Клапоцяцца пра самае дарагое: жыццё і здароўе чалавека

Клапоцяцца пра самае дарагое: жыццё і здароўе чалавека

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
На мінулым тыдні ў клубе цукровага завода сабраліся медыцынскія работнікі ўстаноў аховы здароўя Жабінкаўшчыны, ветэраны медыцыны, каб разам адзначыць сваё прафесійнае свята. Падчас урачыстасці ў іх адрас гучалі словы віншаванняў ад ганаровых гасцей, адміністрацыі раённай бальніцы, а таксама музычныя падарункі ад самадзейных артыстаў.

Мерапрыемства пачалося на вуліцы з флэшмоба. Такі незвычайны сюрпрыз падрыхтавалі медсёстры і малодшы медыцынскі персанал раённай бальніцы. У танцы пад папуры сучасных мелодый яны прадэманстравалі еўрапейскі стандарт гігіенічнай апрацоўкі рук. Пасля такога арыгінальнага выступлення калег госці свята перамясціліся ў глядзельную залу клуба.
Вядучая ўрачыстасці Вольга Гардзейчык, звяртаючыся да прысутных, гаварыла: “Рэдка можна ўбачыць адразу столькі медыцынскіх работнікаў. Звычайна яны на прыёмах, дзяжурствах і выкліках. Нагодай для такой цудоўнай сустрэчы стала прафесійнае свята тых, хто ратуе лю-дзей і дапамагае ім паўнацэнна жыць. Мы захапляемся вашай мужнасцю, бескарыслівасцю і высакароднасцю. Няхай вашыя сэрцы заўсёды будуць добрымі і міласэрнымі!”
Затым вядучая запрасіла да мікрафона намесніка старшыні райвыканкама Алу Ануфрыюк. Ала Сцяпанаўна павіншавала медыкаў са святам, адзначыла іх высокі прафесіяналізм, уменне працаваць з людзьмі, пажадала здароўя, поспехаў, дабрабыту, ажыццяўлення запаветных мар і жаданняў і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкай вобласці – галоўнаму бухгалтару раённай бальніцы Алене Замахінай, Пісьмо падзякі ўпраўлення – загадчыку Сцяпанкаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Але Юзвік; Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта – намесніку галоўнага ўрача райбальніцы па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Іосіфу Арлаўцу і загадчыку Падлескага фельчарска-акушэрскага пункта Алене Крыцкай; Пісьмы падзякі райвыканкама – медыцынскім сёстрам: участковай дзіцячага аддзялення паліклінікі Тамары Дзмітрук і аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ірыне Званкоўскай; Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў – урачу-педыятру раённаму дзіцячага аддзялення паліклінікі Наталлі Бялых.
Павіншаваў калег з прафесійным святам і галоўны ўрач раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч. Анатоль Іванавіч падкрэсліў, што многія з тых, хто знаходзіцца ў зале, працуюць у сістэме аховы здароўя дзясяткі гадоў, застаюцца верныя прафесіі і ўсе свае веды і сілы аддаюць дзеля выратавання жыццяў людзей, зберажэння іх здароўя. Дзякуючы прафесіяналізму, згуртаванасці калектыву медыкаў раён мае добрыя вынікі – летась увайшоў у пяцёрку лепшых. Так, у нас годныя дэмаграфічныя паказчыкі: назіраецца зніжэнне агульнай смяротнасці, у тым ліку ў працаздольным узросце, а таксама ад хвароб сістэмы кровазвароту. Маем добрыя паказчыкі па недапушчэнні выпадкаў онказапушчанасці.
Анатоль Іванавіч выказаў словы ўдзячнасці калегам за добрасумленную працу, адзначыў тых, хто ў сваёй рабоце ўкараняе новыя методыкі і тэхналогіі і на каго патрэбна раўняцца. Сярод іх урач-эндаскапіст Андрэй Куноўскі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Алена Малчанава, галоўная медыцынская сястра раённай бальніцы Наталля Спіцына. Ён пажадаў прысутным здароўя, шчасця, радасці, дабрабыту, задавальнення ад працы, цеплыні і ўтульнасці дома. Шэраг медыкаў і іншых работнікаў устаноў аховы здароўя былі адзначаны граматамі УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”.
Слова трымаў на свяце і старшыня прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЦРБ Віталь Вялько. Віталь Генадзьевіч далучыўся да віншаванняў, што прагучалі са сцэны ў адрас калег, і ўручыў Ганаровую грамату абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя медыцынскай сястры неўралагічнага аддзялення райбальніцы Наталлі Ткачук – пераможцы абласных спаборніцтваў па шматбор’і і ўдзельніцы рэспубліканскіх гульняў па валейболе.
Падчас мерапрыемства цёплыя словы са сцэны прагучалі і ў адрас ветэранаў медыцыны, тых, хто сваёй штодзённай карпатлівай працай пісаў летапіс аховы здароўя раёна. Лепшыя гады жыцця яны аддалі сваёй прафесіі, шчодра дзяліліся вопытам і майстэрствам з моладдзю, на асабістым прыкладзе выхоўвалі годную змену.
Калі ж знаёміцца з новай старонкай у гісторыі аховы здароўя Жабінкаўшчыны, то яна прысвечана маладым спецыялістам, якія летась папоўнілі вялікую і дружную сям’ю медыкаў раёна. Іх віталі на сцэне ўрачы райбальніцы Наталля Бялых, Сяргей Замахін і Ірына Саевіч. Маладыя калегі далі клятву захоўваць і прымнажаць поспехі і дасягненні вялікага і дружнага калектыву медыкаў. Ім былі ўручаны імянныя медалі, якія сталі першымі ў скарбонцы іх далейшых прафесійных узнагарод. У вершаванай форме маладыя спецыялісты расказалі пра першы год працы і падзякавалі старэйшым калегам за цёплыя адносіны і падтрымку, а таксама прадэманстравалі свае творчыя таленты: музычны падарунак прагучаў у выкананні фельчара-лабаранта Крыўлянскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Аніты Сінг.
На свяце было шмат музычных сюрпрызаў. Падымалі настрой, дарылі радасць прысутным сваімі нумарамі самадзейныя артысты клуба цукровага завода: Галіна Міцковіч, Мікалай Новік, Аляксандр Чарнушыч, хор ветэранаў і ансамбль “Страказа”. Запалілі залу сваёй праграмай “Эх, душа казака” творчыя калектывы цукровага завода: вакальны ансамбль “Раз! Гуляй!”, ансамбль народнай песні “Раздолле” і танцавальны ансамбль “Прысмакі”.
Галоўны ўрач раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч выказаў словы ўдзячнасці работнікам клуба, артыстам за цудоўны канцэрт і пажадаў ім далейшых творчых поспехаў.
Прыемныя сюрпрызы на гэтым не скончыліся, яны чакалі гасцей свята ў фае клуба і на вуліцы: жадаючыя маглі пачаставацца смачнымі кексамі і выпіць шклянку соку, а таксама сфатаграфавацца з калегамі ў спецыяльна падрыхтаванай фотазоне.
Свята завяршылася, наперадзе – працоўныя будні. Няхай яны прыносяць вам, шаноўныя людзі ў белых халатах, толькі задавальненне, суправаджаюцца ўдзячнасцю вашых пацыентаў, новымі поспехамі і дасягненнямі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top