Весела, гарэзна, з вялікай павагай і любоўю да дзяцей арганізавана работа ў летнім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Калейдаскоп”, які працуе пры ДУА “Жабінкаўскі цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі”.
Чаму з павагай? Таму што дырэктар лагера Алена Скрыпка і педагог-арганізатар Юлія Гарбуз падрыхтавалі такі цікавы план работы, што дзецям ні хвіліначкі няма для суму.
Пачнем з таго, што ў лагеры нават ёсць свой сцяг, прыдуманы яго дырэктарам і зроблены педагогам Святланай Постнікавай. Дзеці, што ходзяць на сняданкі і абеды ў сталовую трэцяй гарадской школы, ганарова нясуць гэты сцяг. Дэвіз лагера “Радасці мора, а суму – стоп!”.
Як праводзяць дзеці час у нашым лагеры?
У рамках Года малой радзімы арганізавалі вельмі цікавую і пазнавальную экскурсію па гораду з гісторыкам Анатолем Бензеруком.
Сустрэліся са старшым інспектарам Жабінкаўскага аддзялення ДАІ Уладзімірам Сарокай, правялі сустрэчу з супрацоўнікамі РАНС.
З’ездзілі ў веску Шчэбрын на канеферму. Прывезенымі з сабой яблыкамі пакармілі каней, убачылі, як трэба даглядаць іх. З захапленнем назіралі за выступленнем казакоў верхам на канях і з шаблямі ў руках. Многія дзеці выказалі жаданне займацца конным спортам.
Танцы, флэшмобы, рытмічныя гульні – вельмі задорна займацца ўсім у аб’яднанні “Вясёлыя рытмы”. А штодзённыя заняткі ў аб’яднаннях “Фларыстыка”, “Залатая саломка”, “Паслухмяныя вузельчыкі” дазваляюць развіваць творчыя здольнасці выхаванцаў. Выстава работ з кожным днём становіцца ўсе большай і большай.
А колькі ўжо гульнёвых праграм правялі! “Сонечны настрой”, “Спартыўна-аздараўленчыя забегі” і нават “Дзень бульбы”, а колькі яшчэ ўсяго наперадзе!
Застаецца пажадаць лагеру “Калейдаскоп” і яго выхаванцам далейшага вясёлага і здаровага адпачынку!
Галіна ІВАНОВА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.