МузЫка, спартсмен, выдатнік

МузЫка, спартсмен, выдатнік

Святлана БЯЛЯК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Жабінкаўская школа мастацтваў як пяшчотны садоўнік вырошчвае юныя таленты на музычным небасхіле. Сярод кагорты хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца ў сценах школы адчуваць музыку, прыгожа спяваць, танцаваць, маляваць, граць на музычных інструментах, вылучаецца трэцякласнік Кірыл Савянок. Ён у свае 10 гадоў стаў пераможцам ІІІ міжнароднага конкурсу юных музыкаў “Палескі агеньчык”! І гэта пры тым, што хлопчык усяго толькі тры гады займаецца ігрой на баяне.

Наталля Грэцкая, настаўніца Кірыла па класу баяна, лічыць, што ён – сапраўдны “алмазік” установы:
– Я вучу дзяцей “сябраваць” з інструментам амаль дзесяць гадоў. Аднак такога таленавітага, мэтанакіраванага, працавітага, з прыроджаным талентам вучня, сустракаю ўпершыню. Да конкурсу “Палескі агеньчык” мы пачалі рыхтавацца ў пачатку навучальнага года. Кірыл развучыў дзевяць твораў: “У свеце жывёл”, “Зайчыкі”, “Асляня”, “Тры парасяці”, “Элегія”, “Канікулы Баніфацыя”, “Летні дзень на Нарачы”, “Сядзіць камар на дубочку”, “Сюіта”. Праграма для трэцякласніка, скажу шчыра, вельмі складаная – яна разлічана хутчэй для старшакласнікаў музычнай школы. Аднак Кірыл годна справіўся з пастаўленай задачай. І на міжнародным конкурсе праявіў высокі выканаўчы ўзровень конкурснай праграмы. Журы ацэньвала музыкальнасць, гучнасць, разуменне вобразнага ўтрымання твораў, тэхнічныя дадзеныя кожнага ўдзельніка. Кірыл, малайчына, як сапраўдны артыст, амаль без хвалявання, бездакорна выканаў развучаныя творы. Журы (а былі прадстаўнікі з Расіі, Беларусі, Эстоніі, Славакіі, Польшчы, Германіі, Украіны, Францыі, Марока) хвалілі выступленне Кірыла і паставілі самыя высокія балы, што дазволіла яму стаць лаўрэатам конкурсу ў малодшай узроставай групе сярод 15 прэтэндэнтаў на перамогу.
Кірыл – гонар школы! Думаю, калі ён і захоча звязаць сваё жыццё з музыкай, у яго – вялікая будучыня.
Дарэчы, Кірыл Савянок з першых заняткаў у школе мастацтваў праявіў сваю адоранасць: яго з падрыхтоўчага класа літаральна праз тыдзень-другі перавялі ў першы клас, а ў другім класе стаў удзельнікам школьнага аркестра. А цяпер, у трэцім, лёгка выконвае праграму на ўзроўні пятага класа…
Таленавітаму хлопчыку цікава займацца музыкай. Ён любіць вечарамі ладзіць канцэрты – бярэ старэнькі дзедаў баян і грае заліхвацкія мелодыі для мамы з татам. Цяпер яны задумваюцца аб пакупцы для сыночка новага, больш прафесійнага баяна.
Аднак музыка – не адзінае захапленне Кірыла. Мудрыя бацькі дазваляюць яму спрабаваць свае сілы ў розных сферах жыцця.
У шэсць гадоў яны правялі Кірыла ў басейн ФАУ “Бадзёрасць”. Сынок хутка асвоіўся на вадзе і разам з любімым трэнерам Людмілай Гаўрылюк неаднойчы выязджаў на спаборніцтвы па плаванні ў іншыя гарады Беларусі. Аб спартыўных поспехах сведчыць цэлы стос грамат і дыпломаў. З апошніх перамог – другое месца вольным стылем на спаборніцтвах у Пружанах.
Паралельна з плаваннем Кірыл займаецца боксам у вопытнага трэнера Мікалая Грыгарука. Пасля трэніроўкі можа нацягнуць баксёрскія пяльчаткі і біць па грушы ў двары. Зусім нядаўна стаў пераможцам у сваёй узроставай групе на абласных спаборніцтвах. Спрабаваў займацца футболам і каратэ (у хлопчыка выдатна атрымлівалася), ды давялося растацца з імі, бо змяніліся трэнеры і час трэнеровак.
…Спартыўная, музычная, агульнаадукацыйная школы. Усюды гэты кемлівы і цікаўны хлапчук паспявае і мае дасягненні. Вучоба ў школе, як сказаў Кірыл, даецца лёгка. Падабаецца матэматыка, руская і англійская мовы. Дарэчы, у раённай алімпіядзе па замежнай мове заняў другое месца, шмат чытае. (Бегла чытаць і лічыць да сотні ён навучыўся яшчэ ў дзіцячым садзе, таму ў першы клас (хаця яму тады толькі-толькі споўнілася шэсць гадкоў) ішоў падрыхтаваным).
Нягледзячы на сваю загружанасць (працоўны дзень Кірыла распісаны літаральна па хвілінах, каб паспець ва ўсе тры школы і выканаць хатнія заданні), юнае дараванне знаходзіць час навесці парадак у сваім пакоі, пачытаць кніжку, пакатацца на веласіпедзе, пагуляць у камп’ютарныя гульні, пагля-дзець тэлевізар. Кірыл марыць, калі вырасце, стаць дырэктарам вялікага прадпрыемства.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top