У тыя векапомныя дні

У тыя векапомныя дні

Анатоль БЕНЗЯРУК.

У гэтыя чэрвеньскія дні, калі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, – чарговая нагода прыгадаць, які след пакінула ліхалецце ў лёсах нашага краю і людзей, што апынуліся ў акупацыі. Вельмі многія з іх не скарыліся і працягвалі барацьбу з захопнікамі, пакуль не прыйшло вызваленне. Адной з найбольш актыўных удзельніц антыфашысцкага руху стала Васіліса Сямёнаўна Селівонік, уганараваная высокім званнем “Ганаровы грамадзянін горада Брэста”.

Яна нарадзілася ў кастрычніку 1907 года ў вёсцы Ліпнікі, што на Кобрыншчыне. З дзяцінства зведала смак батрацкага хлеба і цяжкасці жыцця ў бежанцах (у 1915-м Васілісава сям’я выехала ў Калужскую губерню, дамоў вярнуліся, як адгучалі апошнія выбухі імперыялістычнай вайны).
На радзіме, якая аказалася пад уладай Польшчы, Васіліса не магла мірыцца з прыгнётам, які чынілі новыя ўлады, таму 20-гадовай дзяўчынай свядома ўступіла ў шэрагі барацьбітоў-падпольшчыкаў, а з 1931 года стала сябрам Кампартыі Заходняй Беларусі. За рэвалюцыйную дзейнасць ёй быў вынесены прыгавор – дзесяць гадоў зняволення. Аднак вызваленне прыйшло значна раней – пасля ўз’яднання заходніх абласцей БССР восенню 1939-га.
Праз колькі месяцаў Васіліса Сямёнаўна пераехала на працу ў Жабінку, дзе перед вайной займала пасаду загадчыка аддзела кадраў райвыканкама. Літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай адважная жанчына стала сувязной Старасельскага партызанскага атрада (які насіў імя Міхаіла Чарнака), а затым непасрэдна са зброяй у руках улілася ў склад народных мсціўцаў. Васіліса Селівонік была членам падпольнага Жабінкаўскага райкама камуністычнай партыі, з кастрычніка сорак трэцяга прызначана сакратаром антыфашысцкага камітэта па нашым раёне.
Пасля сябе Васіліса Сямёнаўна пакінула ўспаміны, у якіх апісала тыя векапомныя дні.
– У тую жахлівую чэрвеньскую раніцу 1941 года, – згадвала Селівонік, – я прачнулася ад непрыемнага гулу самалётаў, свісту снарадаў, разрываў бомбаў і адразу зразумела – гэта вайна. Выбегла на вуліцу, якая проста кішэла людзьмі: там былi адступаючыя вайсковыя часці, савецкія і партыйныя работнікі, жанчыны, старыя, дзеці. Да іх далучылася і я. На шашы нас пачалі абганяць гітлераўскія войскі, так мы апынуліся ў тыле ворага. Пытанне, што рабіць, куды ісці, не давала спакою ні ўдзень, ні ўначы.
Аднак заставацца без справы, калі вораг гаспадарыць на роднай зямлі, было вышэй усялякіх сіл для жанчыны, што шмат гадоў змагалася за свабоду роднага краю. На шчасце, гэтак лічыла не адна толькі Васіліса.
Ужо восенню 1941-га і ў пачатку наступнага года шмат у якіх вёсках Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў былі створаны антыфашысцкія падпольныя групы, у якіх было шмат камсамольцаў і моладзі. Да іх далучылася і Васіліса Селівонік. 3 ёю працавала сувязная Вольга Краўчук, якая дакладна выконвала ўсе даручэнні камандавання партызанскага атрада і антыфашысцкага камітэта.
Дзейнасць сваёй арганізацыі Васіліса Сямёнаўна апісвала так:
– Члены антыфашысцкіх груп праводзілі дыверсіі, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі разведвальныя даныя аб прасоўванні вайсковых часцей. 3 дапамогай актыву створаных падпольных груп мы ведалі пра настрой лю-дзей. У пачатку 1942 года мне ўдалося ўстанавіць сувязь з перакладчыкам кобрынскага гебітскамісарыята Юрыем Шадурскім, які перадаваў каштоўныя звесткі. Ён своечасова паведамляў пра аблавы, якія рыхтаваліся, пра размяшчэнне і перамяшчэнні вайсковых часцей, перадаў план умацаванняў Кобрына. Праз яго мы здабывалі спісы здраднікаў, якія працавалі на гітлераўцаў. Некаторыя з іх былі схоплены партызанамі і знішчаны. Шадурскі арганізаваў з ліку палякаў групу з 30 чалавек, узброеных аўтаматамі. Гэту групу я прывяла ў партызанскі атрад імя М.М.Чарнака брыгады імя Сталіна, дзе яна ўтварыла 3-ю баявую роту. Пазней гэта рота папоўнілася палякамі-антыфашыстамі. Польскія патрыёты разам з партызанамі хадзілі на дыверсіі, пускалі пад адхон варожыя эшалоны, удзельнічалі ў баях супраць акупантаў.
Акрамя таго, паводле даручэння камандавання падпольшчыкі ў Кобрыне, Жабінцы і навакольных вёсках тлумачылі людзям, як развіваюцца справы на франтах, што трэба рабіць, каб “зямля літаральна гарэла пад нагамі ў ворага”. На месцах баёў збіралі зброю, боепрыпасы, нішчылі масты на дарогах, падпілоўвалі слупы, знішчаючы тэлефонна-тэлеграфную сувязь, рыхтавалі людзей да выхаду ў лес.
Так, у жніўні – верасні 1942 года падпольшчыкі спалілі 230 га жыта, якое было скла-дзена ў сцірты на палях панскага маёнтка Задарноўскага ў вёсцы Багуславічы (сённяшняе Залуззе). Пры правядзенні аперацыі, як адзначала Васіліса Селівонік, вызначыліся Максім Дудко, Васіль Воран, Іван Казлоў, Міхаіл Ратайка, Аляксандр Андраюк, Аляксандр Герасімук ды іншыя. Адначасова сябры антыфашысцкай групы Фёдар Козел, Мікалай Трафімаў, Ігнат Хвалько, працуючы ў пункце па нарыхтоўцы збожжа, знішчылі два вагоны жыта, падрыхтаваныя для вывазу ў Германію.
– Разам з партызанскімі дыверсійнымі групамі падпольшчыкі ўдзельнічалі ў правядзенні дыверсій, – успамінала Селівонік. – Сувязны Максім Дудко амаль кожную ноч удзельнічаў у дыверсіях на шашэйных дарогах і чыгунцы, ён пусціў пад адхон шэсць варожых эшалонаў, знішчыў шмат аўтамашын. У чэрвені 1944 года ён загінуў у баі з гітлераўцамі, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Іван Казлоў мае на сваім рахунку сем пушчаных пад адхон варожых эшалонаў. У партызанскі атрад імя М.М.Чарнака ён прыйшоў улетку 1943 года і ўвесь час ваяваў у дыверсійнай групе.
Вялікую дапамогу падпольшчыкі Жабінкаўшчыны аказалі спецгрупе, якая знаходзілася пры партызанскім атрадзе, кіравалі ёю палкоўнік Льдоў і капітан Хахлоў. Для іх удалося здабыць надзвычай каштоўныя карты, планы і схемы, на якіх былі па-значаны абаронныя аб’екты гітлераўцаў.
Увосень 1943 года ў Брэст прыбыла з Цэнтра радыстка Лідзія Базанава са сваёй рацыяй. Яна працавала ў горадзе з групай камсамольцаў, у якую ўваходзілі Вера Жыгімонт, Мікалай Кірылюк, Ніна Грыгарук. Кожны вечар у вызначаны час “Чайка” (пазыўныя Базанавай) выходзіла ў эфір і перадавала сабраныя звесткі.
– Аднойчы ў радысткі скончылася радыёсілкаванне, – прыгадвала Васіліса Сямёнаўна, – якое было вельмі цяжка дастаць. Да мяне прыехала Вера Жыгімонт і паведаміла аб просьбе радысткі. Я пай-шла ў спецгрупу да Міхаіла Хахлова і сказала, што ў Брэст тэрмінова патрабуюцца радыёбатарэйкі для “Чайкі”. Хахлоў выручыў, даў дзве батарэйкі, якія я перадала Івану Філіпуку, каб тэрмінова пераправіць іх у Брэст, што паспяхова зрабіла Вера Жыгімонт. Гэтак зноў загаварыла “Чайка”, але ворагам удалося запеленгаваць рацыю. 8 красавіка 1944 года ў час перадачы Ліду арыштавалі. Былі таксама арыштаваны сям’я Грыгарукоў, Іван Філіпук, Мікалай Кірылюк, пасля жорсткіх допытаў і катаванняў іх расстралялі ў Брэсцкай турме. Шмат падпольшчыкаў аддалі сваё жыццё ў барацьбе з фашызмам, каб наблізіць нашу вялікую перамогу. Няхай іх велічны подзвіг навечна застанецца ў нашай памяці.
І гэтыя словы-пажаданні знайшлі ўвасабленне ў памяці нашых землякоў: ёсць у Жабінцы вуліца, названая ў гонар адважнай Лідзіі Базанавай, а недалёка – вуліца падпольшчыка Івана Філіпука, нараджэнца вёскі Шчэглікі.
На здымку: “Ганаровы грамадзянін горада Брэста” Васіліса СЕЛІВОНІК, актыўная ўдзельніца падпольнага і партызанскага руху ў Жабінкаўскім і Кобрынскім раёнах.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top