Дзiцячай студыi юны ўзрост

Дзiцячай студыi юны ўзрост

 

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Студыя развіцця “Вецер перамен” адсвяткавала свой дзень нараджэння. Вось ужо тры гады на другі паверх цукразаводскага клуба ва ўтульныя пакоі амаль штодня збіраюцца юныя жабінкаўцы, каб вучыцца правільна вымаўляць гукі, чытаць, маляваць, тварыць, размаўляць на замежнай мове, раскрываць свае таленты ў тэатральных пастаноўках, рыхтавацца да школы. Іх бацькам таксама цікава ў студыі развіцця – яны маюць магчымасць удзельнічаць у самых розных трэнінгах, вырашаць з дапамогай вопытных псіхолагаў свае, здавалася б, невырашальныя праблемы.

Таму не дзіва, што на трэці дзень нараджэння студыі развіцця “Вецер перамен” сабралася вельмі многа гасцей – юных наведвальнікаў і іх бацькоў, а таксама спецыялісты, якія праводзілі майстар-класы.
Іна Мартынюк, гаспадыня студыі і псіхатэрапеўт, адкрываючы сапраўднае свята, з дапамогай відэапрэзентацыі нагадала, які шлях прайшла студыя з пачатку свайго адкрыцця. Нягледзячы на зусім юны ўзрост, тут было зроблена нямала. Падчас прэзентацыі былі разыграны абанементы са скідкамі на трэнінгі для падлеткаў і дарослых, а для дзяцей – на наведванне заняткаў па правапалушарным маляванні і інш.
Пасля прэзентацыі работы студыі на сцэну падняліся выпускнікі, якія паспяхова прайшлі курс падрыхтоўкі да школы. Іх змянілі выхаванцы студыі замежнай мовы – яны паказалі спектакль на англійскай мове “Чыпаліна”. Затым на сцэне з’явіліся дзеці, што займаюцца ў тэатральнай студыі. Юныя артысты, пераапранутыя ў фіксікаў, стварылі сапраўднае шоу “Выратавальнікі часу”, спявалі і гулялі з гледачамі, “рамантавалі” гадзіннік і, нарэшце, выкацілі на сцэну велізарны торт з ілюмінацыяй. Не толькі юным артыстам, але і ўсім маленькім у зале хапіла салодкага пачастунку!
Затым святкаванне дня нараджэння студыі перамясцілася ў хол і другі паверх клуба. Малышы з задавальненнем бавіліся з аніматарамі, частаваліся кексамі і тортам, гулялі ў бяспройгрышную латарэю. Госць свята – Юлія Жук – праводзіла ўсім жадаючым па адбітках пальцаў біарэзананснае сканіраванне арганізму на інтэлектуальным сканеры. Многія бацькі з задавальненнем скарысталіся магчымасцю даведацца, якія творчыя, спартыўныя, разумовыя задаткі ёсць у дзяцей. У танцавальнай зале Ігар Пшэднік праводзіў майстар-клас вядзення актыўных медытацый Ошо. Таксама ладзіліся майстар-класы па падрыхтоўцы дзетак да школы па методыцы Зайцава і правапалушарным маляванні. Было весела і цікава ўсім, хто прыйшоў у клуб!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top