Раман Левін: “Я ЗАЎЖДЫ Ў СОРАК ПЕРШЫМ…”

Раман Левін: “Я ЗАЎЖДЫ Ў СОРАК ПЕРШЫМ…”

І. Медальён пані Флорыі

Пачыналася дваццаць першае стагоддзе. Маладая Беларуская дзяржава імкнулася падтрымаць лепшыя савецкія традыцыі, адна з якіх сустракаць у Брэсцкай крэпасці-герой чарговую дату пачатку самай жудаснай вайны. Часта на мітынгу памяці бачылі невысокага чалавека з кучаравай, сівой галавою. Гэта быў пісьменнік Раман Левін, які жыў у Харкаве.
Сюды клікала яго памяць. У Брэсце ён меў нямала добрых сяброў, адным з іх быў галоўны бібліёграф абласной бібліятэкі імя М.Горкага Уладзімір Сухапар. У той год Валодзя даслаў адбітак раздзела з нядаўна выдадзенай у Маскве аўтабіяграфічнай аповесці “Хлопчык з гета” аб помніку на брацкай магіле ў Пятровічах, дзе сярод двухсот расстраляных яўрэяў была пахавана і Раманава маці. Мне давялося перакладаць раздзел для “Сельскай праўды”, а Ірына Жук адлюстравала абеліск на фота. Газету з публікацыяй Сухапар паслаў Левіну, і той, прыехаўшы ў Брэст, выказаў жаданне сустрэцца з намі.
У строга назначаны час мы былі ля брацкай магілы ў Пятровічах. Там чакалі звыш гадзіны, але ніхто не прыехаў. Толькі гадзіны праз дзве, як мы вярнуліся ў рэдакцыю, ля будынка спыніўся аўтамабіль, з якога выйшаў Левін. Ён папрасіў прабачэнне за сваё спазненне: сапсавалася машына, прыйшлося доўга рамантаваць. І пачаў расказваць пра сябе.
Сваё жыццё Раман Аляксандравіч падзяліў на дзве няроўныя часткі: на тое, што было да 22 чэрвеня 1941 года, і пасля. Ромка быў звычайным савецкім хлопчыкам, піянерам, які ў трыццаць дзявятым прыехаў з бацькамі ў Брэст. Старэйшыя працавалі, а ён вучыўся. Хлопчык паспеў скончыць тры класы і ў чэрвені знаходзіўся з іншымі школьнікамі ў піянерскім лагеры, што месціўся ля дзяржаўнай граніцы. З першымі выбухамі выхавацелі пасадзілі дзяцей на машыну і завезлі ў горад. Далей дарога на ўсход была адрэзана.
Застаўшыся ў акупіраваным Брэсце, Ромка рана спазнаў, што ён не проста хлопчык, а маленькі яўрэй, якога ў любы час можна беспакарана пакрыўдзіць, а то і забіць. Такі ж лёс чакаў і яго блізкіх, так што маці, якая лічыла, што дзе-небудзь у вёсцы ёй удасца ўратаваць дзяцей, урэшце вывезла іх з горада. Неўзабаве старэйшая Ромкава сястра працавала ў адным маёнтку, а ён з маці знайшлі прытулак у Пятровічах.
Смерць, аднак, ішла след у след за ўцекачамі. У той непагодлівы кастрычніцкі вечар, калі эсэсаўцы акружылі барак, у якім жылі людзі, што працавалі ў маёнтку, маці адразу ацаніла абстаноўку і загадала Раману схавацца пад нарамі. Са свайго сховішча ён пачуў апошнія журотныя маміны словы:
– Бывай, мой хлопчык!
Пазней у вершы “Пятровічы” ён напіша:

Калісьці тут карнікі не далічылі
Мяне аднаго, а двухсот расстралялі…

Раман Аляксандравіч паклапаціўся, каб на месцы пахавання тых двухсот няшчасных з’явіўся абеліск. Калі ж Раман Левін прыязджаў у Брэст, ён абавязкова наведваў магілу маці. А тады ён застаўся адзін-адзінюткі, бо сястра, якую ў хуткім часе чакаў мамін лёс, не магла ўратаваць брата.
Галодны і халодны, ён бадзяўся, баючыся трапіць на вочы паліцыі. І сапраўды, калі непадалёку ад Жабінкі хлопчыка запыніў паліцай, ён, акінуўшы паглядам з галавы да ног, сказаў: “Жыдзюк!” – і павёў у камендатуру. Ромку, канечне, чакаў расстрэл, але выручыла пані Флорыя Будзішэўская, выпрасіўшы ў начальніка паліцыі аддаць ёй хлопчыка, каб памагаў па гаспадарцы.
Жанчына зусім не збіралася ўзвальваць на Ромку ўсю працу ў доме. У пані Будзішэўскай падрастаў Мар’ян – Раманаў равеснік, і яна жадала, каб сын меў сапраўднага сябра. Сама ж пані Флорыя да яго адносілася гэтак жа, як да роднага дзіцяці, так што Ромка атрымаў пяшчоту і ласку, якіх не ведаў пасля смерці роднай маці. Хлопчык спаўна ацаніў гэта і ў хуткім часе называў пані Флорыю мамай.
А за некалькі дзён да вызвалення Жабінкі жанчына ледзь не сілком выштурхнула Ромку за парог. Праўда, не адправіла ў белы свет ні з чым: і хлеб паклала, каб хоць першы дзень не галадаў, а там добрыя людзі выручаць; і медальён з Мадоннай на шыю павесіла, каб аберагаў ад злога вока; і дарогу перахрысціла, каб лёгка ішлося. І ўсё-такі на душы ў хлопчыка было самотна ад таго, што ў хвіліну, калі да шчасця, здавалася, было рукой падаць, мама Флорыя як бы адмовілася ад яго.
Чаму здарылася такое, Левін не мог ведаць. Толькі праз гады дойдзе вестка аб тым, што яго прыёмную маму схапілі гітлераўцы і замардавалі за сувязь з партызанамі. Значыць, пані Будзішэўская ведала пра гэта і яшчэ раз уратавала яго ад смерці. З удзячнасцю ён напіша:

И совсем не верующий в Бога,
До сих пор храню я медальон
В память об исхоженных дорогах
И о той, кем был благословлён.

ІІ. Маленькі чалавек
з вялікім сэрцам

Пасля вайны бацька, вярнуўшыся з фронта, адшукаў Рому. Яны доўга жылі разам. Падлетак вучыўся і працаваў, асіліў некалькі прафесій: быў фрэзероўшчыкам на заводах, майстрам, загадчыкам клуба і інш. Памяняў шэраг адрасоў. Апошнім, і самым любімым, стаў горад Харкаў.
Але дзе б ні жыў, чым бы ні займаўся, заўжды з ім была памяць аб перажытым. Здавалася, яна не давала Раману Левіну спакою. Рана юнак выявіў уменне рыфмаваць, складаць вершы. І яны таксама аб гэтым:

Всю жизнь я пишу о войне,
Ребёнком её повидавший,
Как будто оплакивать павших
Судьбою назначено мне.

Пераломным у жыцці Рамана Левіна стаў 1957 год, як маскоўскі часопіс “Огонёк” надрукаваў нізку ягоных вершаў пра Брэст. Літаральна на наступны год у Харкаве выйшла першая паэтычная кніжка “Цена счастья”. Рамана Аляксандравіча прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР, ён вучыцца ў Літаратурным інстытуце імя М.Горкага ў Маскве.
У Харкаве, Кіеве і нават Маскве выходзяць адна за адной паэтычныя і празаічныя кнігі. Яны, па ацэнцы крытыкаў, з’яўляюцца справялівымі дакументамі часу, пра які расказвае аўтар.
Раман Левін меў пільную патрэбу ў сустрэчах з чытачамі. Сведка жудаснай пары, ён чытаў вершы, дзяліўся ўспамінамі. Пісьменнік выступаў не толькі ў сваёй краіне. Раман Аляксандравіч расказаў, што ў Германіі яму задалі пытанне, як ён, столькі перажыўшы, адносіцца да іх краіны і нямецкай нацыі. Пісьменнік заявіў, што ён ненавідзіць фашызм, а не Германію і немцаў, бо гэта не адно і тое ж.
Нямецкая газета, якая асвятляла сустрэчу, назвала рэпартаж “Маленькі чалавек з вялікім сэрцам”. Сапраўды, Левін шчупленькі, невысокага росту, а сэрца ў яго вялікае – сэрца, якое ўмее дараваць. Не забываў ён і пра сваю “польскую маму Флорыю”, якой прысвяціў аўтабіяграфічную аповесць “У Вас добрае сэрца, мадам…”
Раман Аляксандравіч Левін заўжды ўдзячны зямлі і людзям, якія ўратавалі яго, падлетка, у час ліхалецця. Ён заўсёды верны сваёй тэме. Напрыклад, верш “Маладзёжнае кафэ ў Брэсце” аўтар завяршае радкамі:

Мае нервы і час
У напрузе, як вершы,
Не сутулю плячэй між вясёлых людзей,
Хоць на гэтай зямлі
Я заўжды ў сорак першым, –
Сорак першы,
Трагічны,
Набатам гудзе.

Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Раман ЛЕВІН у Пятровічах каля магілы ахвяр фашызму.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top