Шчырая ўсмешка для кліентаў

Шчырая ўсмешка для кліентаў

Сёння мне хочацца расказаць аб ветлівай, усмешлівай, паспяховай маладой жанчыне – Юліі Радыюк.
Родам Юлія з Камянца. У сям’і, акрамя яе, раслі яшчэ дзве сястрычкі. Малодшая, Лілія, як і мама, стала поварам, старэйшая Ірына – настаўніцай пачаткоўцаў. А Юлія вырашыла падаваць дакументы ў Брэсцкі каледж № 26 імя Карбышава. Дзяўчына марыла стаць цырульнікам. У яе выдатна атрымлівалася рабіць прычоскі маме і сёстрам. Аднак у каледжы яна атрымала спецыяльнасць “партны, закройшчык”.
Юлія, як чалавек актыўны, і ў школе, і ў каледжы з радасцю ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, займалася стральбой, вышывала, шмат шыла. Жыццярадасная, вясёлая дзяўчына на другім курсе сустрэла сваё каханне і пабралася шлюбам з любімым. Як нітачка за іголкай, яна паехала за ім у Жабінку.
Спачатку ўладкавалася на працу ў атэлье КПП у мікрараёне цукровага завода, потым – у прадзільны цэх РКБА. З 2012 года Юлія Валер’еўна ўзначаліла КПП у Жабінцы па вул. Кірава, 75.
У Юліі Радыюк ёсць галоўны сакрэт, які дапамагае ёй крочыць па жыцці: трэба любіць справу, якой займаешся. Бочу ў яе вачах непадробнае захапленне да занятку. Яна з радасцю расказвае, што змяніла ў КПП, каб стварыць людзям камфортныя ўмовы абслугоўвання: паставіла прыгожыя букеты, павесіла кветкі, перамясціла сцелажы. Як спецыяліст, яна дакладна ведае свае функцыі, адказна падыходзіць да работы, ветлівая, ініцыятыўная. Чатыры гады кіраўніцтва РКБА адзначае яе працу граматамі як лепшага працаўніка.
А як жа надзейны тыл? Пасля працоўнага дня руплівіцу сустракаюць любімыя людзі – муж Дзяніс і дачка Ксенія. Дзяніс Уладзіміравіч працуе мантажнікам у адной з мінскіх фірм. У яго – залатыя рукі, усё стараецца рабіць сам, любіць тэхніку. Трэцякласніца Ксенія радуе бацькоў поспехамі ў школе, любіць плаваць, займаецца лёгкай атлетыкай, вучыцца граць на баяне, шмат чытае.
…Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Гэты выраз у поўнай меры адпавядае загадчыцы КПП па вул. Кірава, 75 Юліі Радыюк.
Лідзія ІВАНІХІНА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top