Пачалося ўсё з… руля

Пачалося ўсё з… руля

Гонар любога калектыву – людзі, якія генерыруюць новыя ідэі і рацпрапановы, што дазваляюць ствараць, удасканальваць канструкцыю і тэхналогію выпускаемых вырабаў, эканоміць матэрыялы, энергарэсурсы.
Уладзімір Гац – чалавек, якога смела можна назваць рацыяналізатарам.
…Нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч у 1949 годзе ў Драгічыне. У сям’і, акрамя Валодзі, было яшчэ трое дзяцей. Пасля заканчэння дзесяцігодкі хлопец працаваў аўтаслесарам, затым атрымаў позву ў войска. Служыць давялося ў Крыму.
Хлопец марыў атрымаць вышэйшую адукацыю. Яго мара споўнілася – пасля арміі паступіў у Беларускі ордэна Працоўнага чырвонага сцяга політэхнічны інстытут. Вучыўся з задавальненнем, бо яшчэ ў школе вельмі любіў дакладныя навукі: фізіку і матэматыку. Студэнт ахвотна займаўся тэхнікай, часта нешта майстраваў, удзельнічаў у студэнтскіх навукова-тэхнічных канферэнцыях (дагэтуль памятае ўзнагароду за паспяховае выступленне на канферэнцыі ў
г. Каунас, якая вясною 1973 сабрала лепшых студэнтаў-тэхнікаў з Літоўскай, Латвійскай, Эстонскай і Беларускай ССР).
Уладзімір быў актыўным удзельнікам студатрадаўскага руху. Яму давялося працаваць у калгасе “Чырвоны маяк” Бурменскага раёна на Урале. За ўмелае кіраўніцтва ўдзельнікамі атрада падчас будаўніцтва жылля і вытворчых аб’ектаў калгаса яго, як камісара, узнагародзілі граматай.
Затым юнак, атрымаўшы дыплом аб заканчэнні інстытута, вярнуўся на малую радзіму. Уладкаваўся на працу начальнікам аддзела эксплуатацыі аўтабазы № 5. Тут адбыўся яго кар’ерны рост – займаў пасаду галоўнага інжынера, “дарос” да дырэктара. У падначаленні Уладзіміра Гаца было 640 чалавек. Ён заўжды, як кіраўнік, быў прынцыповым, адстойваў правы рабочых, вадзіцеляў.
У працоўнай біяграфіі Уладзіміра Уладзіміравіча было яшчэ адно месца працы – малое прадпрыемства “Дарбудматэрыялы”, на Жабінкаўшчыне. Уладзімір Гац з цеплынёй узгадвае, што побач з ім рупіліся адказныя людзі, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу; намагаліся да паляпшэння сваіх уменняў. Уладзімір Гац пакінуў і ў гэтай арганізацыі свой след, прапануючы рацыяналізатарскія рашэнні…
…Вынаходніцтвам ён захапіўся яшчэ да службы ў войску. Яго першая рацпрапанова па рамонце рулявой сістэмы аўтамабіля была ўкаранена ў 1968 годзе.
Адміністрацыя аўтабазы № 5 Драгічына нават занесла яго імя за добрасумленную працу ў кнігу Працоўнага гонару прадпрыемства. Зрэшты, Уладзімір Гац мае 50 пасведчанняў аб рэгістрацыі рацыяналізатарскай дзейнасці. Так, гэты чалавек з’яўляецца лаўрэатам УДНГ СССР і быў узнагароджаны Галоўным камітэтам выставы срэбраным медалём (1990 г.).
Вынаходніцтва маленькага катка для ўкладкі міні-трактара – яго рук справа. Дарэчы, яго слушныя ідэі і прапановы ніколі не заставаліся без увагі – ён атрымліваў матэрыяльнае ўзнагароджанне, і, галоўнае – усе-агульную павагу.
Уладзімір Гац лічыць, што ў многіх жабінкаўцаў ёсць патэнцыял для інтэлектуальнай дзейнасці. Ганарыцца ён сваёй прыдумкай, укаранёнай на асфальта-бітумным заводзе: устаноўлены пыласборнікі, якія забяспечваюць чыстыя выкіды ў атмасферу пры выпуску дарожных асфальта-бітумных сумесяў.
Уладзімір Уладзіміравіч яшчэ і чалавек увішны – у яго цэлы стос грамат, якія сведчаць аб спартыўных дасягненнях: чэмпіён Жабінкаўскага раёна па шашках, займаў другое месца ў настольным тэнісе, гандболе…
Зразумела, што на дасягненні яго натхняе спадарожніца жыцця – прыгажуня Ганна. Яна працавала ў жабінкаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з паслабленым зрокам. Уладзімір і Ганна нарадзілі і выхавалі выдатных дзетак – Валодзю і Ірыну, абодвум далі вышэйшую адукацыю, дапамаглі знайсці сваё месца ў жыцці. Сям’я мае традыцыю – падарожнічаць разам, рыбаліць на беразе возера, начаваць у палатках і сустракаць туманныя світанкі… Мясціны ў Беларусі для адпачынку, бадай, самыя прыгожыя.
Уладзімір Гац лічыць, што яго жыццё ўдалося. Прынамсі, у такога светлага, цікавага чалавека інакш і быць не можа.
Лідзія ІВАНІХІНА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top