Уразіла беларуская гасціннасць

Уразіла беларуская гасціннасць

 

Для нас, студэнтаў з Туркменістана Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, была арганізавана экскурсія ў Дом народнай творчасці ў вёсцы Залуззе. Гаспадыня культурнай установы, яна ж дырэктар, Людміла Пышынская, цікава распавяла пра такія традыцыі беларусаў, як вырошчванне і апрацоўка льну, выпечка смачнага хлеба, ткацтва, культура сялянскага побыту.
Для нас былі цікавымі экспанаты, сабраныя на Жабінкаўшчыне, большасць з якіх – гэта рэчы ад продкаў жыхароў вёскі Залуззе. Калісь карысталіся імі ў паўсядзённым жыцці. Гэта плеценыя кошыкі розных памераў з лазы, прыстасаванні для абмалоту зерня (жорны) і ткацтва (кросны, пралкі, матавіла). Такія рэчы выкарыстоўваліся выключна ў хатняй гаспадарцы. Мы зразумелі, што жыццё беларусаў было цяжкім і, разам з тым, вельмі насычаным і прадуктыўным, бо амаль ўсё для жыцця сям’і рабілася сваімі сіламі.
Вялікая калекцыя святочнага і паўсядзённага ўбранства сялян, сабраная ў доме-музеі, з’яўляецца сапраўдным скарбам і вельмі ўразіла нас. Мы ўбачылі святочныя кашулі, зробленыя з высокаякаснага адбеленага кужалю і расшытыя прыгожым арнаментам, тканыя андаракі (спадніцы).
Таксама даведаліся пра даўнія вясельныя абрады беларусаў, да якіх адносяцца сватанне (знаёмства) маладых, заручыны, падрыхтоўка вясельнага каравая, яго дзяльба ў час вяселля. Дарэчы, мы знайшлі падабенства падрыхтоўкі і правядзення вяселля ў Туркменістане.
Нам пашчасціла дакрануцца не толькі да матэрыяльнай культурнай спадчыны цудоўнага беларускага краю, але і стаць ўдзельнікамі творчай праграмы фальклорнага калектыву “Багуслаўка”, які працуе ў гэтай установе. Удзельніцы калектыву і віртуёзны гарманіст праспявалі мноства беларускіх народных песень, запрасілі нас танцаваць, што выклікала ва ўсіх захапленне.
Мы, студэнты з Туркменістана, таксама далучыліся да цудоўнай сустрэчы і паказалі ўзбекскі народны танец “Лязгі” ў выкананні Мархабо Хаджаніязавай і аўтара артыкула. Батыр Гарягдыеў пранікнёна выканаў на акардэоне славуты паланэз М.Агінскага “Развітанне з Радзімай”, а таксама найграў туркменскія мелодыі.
У нас было жаданне прысутнічаць на гэтай імпрэзе як мага больш. Сапраўды, наш эмацыянальны настрой быў перапоўнены, калі наступнай часткай наведвання дома народнай творчасці сталі пачастункі ад гаспадынь. Такімі смачнымі стравамі нас ніколі яшчэ не частавалі. Дранікі, каўбаскі, таўканіца з бульбы, фаршыраваныя яйкі, кіслая капуста – смак гэтых страў застанецца надоўга. Мы таксама пачаставалі гаспадароў свята нашым нацыянальным хлебам (ляпёшкамі). Хлеб – гэта сімвал жыцця чалавека. Нам хочацца пажадаць доўгіх гадоў квітнеючага жыцця Беларусі і Жабінкаўшчыне.
Завяршылася экскурсія наведваннем Мемарыяльнай капліцы, усталяванай на месцы гібелі беларускіх, польскіх жаўнераў і расійскіх салдат на Крупчыцкім полі ў час паўстання пад караўніцтвам Т.Касцюшкі ў 1794 г. У Крупчыцах мы пабывалі таксама ў праваслаўнай царкве ў гонар роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, пабудаваную праз 100 год пасля Крупчыцкай бітвы. Яна мае гістарычнае значэнне і з’яўляецца помнікам культуры Беларусі. Вядома, што праваслаўныя цэрквы будаваліся ў тых месцах, дзе адбываліся значныя гістарычныя падзеі.
Мы атрымалі выдатную магчымасць зведаць беларускі край, пашырыць веды пра гісторыю, культурную спадчыну Беларусі. Асаблівую ўдзячнасць выказваем кіраўніку Дома народнай творчасці Людміле Пышынскай за тую справу, якую яна так шчыра робіць дзеля развіцця квітнеючай Беларусі.
Спадзяемся, што ў нас будзе яшчэ магчымасць наведаць Жабінкаўшчыну, а беларусаў запрашаем у гасцінны Туркменістан.
Агулджан Таганава, студэнтка гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Пушкіна.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top