Святыя заступнiкi Белай Русi

Святыя заступнiкi Белай Русi

 

Кожны год, у 3-ю Нядзелю пасля дня Святой Тройцы, Праваслаўная Царква шануе памяць святых, у зямлі беларускай прасіяўшых. У гэтым годзе менавіта 17 чэрвеня адбу-дзецца агульнацаркоўнае святкаванне памяці святых, якія сваім хрыстападобным жыццём асвяцілі нашу Белую Русь.

Іх імёны залатымі літарамі вызначаны ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і нашай Айчыны. Дзень асаблiвага шанавання беларускix святых быў усталяваны больш за 30 гадоў назад. Сабор усіх Беларускіх Святых складаецца сёння больш чым з 80 імёнаў, з іх каля 30 – імёны новапакутнікаў, якія пацярпелі за свае рэлігійныя перакананні і дзейнасць у ХХ стагоддзi.

Свяціцелі Кірыл Тураўскі, Міна, Сімяон i Дзіянісій Полацкія – нястомныя прапаведнікі.

Прападобныя Елісей Лаўрашэўскі, Марцін Тураўскі, прападобная Ефрасіння, ігуменія Полацкая сталі жывым сведчаннем праабражэння чалавечай прыроды ў Хрысце.

Для іх вера была даражэйшай за самое жыццё. Сабор святых Белай Русі – гэта і ёсць тая духоўная прызма, у якой канцэнтруецца Божае святло і праз якую яно трапляе да свядомасці народа.

У кожным куточку нашай Беларусі ёсць свае святыя, якія праславіліся сваім жыццём на “ніве Хрыстовай” у розныя часы. Для нас, нашчадкаў, святыя пакінулі ў спадчыну свой духоўны вопыт, шлях служэння, павучанні, рукапісы, кнігі. Заступнікам нашай Брэсцкай зямлі з’яўляецца прападобнамучанiк Афанасій Брэсцкі, які ўсё сваё жыццё прысвяціў барацьбе ў абарону Праваслаўя і зацвярджэння праваслаўнай веры на брэсцкай зямлі.

У Жабінкаўскім раёне будуюцца два храмы, прысвечаныя беларускім святым: свяціцелю Кірыле Тураўскаму – у Жабінцы і блажэннай Валянціне Мінскай – у аграгарадку Ракітніца. А гэта значыць, што памяць пра нашых святых продкаў жыве ў душах вернікаў.

17 чэрвеня, у дзень памяці Сабора ўсіх Беларускіх Святых, у храмах Жабінкаўскага раёна будуць здзяйсняцца святочныя багаслужэннi і хрэсныя хады. Для кожнага праваслаўнага храма на Беларусi гэты дзень асаблівы, можна сказаць, другое прастольнае свята.

Будзем малітоўна звяртацца да тых, каго Гасподзь даў нам у дапамогу і заступніцтва: “Усе святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас!”

Юлія ПЕТРУСЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top