1 октября — День пожилых людей

1 октября — День пожилых людей

Так атрымалася, што з мерапрыемства “Восень нашага жыцця”, прымеркаванага да Дня пажылых людзей, мне давялося выходзіць разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і пачуць такія словы: “Цудоўна, прыгожа, канцэрт спадабаўся. І нашы дзядулі з бабулямі былі на вышыні”.
Не пагадзіцца з імі грэшна. У фае гарадскога Дома культуры раскінулася прыгожая выстава работ пажылых людзей, інвалідаў па зроку. Зробленае іх рукамі выпраменьвала багацце жыццёвага вопыту, цеплыню сэрцаў і мудрасць іх душаў. Захапіўся чароўнасцю і ўмельствам, відаць, кожны, хто хоць на хвіліначку затрымаўся каля дывановых вырабаў Марыі Усцінаўны Чопка, вышыванак Алены Пятроўны Валетавай, Марыі Міхайлаўны Грыцук, Ларысы Міхайлаўны Юхімук, Вольгі Сяргееўны Якімчук, вязаных джэмпераў, шалікаў Веры Васільеўны Бяловай і Надзеі Васільеўны Лысенка. Сапраўдным майстэрствам, творчымі знаходкамі вылучаліся работы з гліны маладых інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цікавасць выклікала і бяспройгрышная латарэя, дзе прапаноўваліся для розыгрышу гліняныя вырабы. Першымі сваё “шчасце” выпрабоўвалі намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк і начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама А.Ф.Селівонік. З іх лёгкай рукі сталі падыходзіць іншыя і, паверце, не расчараваліся ў выбары.
Лірычная, шчымлівая музыка запрашала ўсіх у залу, дзе пачыналася асноўная частка імпрэзы “Восень нашага жыцця”, арганізатарамі якой былі супрацоўнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мяне ніхто не аспрэчыць, калі я скажу, што атрымалася тактоўна, прыгожа, мудра, узнёсла. Найперш ад таго, што і работнікі культуры, і юныя артысты, і, канечне, вядучыя з душой аднесліся да віноўнікаў урачыстасці, працавітых, адданых сям’і, дзецям, унукам, роднай зямлі, загартаваных у цяжкіх выпрабаваннях. Прыемна, што большасць працоўных калектываў ушаноўвала тут сваіх ветэранаў. Але аб усім папарадку.
У жыцці кожнага з нас, як і ў прыродзе ёсць чатыры пары года: зіма — беласнежнае дзяцінства, вясна — гаварлівае юнацтва, лета — буйны росквіт сіл і залатая восень — багатая і мудрая. У гэты цудоўны сонечны дзень віталі тых, у жыцці якіх чаруе восень. З віншавальным словам да жабінкаўцаў звярнуўся старшыня райвыканкама М.В.Токар. Ён пажадаў кожнаму жыць у сям’і, адчуваць штодня ўтульнасць, клапатлівасць і ўважлівасць дзяцей і ўнукаў да сваіх матуляў і бабуляў, скроні якіх пасерабрыла павуцінка і заўважыў, што прыемна бачыць творчыя работы паважаных пенсіянераў, якія свае навыкі ўмела перадаюць малодшым жыхарам раёна і пажадаў здароўя, радасці ў дзецях і ўнуках, а таксама надалей прыносіць карысць грамадству.
Пад гукі цудоўных мелодый на сцэну выходзяць сямейныя пары, у якіх цяпло сэрцаў, мудрасць вось ужо 50 гадоў сагравае не толькі іх саміх, але і ўсіх, хто побач з імі. Соф’я Іосіфаўна і Канстанцін Баляслававіч Урбаны, якія былі ў вытокаў выпуску белых крышталікаў на цукровым заводзе, Вольга Васільеўна і Рыгор Васільевіч Хомічы, агульны стаж якіх у цукраварнай галіне 55 гадоў; Зінаіда Цімафееўна Якімовіч адна (яе Сцяпан Навумавіч захварэў) — усё жыццё гэтыя цудоўныя людзі выхоўвалі хлопчыкаў і дзяўчынак у другой гарадской школе; Ганна Іванаўна і Сцяпан Еўдакімавіч Пташнікі, хто рупліва працаваў на зямлі, неаднойчы ўзнагароджваўся за сваю самаадданасць і сумленнасць і выгадаваў двух дзяцей, якія падаравалі ім пяцёра ўнукаў. Залатым юбілярам цёплыя словы пажаданняў гаварылі і ўручылі падарункі старшыні прафкама ААТ “Жабінкаўскі цукровы звод” Ірына Якубук і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан, старшыня Азяцкага сельвыканкама Ганна Шкарупа.
Дажыць да дзевяноста — гэта, вядома, няпроста. А вось Міхаіл Данілавіч Яроцкі 22 верасня адсвяткаваў свой 90-гадовы юбілей, дый яшчэ сябе адчувае здорава. Асаблівыя словы доўгажыхару сказала на свяце старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Ракітніца” Марына Ахматава.
Залатая восень з усімі яе цудоўнымі дарункамі незабыўная, так і жыццё чалавека багатае на падзеі, набыткі, сустрэчы з цікавым. Вікторыя Анатольеўна Ліс прывіла любоў да замежнай мовы сотням і сотням юнакоў і дзяўчат, многія з якіх абралі прафесію свайго педагога, кавалера ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Добра памятаю той час, калі Валянціна Нічыпараўна Шульжык працавала галоўным эканамістам на камбікормавым заводзе і любую лічбу аб развіцці вытворчасці магла пракаменціраваць журналістам, а імя транспарцёршчыцы гэтага прадпрыемства Веры Міхайлаўны Бародзіч не сыходзіла са старонак газеты як перадавіка вытворчасці. Яны і многія іншыя ўшаноўваліся на гэтым свяце, таму што пакінулі ў жыцці сваіх працоўных калектываў незабыўны след сумленнай працай, а многія, нягледзячы на срэбра ля віскоў і маршчынкі-павуцінкі на тварах, працуюць, актыўныя ў грамадскім жыцці, таленавітыя ў народнай творчасці. Усім ім знайшлося на свяце нямала прыемных слоў і падарункаў, у тым ліку і музычных.
Заключным акордам урачыстасці было выступленне хору ветэранаў “Тонус”, якое падсумавала пачутае і ўбачанае: людзі старэйшага пакалення маюць залатыя рукі і добрыя сэрцы, яны мудрыя і таленавітыя.

Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top