Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Для Галіны Андрэеўны Бабярук (у дзявоцтве – Левічавай) мінулае прыцягальнае, бы магніт. Памяць для жанчыны ёсць компас, які паказвае арыенцір у будучыню. Не так даўно яна завітала з роднага Арла на некалькі дзён у Жабінку, дзе жыве шматлікая мужава радня. Сярод многіх заняткаў, якімі была насычана паездка ў Беларусь, мо найгалоўнейшы – высветліць лёс загінулых у вайну сваякоў.
У якога святога спытацца імя?
(Замест уступу)
НЯХАЙ АДРАЗУ не ўводзіць у зман назва: размова пойдзе зусім не пра папулярнае зімовае свята, што прыйшло да нас з Захаду ды апошнім часам моцна замацавалася ў календары. Гэта гісторыя сягае, на жаль, не ў святочныя часы, у ёй – лёс толькі адной сям’і, пацярпелай ад карнікаў у гады Вялікай Айчыннай на берасцейскай зямлі.
Галіна Бабярук, чалавек веруючы, нярэдка бывае ў храмах, дзе ставіць свечкі на добрую памяць. У напамін пра родных ёй людзей пакідае і памінальныя па іх запіскі. Раней, згадваючы падзеі тых “саракавых агнявых”, Галіна Андрэеўна пісала на паперцы: Варвара і Валянцін. Цяпер, паразважаўшы крыху, дадае ў спіс і трэцяе імя – Валянціна. Бо ўзніклі сумненні…
Пачатак пошуку
У ЗНАКАМІТАЙ ПЕСНІ, прысвечанай ваеннай пары, ёсць радок: “Што было не са мною – помню”. З ім нібыта пераклікаліся словы Галіны Андрэеўны, з якіх яна пачала свой расповед:
– Канечне, лічыць мяне сведкай падзей нельга, распавядаю пра іх з бацькавых успамінаў. А вось ён сустрэўся з вайной твар у твар ужо ў першыя яе імгненні. Шмат страціў падчас яе, у тым ліку самых дарагіх людзей…
Галіна Андрэеўна адчувае патрэбу расказаць пра тых, хто знайшоў свой апошні спачын пад мармуровымі плітамі. Таму дадае, ледзь стрымліваючы эмоцыі:
– Але ж настолькі тэма для мяне хвалюючая, настолькі блізка тычыцца родных лю-
дзей, што знайшла час і сілы, каб адолець вёрсты ды пакланіцца магіле…
Ужо некалькі гадоў, як жанчына пачала пошук, які не завершаны дасюль. Ён прывёў на захад Беларусі, у Брэст і наш горад, да магілы, у якой знайшлі свой апошні спачын ахвяры вайны.
Пахаванне месціцца зусім не далёка ад Жабінкі, у суседнім Брэцкім раёне паміж вёскамі Падлессе Радваніцкае і Херма (да слова, у тыя ваенныя часы, пра якія пойдзе гаворка, гэтыя землі былі ў скла-дзе Жабінкаўскага раёна, які ўключаў, між іншым, і Франопаль з Радванічамі).
На заходнім рубяжы
РОДНЫ ЯЕ БАЦЬКА Андрэй Піліпавіч Левічаў патрапіў на заходнія рубяжы неабсяжнай Савецкай краіны векапомнай восенню трыццаць дзявятага.
Годам раней ён, равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі (на свет прыйшоў у кастрычніку 1917-га), быў прызваны ў Чырвоную Армію. Паколькі паходзіў з вёскі Дзяч’е, што на Арлоўшчыне, дык і быў залічаны ў 6-ю Арлоўска-Хінганскую дывізію. Яе байцы вызначыліся ў вызваленчым паходзе ў верасні 1939 года па Беларусі. Дывізія здзейсніла бесперапынны баявы марш з усходу на захад, адолеўшы амаль паўтысячы кіламетраў, спынілася толькі паблізу Варшавы.
Калі адгучалі апошнія выстралы гэтай вайны, арлоўцы вярнуліся на ўсходні бераг Буга, на месца, вызначанае для пастаяннай дыслакацыі. Гэткім чынам Андрэй Левічаў разам з аднапалчанамі патрапіў у Брэсцкі гарнізон. Шматлікія падраздзяленні дывізіі апынуліся не толькі ў знакамітай крэпасці, але сканцэнтраваліся і ў раёнах на поўнач ад ракі Мухавец (у тым ліку Жабінкаўскім), прыступілі да аховы дзяржаўнай мяжы.
Старшына Левічаў стаў тэхнікам-інтэндантам 2 ранга. За добрую службу ў жніўні – верасні 1940 года ён атрымаў водпуск. Паехаў на пабыўку, вядома ж, у родныя арлоўскія мясціны. Там сустрэў Варвару Іванцаву. Дзяўчына паходзіла з суседняй вёскі, была мала-дзейшаю на сем гадоў.
Час быў неспакойны, уся краіна жыла прадчуваннямі ваенных навальніц, бліскавіцы ўжо былі бачныя з захаду… У многіх на вуснах было слова “вайна”. Таму не было часу адкладваць важнае рашэнне. Калі малады салдат паклікаў спачатку пад вянец, а затым да месца службы, Варвара згадзілася без ваганняў. У Брэст вярталіся сямейнай парай.
Першы дзень – для многіх апошні
СВЕТ СКАЛЫХНУЎСЯ ад выбухаў. Для Арлоўска-Хінганскай дывізіі вайна пачалася нават не проста ў першы дзень – у першую яе хвіліну, а чацвёртай гадзіне раніцы 22 чэрвеня. Страты былі каласальныя і ў жывой сіле, і ў тэхніцы, і ў зброі.
Усе страі ды планы парушыліся, пачалося хаатычнае адступленне. Асноўныя сілы дывізіі да завяршэння першага дня вайны адышлі да Федзькавічаў, другая значная група атабарылася на поўнач ад Жабінкі, трэцяя, таксама губляючы байцоў, выйшла да Радванічаў. Аднак нават тыя, хто вырваўся з Брэста і імкнуўся злучыцца з асноўнымі сіламі Чырвонай Арміі, гінулі тысячамі (5 ліпеня ў падраздзяленні, якое налічвала раней звыш васьмі тысяч байцоў, засталося толькі 350 чалавек).
Не менш трагічна склаўся лёс чырвонаармейцаў і камандзіраў 6-й Арлоўска-Хінганскай дывізіі, што не змаглі выйсці з баямі з горада над Бугам і засталіся ў цытадэлі. Тут яны змагаліся з вялікай адвагай, пакрылі сябе славай, яшчэ амаль месяц трымаючы абарону ў сутоцы Заходняга Буга і Мухаўца. Значная іх колькасць пахавана пад плітамі легендарнага мемарыяла – аднаго з найбольш значных помнікаў беларускай вайсковай гісторыі.
Вайна-разлучніца
ТЫМ АГНЯВЫМ РАНКАМ назаўсёды разлучыліся і Левічавы. Андрэй Піліпавіч застаўся ў крэпасці. Праз ты-дзень, паранены, апынуўся ў палоне. Варвара Іванаўна, якая чакала нараджэння дзіцяці, далучылася да іншых жонак чырвонаармейцаў, яны схаваліся ў афіцэрскім клубе.
Да канца лета акупанты не чапалі так званых “усходнікаў”. У жніўні сорак першага пачалі патрабаваць ад кожнага прайсці рэгістрацыю і атрымаць новыя дакументы. Пад выглядам гэтай адміністрацыйнай “працэдуры” нярэдка хаваўся намер выявіць, а затым знішчыць мірных грамадзян. У ліку прадстаўнікоў сем’яў ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона Варвара Левічава патрапіла ў рукі фашыстаў, а затым была забіта і пахавана ў агульнай магіле. У асноўным ахвярамі сталі жанчыны з малалетнімі дзецьмі: 74 чалавекі, з якіх вядомы пайменна толькі тры дзясяткі. Сярод доўгага спісу забітых паблізу Падлесся Радваніцкага значыцца і Варвара Левічава, прычым не адна, а з дзіцём…
Пасля вайны Андрэй Піліпавіч, перажыўшы ўсе пакуты палону, вярнуўся дамоў, стварыў новую сям’ю. Ён не ведаў падрабязнасці лёсу сваёй першай жонкі, не ведаў і пра тое, што яна паспела нарадзіць дзіця, якое пражыло зусім не шмат на белым свеце.
Сённяшняя госця з Арла Галіна Андрэеўна Бабярук згадвае:
– Аднойчы, ужо пасля вайны, бацьку адшукаў ліст ад жыхаркі Краснадара Васільевай, жонкі аднавайскоўца, з кім разам былі ў крэпасці. Жанчыне пашчасціла выратавацца ад кары летам 1941-га, цяпер яна пісала: “Андрэйка, у цябе нарадзілася дачка…” Раней мы лічылі, што Варвара Іванаўна нарадзіла сына. У 1969 або 1970 годзе тата з’ездзіў на сціплы помнічак, упрыгожаны чырвонай зоркай (сёння паўстала стэла – памятка з часоў вайны моцна перароблена, папрыгажэла ды выглядае больш сучасна). У 2010-м бацька памёр. Мне быццам перадалася ад яго прага да пошуку, каб высветліць усё ж нарэшце, чые астанкі ляжаць у магіле разам з Варварай Левічавай: Валянціна ці Валянціны, брат у мяне быў ці сястра? Звярталася да супрацоўнікаў музея Брэсцкай крэпасці, абяцалі пасадзейнічаць. А я пакуль стаўлю свечкі ў памяць і Валянціна, і Валянціны. Няхай усе святыя душы нявіннай памагаюць…
На здымку: мноства імёнаў, выбітых у Брэсцкай крэпасці-героі, увекавечылі камандзіраў і байцоў 6-й Арлоўска-Хінганскай дывізіі, што першымі прынялі баі ўлетку 41-га.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%