі ў вытворчасць, павысіць заработную плату, палепшыць сацыяльныя паслугі. Яна з’явілася стартавай пляцоўкай, каб ісці далей.

Ушанаванне перадавікоў абласнога спаборніцтва праводзілася ў шматлікіх намінацыях. Шкада, што ні ў адной з іх не быў названы наш раён, хоць, напрыклад, летась быў адзначаны двойчы (заняў другія месцы ў вытворчасці і рэалізацыі малака, а таксама ў рэалізацыі мяса). У такім разе нашы земляробы і жывёлаводы спрацавалі ніжэй сваіх магчымасцяў.

Дырэктар ПУАП “Азяты” С.С.Шык з рук кіраўніка вобласці атрымаў Ганаровы дыплом. Гаспадарка, якую ён узначальвае, заняла трэцяе месца ў абласным саперніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці піваварнага ячменю. Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджаны першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Г.А.Казлякоўскі за добрасумленную, шматгадовую работу ў сельскагаспадарчай галіне. Старанная праца Д.М.Сухарэвіч з ПУАП “Азяты” адзначана Пісьмом падзякі аблвыканкама. Яна даглядае цялят на дарошчванні. У сярэднім за суткі яе гадаванцы папраўляюцца на 905 грамаў. Пераможцам абласнога спаборніцтва названы вадзіцель СВК “Хмелева” А.К.Кашалюк. Між іншым, і летась ён быў уганараваны ў вобласці. За найвышэйшыя вынікі ў павелічэнні вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай  прадукцыі на сцэне прымалі віншаванні галоўны заатэхнік ААТ “Жабінкаўскі” А.А.Лайчук і тэхнік штучнага асемянення БРЖ з гэтай жа гаспадаркі П.М.Пашкевіч, аператары машыннага даення кароў В.М.Шарай і вырошчвання рамонтных цялушак Л.А.Ярмашук з ААТ “Ракітніца”. Ганаровую грамату абласнога Саветадэпутатаў уручыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў тэхніку-асемянатару СВК “Арэпічы” В.М.Баранчуку.
Абласны аграпрамысловы саюз вызначыў лепшых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў вобласці. На свяце былі названы іх імёны. Старшыні СВК “Хмелева” Б.У.Парафенюку прысуджана ганаровае месца пераможцы спаборніцтва.

Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў мерапрыемства быў канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці вобласці.

С.МІКАЛАЕВА.

Жабінка

На гэты раз зала гарадскога Дома культуры была адда-дзена ім, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў і заводаў перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, тым, хто з гонарам і дастойна нясе па жыцці званне працоўнага чалавека. Сярод іх рупліўцы хлебнай нівы, бураковых і кукурузных палёў, малочнатаварных фермаў і мясных цэхаў…
Песняй “Беларусь — імя святое” ў выкананні хору “Скарбніца” пачалося свята аратага і сейбіта, камбайнера і жывёлавода, цукравара і вытворцы камбікармоў, рыбавода. На сцэну выносіцца каравай ўраджаю 2011 года, які сімвалізуе дабрабыт зямлі жабінкаўскай. Яго прымае старшыня райвыканкама М.В.Токар і звяртаецца да ўсіх з віншавальным словам, у якім аналізуюцца набыткі аграрыяў і прамыславікоў-перапрацоўшчыкаў, называюцца найлепшыя працаўнікі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, нарыхтоўцы кармоў, у вядзенні фермерскай гаспадаркі… Ён адзначыў, што “аграрны сектар Жабінкаўшчыны развіваецца нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія назіраюцца ў нашай краіне: так разам з кукурузай намалочана 48682 тоны збожжа пры ўраджайнасці 35,5 цэнтнера. Самы ўраджайны хлебны колас вырасцілі сёлета земляробы ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”. У засекі краіны прададзена 12039 тон збожжа, што на 800 тон больш, чым у найбольш спрыяльным для раёна 2008 годзе. Дзяржзаказ выкананы на 102,6 працэнта. Цукровы палетак таксама парадаваў важкім ураджаем: салодкай сыравіны для мясцовага завода вырашчана 50 тысяч 670 тон, што амаль на 4000 тон больш, чым у папярэднім годзе. Набыткі бульбаводаў зноў жа багацейшыя, чым летась: накапана 5 тысяч 557 тон клубняў, што 123% задання”.

Хоць год яшчэ не закончаны, адзначыў у сваім слове Мікалай Токар, аднак сёлета захавана станоўчая тэндэнцыя росту вытворчасці валавой прадукцыі жывёлагадоўлі. На будаўніцтва і развіццё жывёлагадоўчай галіны зрасходавана 14 мільярдаў рублёў. Радуюць набыткамі ў малочнай галіне калектывы СВК “Рагазнянскі”, “Хмелева”, і “Арэпічы”, дзе вытворчасць малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў перавысіла 1200 цэнтнераў. Па надою малака ад каровы раён займае трэцяе месца ў вобласці і дваццатае сярод 118 раёнаў краіны. Паводле прагнозаў спецыялістаў сёлета жабінкаўскія даяркі ад кожнай каровы надояць 5210 кілаграмаў, а ў СВК “Рагазнянскі” і “Хмелева” надой перавысіць шасцітысячны рубеж. З 33 малочнатаварных фермаў найлепшыя працоўныя дасягненні маюць “Рудка” СВК “Хмелева”, “Сцяброва” ААТ “Жабінкаўскі”, “Азяты-1” аграпрадпрыемства “Азяты” і комплекс “Бусні” СВК “Рагазнянскі”.
Найбольш мяса рэалізавалі ўжо работнікі мясных цэхаў ААТ “Жабінкаўскі” і СВК “Хмелева” — амаль палову агульнараённага аб’ёму.
Нямала добрых слоў было сказана работнікам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе штогод нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, асвойваюцца новыя яе віды. Адзначалася, што да сельскагаспадарчай галіны адносіцца рыбгас “Сакалова”, дзе вылаўлена ўжо 600 тон ураджаю блакітнай нівы, рэалізавана спажыўцам 405 тон, у тым ліку каля 70 тон у Расію. Да канца года плануецца адправіць у гандлёвую сетку яшчэ 170 тон. За тры гады аб’ёмы вытворчасці рыбы павялічыліся больш чым у тры разы.
Завяршаючы сваё выступленне, М.В.Токар акрэсліў галоўную задачу для ўсяго аграпрамысловага комплексу. Гэта павышэнне канкурэнтаздольнасці і рэнтабельнасці ўсіх яго галін, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і паляпшэнне якасці прадукцыі з тым, каб выходзіць на новыя рынкі збыту, што дазволіць ствараць новыя рабочыя месцы і павышаць заработную плату працаўнікоў вёскі.
Пасля выступлення старшыні райвыканкама адбылося ўшаноўванне працаўнікоў, дзякуючы руплівасці якіх, стараннасці і клапатлівасці, квітнее зямля жабінкаўская і наша Беларусь.
Удзячныя словы ім за нястомную працу гаварылі і ўручылі ўзнагароды старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў, а таксама старшыня райвыканкама М.В.Токар і яго намеснікі А.П.Грыгарчук і А.С.Ануфрыюк, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Н.У.Калыбская, генеральны дырэктар “Брэстаблаграсэрвіс” У.У.Махнач, галоўны спецыяліст Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК В.А. Сакалова, начальнік сыравіннага аддзела ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” С.І.Палховіч, начальнік упраўлення лабараторнага кантролю ААТ “Савушкавы прадукт” З.П.Карповіч.
За працу штодзённую, руплівую, якая робіць ніву шчодрай, зямлю жыватворнай урадлівай, стол багатым, а чалавека Чалавекам былі ўзнагароды: Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў, аблсельгасхарчу, абкама прафсаюза работнікаў АПК, Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, райсельгасхарчу, райкама прафсаюза работнікаў АПК, Пісьмы падзякі камітэта сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК, дыпломы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовыя прэміі.
На ўрачыстасці былі названы пераможцы жніва-2011 года і на нарыхтоўцы травяных кармоў.
Завяршылася свята канцэртам заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай.

Л.КОСЦІНА.
На здымках: у час мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Жабінцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top