Парады дактароў: пазбягайце ўкусаў камароў

Парады дактароў: пазбягайце ўкусаў камароў

Малярыя – вострае паразітарнае захворванне, якое характарызуецца перыядычнымі прыступамі ліхаманкі, павелічэннем печані і селязёнкі, анеміяй і рэцыдывіруючым працяканнем.

Штогод у свеце ад яе памірае звыш аднаго мільёна людзей. Нягледзячы на тое, што гэта пераважна трапічная інфекцыя, у Беларусі маюцца ўмовы для яе распаўсюджвання. Гэта абумоўлена завозам малярыі з іншых краін, наяўнасцю крыніцы (паразітаносьбіт), пераносчыка (камар), кліматычнымі ўмовамі і адсутнасцю імунітэту да малярыі.

Рэзервуарам і крыніцай інфекцыі з’яўляецца чалавек (хворы ці паразітаносьбіт) і самкі камароў роду Anopheles. Механізмы перадачы – трансмісіўны (праз укусы камароў) і парэнтэральны (праз заражаную кроў пры пераліванні і шпрыцавых ін’екцыях). Вядомы чатыры формы малярыі: трапічная, трохдзённая, чатырохдзённая і авале-малярыя (узбуджальнік мае авальную форму). Найбольш цяжкая – трапічная.

Першыя сімптомы малярыі неспецыфічныя. Яны адпавядаюць прадрамальнаму перыяду і праяўляюцца прыкметамі, характэрнымі для любога інфекцыйнага працэсу: агульнае недамаганне, выражаная слабасць, болі ў паясніцы, суставах і мышцах, невялікае павышэнне тэмпературы, зніжаны апетыт, галавакружэнне, галаўны боль. Гэта працягваецца 2-3 дні. Затым развіваецца характэрны ліхаманкавы прыступ, які ўключае тры стадыі: дрыжыкі, жар, пот. Тыповы прыступ малярыі пачынаецца дрыжыкамі. Канечнасці халодныя, кончык носа і губы сінюшныя. Дрыжыкі праз 30-40 хвілін, часам праз 2-3 гадзіны змяняюцца жарам. Тэмпература павышаецца да 40-41 градуса. Стан хворага пагаршаецца. З’яўляюцца трывога, задышка, моцны галаўны боль, галавакружэнне, боль у паясніцы, канечнасцях. Скура сухая, твар гіперэміраваны, язык абкладзены белым налётам. Пры пальпацыі адчуваюцца болі ў верхняй палове жывата. Праз 6-12 гадзін жар змяняецца потам. На фоне прыступаў павялічваюцца селязёнка, печань, развіваецца анемія, пакутуюць усе сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістая, нервовая, мочапалавая, крывятворная.

Для лячэння малярыі выкарыстоўваюць прэпараты, якія могуць папярэджваць, купіраваць прыступы і поўнасцю знішчыць узбуджальніка.

Для прафілактыкі неабходна пазбягаць укусаў камароў (выкарыстоўваць рэпеленты, ахоўныя сеткі для вокнаў і дзвярэй), пры неабходнасці праводзіць хіміяпрафілактыку малярыі (прыём антымалярыйных прэпаратаў).

Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-інфекцыяніст Жабінкаўскай ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top