Улюбёная ў медыцыну, спорт і кветкі

Улюбёная ў медыцыну, спорт і кветкі

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Сёлета ў жніўні споўніцца 15 гадоў, як Наталля Ткачук (у дзявоцтве Агеева) прыйшла працаваць у раённую бальніцу на пасаду медыцынскай сястры неўралагічнага аддзялення, на якой рупіцца і цяпер. На працягу гэтага часу застаецца верная не толькі прафесіі, але і захапленням. Абараняе гонар сваёй установы на спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, а яшчэ вырошчвае кветкі.

Захапляцца спортам Наташа пачала яшчэ ў школьныя гады. Спачатку быў піянербол, потым сур’ёзна займалася валейболам і лёгкай атлетыкай, некаторы час нават футболам. У будучым марыла стаць трэнерам, выхоўваць спартсменаў і рыхтаваць іх да спаборніцтваў. Таму пасля заканчэння трэцяй гарадской школы пайшла на падрыхтоўчае аддзяленне факультэта фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Калі ж год падрыхтоўкі падыходзіў да завяршэння і ўжо набліжаліся ўступныя экзамены, сваё важкае слова наконт будучай прафесіі ўнучкі сказала Наташына бабуля – Аляксандра Захараўна Булыгіна, якая яе выхоўвала. Яна хацела, каб дзяўчына выбрала медыцыну, прыводзіла аргументы ў яе карысць і лічыла, што гэтая сфера дзейнасці больш падыходзіць жаночай палове, чым трэнерства. Наталля не магла аслухацца бабулю: яе меркаванне заўсёды было аўтарытэтным, і ў 2001 годзе паступіла ў Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж на спецыяльнасць “Сястрынская справа”. Навучалася два гады. Заняткі падабаліся, цікавымі былі практыкі. Спартыўныя здольнасці дзяўчыны прыкмецілі і тут. Наташа ўваходзіла ў каманду каледжа па валейболе, у яе складзе абараняла гонар установы на разнастайных спаборніцтвах.
Палеская сталіца не прываблівала дзяўчыну, яна сумавала па Жабінцы і кожныя выхадныя ездзіла дадому. Таму пасля вучобы вярнулася ў родны горад і пачала сваю працоўную дзейнасць у раённай бальніцы.
Цёпла прынялі маладога спецыяліста старэйшыя калегі неўралагічнага аддзялення на чале з загадчыкам Галінай Іосіфаўнай Саковіч: падтрымлівалі, раілі, падказвалі.

Сваім настаўнікам Наталля Ткачук лічыць медыцынскую сястру Валянціну Міхайлаўну Саўчук, у якой за плячыма багаты прафесійны і жыццёвы вопыт. У яе шмат чаму навучылася і многае пераняла.
Год, калі Наталля пачала працаваць, запомніўся яшчэ адной знакавай падзеяй: яна выйшла замуж за жабінкаўца Дзмітрыя Ткачука. Яшчэ праз год у маладой сям’і нарадзіўся сынок Максімка. Цяпер ён зусім дарослы. Сёлета скончыў восем класаў, як і мама калісьці, займаецца валейболам, мае поспехі ў боксе.
Наталля лічыць, што ёй пашанцавала і з калектывам: ён дружны ды згуртаваны. У штодзённых працоўных буднях адчуваюцца разуменне і падтрымка калег. У абавязках Наталлі Ткачук – своечасовае і якаснае выкананне назначэнняў урача. Неабходна выдаць лекі, вымераць артэрыяльны ціск, правесці ўнутрымышачныя і ўнутрывенныя ін’екцыі, іншыя лячэбныя маніпуляцыі. Яна забяспечвае догляд за хворымі, асаблівую ўвагу надае тым пацыентам, якія перанеслі інсульт. Работу сваю любіць і не шкадуе, што калісьці збочыла з адной прафесійнай сцежкі на іншую.
Свайго ж захаплення спортам Наталля не пакінула і цяпер. Неаднойчы абараняла гонар раённай бальніцы на спаборніцтвах абласнога ўзроўню па валейболе, плаванні, лёгкай атлетыцы, якія ладзіліся сярод устаноў аховы здароўя Брэстчыны, займала прызавыя месцы. У 2016 годзе і сёлета стала пераможцай абласных спаборніцтваў па шматбор’і. У складзе каманды Брэсцкай вобласці прымала ўдзел у рэспубліканскіх гульнях па валейболе. Сёлета яны пройдуць з 6 па 9 ліпеня ў Бабруйску. Так што за нашу Наташу будзем трымаць кулачкі.
Мая гераіня паспяхова ўдзельнічае не толькі ў спартыўных спаборніцтвах, але і ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Летась была прызнана адной з лепшых медыцынскіх сясцёр вобласці – ёй прысудзілі ганаровае другое месца.
Ёсць яшчэ адно захапленне ў Наталлі – гэта кветкі. У іх патанае дом Ткачукоў, яны ўпрыгожваюць двор і радуюць вока рознакаляровымі фарбамі. А яшчэ тут многа туй-прыгажунь. У доме таксама шмат хатніх кветак. Гаспадыня любіць даглядаць іх, кажа, што ў такія хвіліны адпачывае і не заўважае, як бяжыць час.
Адданая прафесіі і верная сваім захапленням – такая яна, медыцынская сястра неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы Наталля Ткачук, якая ўпэўнена крочыць па жыцці і дорыць тым, хто побач, дабрыню, радасць і пазітыў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top