Четырем мамам вручили свидетельства многодетных семей

Четырем мамам вручили свидетельства многодетных семей

Хай першым словам будзе “МАМА”

Сёння на Жабінкаўшчыне налічваецца 260 шматдзетных сем’яў, у якіх агорнуты бацькоўскім клопатам і падтрымкай дзяржавы звыш васьмі соцень дзетак. 14 кастрычніка яшчэ чатыры маці з райцэнтра, пасёлка Ленінскі, вёсак Курпічы і Сенькавічы атрымалі з рук намесніка старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк пасведчанні шматдзетных сем’яў.
У лёсах маладых жанчын шмат агульнага. Яны сапраўды маладыя (старэйшай толькі трыццаць). Кожная сёлета нарадзіла трэцяе дзіця, усе стварылі дружныя сем’і, дзе гаспадараць лад і каханне, дзе сыны і дочкі, бы кветкі, дагледжаныя, цягнуцца, як да сонца, да бацькоўскіх клапатлівых, працавітых рук.
Пра тое з пяшчотай згадвала А.С.Ануфрыюк, уручаючы пасведчанні і сувеніры ад раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Самыя дарагія для нас словы: жыццё і мама. Бо яна, ахоўніца наша ў жыцці, нараджае адчуванне абароненасці, трапяткой радасці і надзеі, — гаварыла Ала Сцяпанаўна. — Дай вам Бог, пабычыць шчасце сваіх дзяцей! Няхай дом ваш заўсёды напаўняецца святлом, цеплынёй, дзіцячымі галасамі.
Хочацца асобна сказаць колькі слоў пра кожную з чатырох маці, што прысутнічалі на свяце.
Пачнем з Алены Пятроўны Халіман. Сёння, у Пакроўскае свята, у жанчыны дзень нараджэння, а яе першаніца Анютка адсвяткавала свой напярэдадні! Мама — швачка ў спажывецкім таварыстве, захапляецца, як кажа, для душы, пляценнем з бісеру, вырошчваннем кветак, а яшчэ гадуе дзетак. У яе з мужам Раманам Аляксандравічам тры дачкі, акрамя Ганны, ёсць яшчэ Аляксандра, а сёлета, у апошні майскі дзень, прыйшла на свет і Дар’я.
У Ірыны Міхайлаўны (дарэчы, таксама швачкі) і Паўла Леанідавіча Юбко з Курпічаў таксама ёсць Дар’я і Аляксандра. А вясною (за колькі месяцаў да свайго 30-годдзя) мама зрабіла ўсім самы цудоўны падарунак — нарадзіла маленькага Глеба.
Не сама, а разам з малодшым Станіславам завітала на ўрачыстасць Алеся Мікалаеўна Дубовік з Сенькавічаў. У яе сям’і — выключна “мужчынскае царства”: акрамя мужа Аляксандра Уладзіміравіча, гадуюцца Данілка і Вадзік, а роўна месяц таму нарадзіўся і Стасік.
Таксама з верасня стала шматдзетнаю сям’я Наталлі Аляксандраўны і Ігара Генадзьевіча Шэдавых з пасёлка Ленінскі. Старэйшы, шасцігадовы Аляксандр — першакласнік, займаецца ў музычнай школе, а цяпер у яго стала клопатаў яшчэ болей: патрэбна бавіцца гуляцца з сястрычкамі — двухгадовай Анюткай і Настачкай, якой крышачку больш чым месяц.
Самы маленькі ўдзельнік ўрачыстасці Стасік мірна спаў на маміных руках. Дарослыя ўсміхаліся наўкола, зычылі яму шчасця і добрага жыцця. Ён пакуль не ведае слоў, аднак, калі пачне гаварыць, хочацца, каб першым яго словам было “мама”.

А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top