Час адпачынку і карысных вандровак

Час адпачынку і карысных вандровак

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.

Лета – цудоўны час для адпачынку і вандровак па родным краі, якія прыносяць новыя прыемныя ўражанні ды запамінальныя сустрэчы. У гэтым перакананы жабінкаўцы розных узростаў, у тым ліку і надзвычай паважанага, пенсійнага, да якога належаць сябры аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыіі дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У пятніцу, 8 чэрвеня, іх чакала надзвычай пазнавальнае падарожжа па Жабінкаўшчыне, па яе славутых мясцінах. У вандроўку па родным краі выправіліся разам з даўнімі сябрамі – прадстаўнікамі клуба для пажылых людзей з красамоўнай назвай “Цікаўныя”. Гэтая суполка па інтарэсах ужо не першы год дзейнічае пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Брэста.
– Здаецца, зусім побач Жабінка ад горада над Бугам, аднак высвятляецца, наколькі мала ведаем мы пра ваш край, ягоныя гістарычныя здабыткі і памяткі. Таму з вялізным задавальненнем выправіліся на сустрэчу з мінулым Жабінкі і наваколляў, – дзяліліся сваімі ўражаннямі берасцейцы.
А іх, цікавых адкрыццяў, у той дзень сапраўды было досыць шмат. Найперш, ад наведвання Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, размешчанага на землях, звязаных з генералам Тадэвушам Касцюшкам у Малых Сяхновічах. Госці з цікавасцю паўдзельнічалі ў экскурсіі, якая дазволіла скласці ўяўленне, як жылі насельнікі Жабінкаўшчыны ад часоў найстаражытных да ХХ стагоддзя. Пазнаёміліся з этнаграфічнымі асаблівасцямі тутэйшага краю, развіццём яго ў часы вайны і, безумоўна, з лёсам прадстаўнікоў вядомага не толькі на Берасцейшчыне, але і за яе межамі – роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Думаецца, надоўга запомніцца падарожнікам і наведванне мемарыяльнага комплекса “Драмлёва”, што паўстаў на месцы знішчанай карнікамі вёскі. З хваляваннем слухалі яны расповяды пра драмлёўцаў, іх лёсы, якія ў трагічны дзень 11 верасня 1942 года спляліся ў адзін трагічны ланцужок. Падарожнікаў цікавілі шматлікія падрабязнасці таго дня, калі абарваліся 183 жыцця, а таксама як увекавечана на нашай зямлі “вогненая вёска”, гісторыя стварэння мемарыяла.
Вайсковая тэма не пакідала і надалей, калі госці вярнуліся ў Жабінку, дзе іх чакала аглядная экскурсія. Асобна спыніліся яны на вуліцы Міру, дзе існуе адразу дзесяць помнікаў, прысвечаных розным момантам Вялікай Айчыннай вайны: мірным жыхарам – ахвярам фашысцкага генацыду, калі восенню 1942 года былі бязлітасна знішчаны амаль паўтысячы чалавек; партызанам атрадам імя Чарнака, забітым пад час бою; савецкаму лётчыку, збітаму ў першыя дні вайны; польскім партызанам, што змагаліся супраць гітлераўцаў на Жабінкаўшчыне, ды інш.
Шматлікімі прыемнымі ўражаннямі ад цікавай экскурсіі жабінкаўцы і берасцейцы з задавальненем падзяліліся напрыканцы – у сяброўскай атмасферы за кубкам чаю ў памяшканні ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН” (дарэчы, будынак, дзе размяшчаецца цэнтр, таксама адносіцца да гістарычных памятак горада, паколькі быў пабудаваны ў 1926 годзе тагачасным галоўным архітэктарам горада Брэст-над-Бугам Сямёнам Сідарчуком). Асобную падзяку ўдзельнікі мерапрыемства выказваюць псіхолагу тэратарыянага цэнтра Вользе Рэбякеўша за арганізацыю вандроўкі, а таксама адміністрацыі Жабінкаўскага цукровага завода ў асобе яго генеральнага дырэктара Віктара Міронава за прадастаўлены транспарт, што дазволіла здзейсніць гэтае пазнавальнае падарожжа па родным краі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top