290-летие Свято-Покровского храма в Орепичах 14 октября

290-летие Свято-Покровского храма в Орепичах 14 октября

Званы адлічылі гады, а гісторыя — вякі

Прыгожы звон плыў над Арэпічамі 14 кастрычніка, калі мясцовы Свята-Пакроўскі храм урачыста святкаваў свае 290-ыя ўгодкі.
Трохі гісторыі

У першай чвэрці мінулага стагоддзя паводле запатрабаванняў польскіх уладаў мясцовы святар Міхаіл Мікалаевіч Калінін склаў кароткую даведку пра сваю царкву. Год пабудовы пазначыў 1721-ы. Тады арэпіцкія сяляне на сходзе вырашылі: храму быць! І хутка з дапамогаю тутэйшых майстроў ён узнёсся на ўскрайку вёскі. Прыход быў вялікі — звыш трох тысяч вернікаў. Доўгі час там захоўваліся метрычныя кнігі, куды ўпісвалі імёны дзяцей, народжаных на гэтай зямлі. І таленавітых выхадцаў з Арэпічаў ды блізкіх вёсак, паверце, было нямала: урачы і настаўнікі, шматлікія навукоўцы, генерал і воін-“афганец” праславілі гэты куточакЖабінкаўшчыны.
У ХІХ стагоддзі добрую памяць пакінуў пра сябе свяшчэннік Платон Іпалітавіч Кяскевіч, таксама нараджэнец Арэпічаў. Пасля адмены прыгоннага права ён паклапаціўся, каб у роднай вёсцы ўпершыню расчыніла дзверы сялянская школа, дзе святар выкладаў Закон Божы. А неўзабаве айцец Платон, шчыруючы на духоўнай ніве, пастараўся з дапамогаю архітэктара Херсонскага, каб і Свята-Пакроўская царква ў Арэпічах набыла належны выгляд. З тае пары і загучалі над вёскай царкоўныя званы з прыбудаванай двух’яруснай званіцы.
На Пакровы 1898 года прыход наведаў Брэсцкі епіскап Іакім Лявіцкі, які застаўся задаволеным, аглядаючы адноўлены храм.
Сённяшні святочны дзень

І вось з той падзеі праляцела-мінула звыш стагоддзя. Гэты час умясціў у сябе і войны, і рэвалюцыі, і нявер’е, што губілі целы, знявечвалі душы. Храм таксама пакутаваў, нібы жывая істота, таму ўзнікла патрэба ў новым рамонце. І вось вынік — добры прыклад клапатлівых адносінаў да роднай спадчыны.
Зноў, як і сотні гадоў таму, у Арэпічах святкуецца дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Па дарожцы да храма, усланай жывымі кветкамі, урачыста ў атачэнні святароў, крочыць епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Дарагога госця сустракаюць з хлебам-соллю Жабінкаўскі благачынны, настаяцель Уваскрасенскага сабору ў Кобрыне Уладзімір Карнялюк і прыхадскі свяшчэннік Андрэй Тачылін. Настаяцель выказвае радасць ад вялікага праваслаўнага свята, згадваючы пра юбілей Арэпіцкай царквы:
— За тыя 290 гадоў, калі на гэтым месцы на карысць прыхаджанам у славу Божую дзейнічае храм, шмат было бедаў. Але заўжды мы адчувалі, быццам знаходзімся пад Покрывам Божай Маці. Асабліва ў ваенны час, калі царква была моцна пашкоджана, але ж з дапамогай Заступніцы Нябеснай зноў адрадзілася.
Маленькі храм перапоўнены людзьмі. Усе яны прыйшлі падзяліць вялікую радасць, згадаць у час святочнай службы, якую праводзіў уладыка, сваіх родных, блізкіх, памаліцца за іх здароўе, а таксама за спачын тых, каго няма побач, паставіць свечкі.
А каб жыў храм, патрабаваліся людская вера і дапамога. Таму ганараваны 16 чалавек, што зрабілі значны ўнёсак у сённяшняе абнаўленне старажытнай царквы — цудоўнага драўлянага помніка беларускай архітэктуры XVIII стагоддзя. Сярод тых, хто за садзейнічанне ў святой справе атрымаў падзячныя лісты і памятныя падарункі, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” А.М.Будзько, старшыня СВК “Арэпічы” В.П.Гулько і яго намеснік В.Ф.Мядзведзь, начальнік аўтапарка ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” У.П.Сарока і галоўны ляснічы Пелішчанскага лясгасу А.У.Леванюк.
… Хросным ходам цячэ вакол Арэпіцкай Свята-Пакроўскай царквы людская рака. Так было вякі, так будзе, верыцца, заўсёды.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час царкоўных урачыстасцяў з нагоды 290-годдзя Свята-Пакроўскай царквы ў в.Арэпічы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top