Жыццё згубіў у дарожным здарэнні

А палове трэцяй ночы вадзіцель аўтамабіля “Мерседэс” Дзмітрый В., можа, задрамаў, але дапусціў сутыкненне сваёй машыны з МАЗам, які рухаўся ў тым жа напрамку. Пра такія выпадкі шафёры, жартуючы, кажуць: “Пацалаваліся машыны!” Хоць падобныя сутыкненні часта маюць цяжкія, часам трагічныя наступствы.
Вось і ў нас ад гэтага “пацалунка” вадзіцель МАЗа Павел Ш. атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні: шматлікія закрытыя пераломы і рваныя раны, а на Дзмітрыя В. узбуджана справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Памылкі на дарозе, на жаль, прыводзяць часам да трагедый. Так было і ў гэтым выпадку: кіроўца МАЗа праз колькі дзён пасля здарэння памёр у бальніцы…

Безадказнасць адказнай

Людміла П. працавала прадаўцом у магазіне вёскі Грабаўцы. Жанчына з’яўлялася матэрыяльна-адказнай асобай, а павяла сябе зусім безадказна. За няпоўныя два месяцы яна прысвоіла прадуктаў харчавання, якія належалі Брэсцкай міжраённай гандлёвай базе, на суму 600 рублёў.
Што ў бліжэйшы час чакае Людмілу? Адказ у судзе за злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мікалай, у хованкі з законам не гуляй!

11 красавіка 2017 года Мікалай П. быў асуджаны (частка 2 артыкул 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) на адзін год выпраўленчых работ з утрыманнем 10% заробку ў даход дзяржавы. Яму былі растлумачаны парадак і ўмовы адбыцця пакарання.
Мікалай працаваў паляводам у ААТ “Маціевічы”. Толькі ў чэрвені 2017 года дапусціў без уважлівых прычын сем нявыхадаў на працу. Так у гаспадарцы з’явіўся прыказ дырэктара №226, дзе Мікалаю П. была вынесена вымова. І ў Жабінкаўскім РАУС да вінаватага таксама была прыменена мера спагнання – вымова. Яму ізноў было вынесена афіцыйнае папярэджванне аб крымінальнай адказнасці за злоснае ўхіленне ад адбыцця пакарання.
Тым не менш, і сёлета Мікалай П. дапускаў нявыхады на працу, і цяпер прагульшчыка чакаюць артыкул 416 КК і пакаранне, намнога цяжэйшае, чым было вынесена летась.

Непаўнагадовы зладзюжка

Не, у шаснаццацігадовага Антона С. на гэты конт ёсць сваё меркаванне: ён упаўне дарослы малады чалавек, які можа і выпіць, а як трэба – дык і ўкрасці грошай на спіртное. Вось 9 мая, будучы на добрым падпітку, Антон тайком скраў з гандлёвага прылаўка 110 рублёў, ды ўсё ж няўдала, бо быў злоўлены, што называецца, за руку.
Цяпер яму па-даросламу давядзецца адказваць за злачынства па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

І п’яніца, і хуліган

Да Мікалая Ш., калі ён у стане алкагольнага ап’янення, лепей не падыходзь, бо мецьмеш шмат непрыемнасцей. А чаму не ён, дэбашыр і хуліган? А паспрабуйце!..
Вось нядаўна на вуліцы Свабоды ў ходзе затрымання супрацоўнікамі праваахоўных органаў п’янага хулігана ён праявіў такі спрыт і непавагу да людзей у пагонах, што зламаў аднаму міліцыянеру палец. Цяпер – справа даследуецца для перадачы ў суд, дзе Мікалаю Ш. будзе вынесены вердыкт за ягоныя дэбошы і непавінавенне людзям у форме.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top