Бацькі і дзеці: як пабудаваць здаровыя адносіны?

Бацькі і дзеці: як пабудаваць здаровыя адносіны?

 

Не заўсёды мама і тата разумеюць, што стасункі ў сям’і вызначаюць будучыя паводзіны дзіцяці, характар яго камунікавання з іншымі і паспяховасць. Сёння ў многіх сем’ях складваецца рэальная пагроза прорвы паміж пакаленнямі. Некаторыя бацькі ўскладваюць адказнасць на школу. Аднак выхаванне – гэта галоўная функцыя менавіта сям’і. Для дзіцяці бацькі з’яўляюцца крыніцай падтрымкі, узорам і прыкладам для пераймання, старэйшымі сябрамі і дарадчыкамі.
Адной з распаўсюджаных памылак у выхаванні з’яўляецца гіперпратэкцыя, калі мама і тата ўдзяляюць дзіцяці зашмат часу, сіл і ўвагі, яго выхаванне робіцца цэнтральнай справай жыцця. Ад іх часта можна пачуць фразы “ўсё, што я раблю, я раблю дзеля свайго дзіцяці” ці “маё дзіця для мяне – самае галоўнае ў жыцці”. У гэтай сітуацыі кожнае жаданне малога – закон для бацькоў.
Дзяцей трэба любіць і клапаціцца пра іх, але прысвячаць ім увесь вольны час не варта. Інакш дзіця адчувае ўладу над бацькамі і карыстаецца сваім становішчам, можа грубіяніць, ілгаць і парушаць забароны.
Нярэдкая і процілеглая сітуацыя, калі стасункі дарослых і дзяцей будуюцца на рэгулярным зневажэнні пачуцця ўласнай годнасці дзіцяці, на падаўленні яго меркавання. У сям’і, дзе бацькі ўвесь час абсякаюць і ганяць, ставяць завельмі складаныя заданні і мэты, у дзяцей падае самаацэнка.
Помніце, празмернае пакаранне дзіцяці гаворыць пра выхаваўчую няўпэўненасць бацькоў! Калі ўсё пакінуць як ёсць, то ў будучым ў падлетка гэта можа выліцца ў бунт супраць бацькоўскага «насілля»: ён прынцыпова будзе парушаць забароны, уцякаць з хаты. Або стане нерашучым, безыніцыятыўным, баязлівым, няўпэўненым у сваіх сілах, не зможа абараніць сябе.
Важна, каб бацькі і дзеці адчувалі ўстойлівую патрэбнасць ва ўзаемным камунікаванні, давяралі адзін аднаму, імкнуліся да роўнасці, праяўлялі адкрытасць. Мама і тата павінны навучыцца разумець свет дзіцяці, яго ўзроставыя запатрабаванні. Паменш загадаў, пагроз, пакаранняў (асабліва фізічных), а пабольш умення слухаць і чуць адзін аднаго, імкнення да пошуку сумесных вырашэнняў, довадаў, назіранняў.
Калі бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей з любоўю, цяплом, клопатам і вялікай цярплівасцю, то яны вырастуць з пачуццём адказнасці за свае ўчынкі, псіхічна здаровымі і з пазітыўнымі жыццёвымі поглядамі.
Іна Мартынюк, педагог-псіхолаг студыі развіцця “Час перамен”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top