Люблю наш горад – утульны, зялёны. Хочацца падзяліцца сваімі думкамі наконт гарадскога парку. Ён змяніўся, стаў сапраўдным месцам адпачынку жабінкаўцаў – тут чыста, прыгожа, утульна. Асабліва вабіць гарадское возера, бо сёлета, як ніколі, яго аблюбавала стайка лебядзяў. Гэтых ганарлівых беласнежных птушак з радасцю прыходзяць пакарміць мамы з дзеткамі. Лебедзі ахвотна прымаюць пачастункі.
Азмрочвае прысутнасць у парку іншых птушак – шматлікіх варон. Яны – шумныя, гаманкія. Дый запэцкаць з вышыні гнязда вопратку прахожых могуць. Мо, ёсць спосаб іх “перасяліць” у менш люднае месца? Памятаю, ля кацельнай у мікрараёне паставілі гучнагаварыльнік з запісам галасоў драпежных птушак, які адпужваў варон. Мо, гэты прыём можна скарыстаць і ў парку?
І яшчэ. Многія дзеці, што жывуць у горадзе, з задавальненнем разглядваюць козачак, што пасвяцца ў парку, заходзяць і на стадыён.
Разумею, што стадыён – не выган для жывёл, і што гэта – недагляд гаспадароў. На ім дарослыя і дзеці гуляюць у футбол, малышы тупаюць па дарожках з бацькамі. Усё б нічога, толькі козы пакідаюць пасля сябе прадукты жыццядзейнасці, і цікаўная малеча спрабуе гэта падняць з зямлі, можа наступіць ножкамі. Застаецца непрыемнае ўражанне ад прагулкі. Заходзяць козы і на дзіцячую пляцоўку – ім там, зразумела, не месца. Няўжо няма спосабаў прымусіць гаспадароў выводзіць жывёлу на пашу ў адпаведнае месца?
Што яшчэ хочацца пажадаць? Хочацца бачыць у парку дзіцячыя атракцыёны, ларок з салодкімі напоямі, квасам, марожаным.
Святлана Д., жыхарка райцэнтра.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.