Учительское совещание в Жабинке

Учительское совещание в Жабинке

Жнівеньская настаўніцкая нарада традыцыйна падвяла вынікі мінулага навучальнага года і паставіла задачы на новы, вызначаючы накірункі, якімі крочыць далей настаўніцкай сябрыне. У яе складзе — 633 педагогі, большасць з вышэйшай і I-ай кваліфікацыйнай катэгорыямі.
НЕ САКРЭТ, сучаснаму грамадству патрэбны асобы творчыя, адказныя, ініцыятыўныя і прадпрымальныя, здольныя самастойна прымаць рашэнні. Цешыць, што нямала педагогаў раёна не толькі вызначаюцца гэтым, але й здольныя іх на высокім узроўні перадаваць вучням.

Таму найбольш урачыстым момантам мерапрыемства стала ўручэнне ўзнагарод лепшым. Гэта людзі, што не ўяўляюць свайго лёсу без дзяцей, штодзённа адчуваюць радасць, калі дораць часцінкі сардэчнай цеплыні, перажываючы, нібыта свае, і поспехі, і няўдачы сваіх вучняў. Першым, каб атрымаць грамату з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюка, на сцэну ўзняўся дырэктар Крыўлянскай СШ А.І.Казюра. Сярод тых, хто адзначаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама, — настаўніцы першай і другой гарадскіх школ С.У.Арэхава, М.І.Грышан, Л.М.Шэйка, кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №3 г.Жабінка А.І.Кадлубовіч, намеснік дырэктара ў вучэбнай рабоце Н.У.Крупко. Граматамі раённага выканаўчага камітэта адзначана праца дырэктара Ленінскай СШ А.В.Давідзюк, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3 Л.П.Пшанай, і кіраўніка гуртка ў раённым цэнтры пазашкольнай работы Н.М.Уласюк, Пісьмамі падзякі — настаўніцы пачатковых класаў Якаўчыцкай СШ Г.А.Дэйнак, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №3 Т.Л.Арабейка і настаўніка аўтатранспартнай справы Жабінкаўскага НВК У.В.Даманскага. За шматгадовую дабрасумленную працу на педагагічнай ніве цэлы шэраг педагогаў і выхавацеляў раёна былі ўганараваны граматамі аддзела адукацыі. Усхваляваныя ўзнімаліся на сцэну Т.В.Маеўская, Г.І.Кадоліч, С.У.Дарафеева, С.В.Пятручык, Л.С.Кузнец, А.М.Клундук, А.У.Клімчук, Н.Я.Бабінец, М.М.Лаўрысюк, С.П.Алехнік, В.А.Сцепаненка, М.І.Кароль, Н.Я.Аніскевіч.
ПОБАЧ з вопытнымі настаўнікамі — маладыя. Сёлета навучальныя ўстановы папоўніліся 13 новымі педагогамі. Як патрабуе наш хуткасны час, яны гараць новымі ідэямі, узброены навыкамі (пакуль, праўда, яшчэ тэарэтычнымі). Надзвычай хутка маладым ісці ў класы, каб на практыцы пацвярджаць веды, атрыманыя ў ВНУ. А пакуль іх шлях — на сцэну ГДК, дзе пад урачыстыя музычныя гукі і апладысменты сустракалі калегі маладое папаўненне. Іх віталі прызёр абласнога конкурсу “Педагог-выхавальнік года”, настаўніца пачатковых класаў СШ №1 І.А.Панфіла і старшыня прафкама адукацыі і навукі Н.М.Урбан. Ад імя маладых слова трымала Аксана Мамановіч, якая запэўніла: “з чыстымі думкамі, сумленнем і радасцю далучаемся мы, маладыя педагогі, да высакароднай, запатрабаванай прафесіі, якая стала для нас прызваннем.
НА НАСТАЎНІЦКАЙ нарадзе быў заслуханы і абмеркаваны даклад начальніка аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік, у якім грунтоўна прааналізавана работа навучальных устаноў раёна, скіраваная на стварэнне якаснага адукацыйнага працэсу, умацаванне дзіцячага здароўя, прафілактыку сацыяльнага сіроцтва і правапарушэнняў сярод моладзі, развіццё платных адукацыйных паслуг, інш. На канферэнцыі выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк і намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк. У абмеркаванні даклада гучалі думкі, як ўзняць аўтарытэт настаўніцтва, адаптаваць дзяцей у сённяшнім эканамічным асяроддзі, захаваць іх прагу да ведаў, здароўе, зрабіць усё магчымае, каб творчасць і інавацыі, ініцыятыва і прадпрымальнасць павышалі якасць адукацыі на Жабінкаўшчыне. Дзеля гэтага робіцца шмат. У кожнай установе створаны камфортныя ўмовы для навучання і выхавання. На іх рамонт з мясцовага бюджэту выдаткавана звыш мільярда рублёў, на абнаўленне і папаўненне вучэбна-матэрыяльнай базы — каля 600 мільёнаў.
Вучыцца, каб вучыць.
Пра тое ўвесь час клапоццяцца нашы настаўнікі. Сёлета на суд калег яны прадставілі больш за 60 адкрытых урокаў, выдалі 26 метадычных зборнікаў, абагулены вопыт 12 педагогаў. На працягу года здзяйснялася падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У абласных, рэспубліканскіх семінарах паўдзельнічалі звыш 200 настаўнікаў і выхавацеляў раёна. Традыцыйна ладзіліся навукова-практычныя канферэнцыі, агляды-конкурсы, майстар-класы, метадычныя фестывалі, у тым ліку праведзена чатыры абласныя семінары на базе нашага раёна.
У мінулым навучальным годзе калектыў ДУА “Ліцэй г.Жабінка” завяршыў работу над інавацыйным праектам рэспубліканскага ўзроўню “Укараненне мадэлі рэалізацыі перамнасці ў адукацыйнай сістэме “ўрок — факультатыўны занятак”, які дазволіў павысіць устойлівасць ведаў і навыкаў навучэнцаў. Працягваецца работа над праектамі ў Ленінскай СШ і СШ №3, дзе сістэматызуюцца вынікі вучэбнай дзейнасці, умацоўваецца інфарматызацыя, прыкметна павялічылася колькасць настаўнікаў, што карыстаюцца на занятках найноўшымі тэхналогіямі. Увогуле ў 17 установах адукацыі (у тым ліку сямі дзіцячых садах) працуюць інавацыйныя праекты. Асноўны змест іх скіраваны на выхаванне. Напрыклад, дашкольныя ўстановы звяртаюць увагу на эканамічныя веды, пясочную гульнетэрапію, асновы бяспечнай жыццядзейнасці.
Сваю эрудыцыю і творчасць настаўнікі неаднойчы пацвярджалі на конкурсах прафесійнага майстэрства. Між іншым, “Педагогам года-2011” стала кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада №4 Н.В.Максімчук, а настаўніца абслуговай працы трэцяй гарадской школы Г.Я.Кулагіна — фіналісткай абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.
Дашкалятам хутка за парту.
Своечасовыя меры, прынятыя ў навучальным годзе, дазволілі прыкметна (з 76 амаль да 87 адсоткаў) павялічыць колькасць дзяцей, ахопленых дашкольнай адукацыяй. Забяспечанасць дзяцей месцамі ў дошкольных установах Жабінкаўшчыны 90,7%, пры нарматыве 85%. Тры садзікі маюць паглыбленую фізкультурна-аздараўляльную скіраванасць, у двух існуюць лагапедычныя групы, у трох — санаторныя, у адным — інтэграваная. Становіцца больш гурткоў, што аказваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі. Усе без выключэння пяцігадовыя дзеці праходзяць падрыхтоўку да школы.
У кожных яслях-садзе рэалізуецца комплексны падыход да аховы здароўя праз розныя тэхналогіі і фізкультурныя мерапрыемствы, у тым ліку праводзіцца загартоўка малых, фарміруюцца навыкі здаровага ладу жыцця. У дзіцячых садзіках, дзе працавалі профільныя летнікі, аздаравілася звыш 200 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У выніку — у раёне адносна нізкі паказчык захворвання сярод дзяцей (у сярэднім 6,4 дні, прапушчаных адным выхаванцам з-за хваробы, што амаль у два разы радзей, чым у вобласці).
Факультатывы — крок для паступлення.
У мінулым годзе вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні праз факультатыўныя заняткі склала 78,2% ад агульнай колькасці школьнікаў. Выпускнікі выбіралі факультатывы, карысныя для паступлення ў ВНУ. Сёння такія заняткі, што спрыяюць развіццю пазнавальнай і матывацыйнай сфераў у вучэбнай дзейнасці, — яскравая магчымасць ведаць прадметы на павышаным узроўні. Таму патрабуецца, асабліва ў вясковых школах, прыкметна палепшыць якасць іх правядзення. (Сёлета ў ВНУ паступілі толькі 27% выпускнікоў з сяла).
Якасць ведаў — першачарговая.
Кваліфікаваных і творчых настаўнікаў на Жабінкаўшчыне шмат. Дзякуючы іх прафесійнай кампетэнцыі, ініцыятыве і адказнасці за вынікі сваёй дзейнасці ў мінулым навучальным годзе якасць ведаў у шэрагу прадметаў мела станоўчую дынаміку. Пра тое сведчаць вынікі атэстацыі, цэнтралізаванага тэсціравання, паступлення ў ВНУ. Так, сярэдні бал па прадметах у цэлым па раёне склаў 6,4, а ў пачатковай ступені — 6,7 балаў. 7 выпускнікоў СШ №1, СШ №3 г.Жабінка і Ленінскай адзінаццацігодкі атрымалі залатыя медалі, 52 — лісты падзякі. На ўзроўні базавай адукацыі 6 навучэнцаў другой і трэцяй гарадскіх школ, Ракітніцкай, Ленінскай, Азяцкай СШ і Старасельскай БШ мелі пасведчанні з адзнакай.
Паводле папярэдніх дадзеных у вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла 44% выпускнікоў.
Прыкметна развіваўся алімпіядны рух, у якім паўдзельнічалі 225 вучняў (85 адзначаны дыпломамі).
Каманду раёна на абласным узроўні склалі 28 навучэнцаў. (11 сталі дыпламантамі 2-й і 3-й ступеняў, 4 ўзнагароджаны Падзячнымі водгукамі). Сярод удзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ліцэіст Аляксей Лось і Дар’я Даманская з трэцяй гарадской школы мелі дыпломы II ступені, а Юлія Яканюк адзначана Падзячным водгукам.
Надзейнасць ведаў і навыкаў правяралася ў конкурсах “Зубраня”, “Жураўлік”, “Кенгуру”, “Буслік”, “Каласок”, “Інфомышка”, у якіх з году ў год становіцца ўсё больш прыхільнікаў.
Другі год на Жабінкаўшчыне праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя для вучняў пачатковых класаў “Я — даследчык”, а канферэнцыя для старшакласнікаў “З навукай — у будучыню” стала традыцыйнай. У Брэсце дыпломам І-й ступені адзначана работа Аляксея Лася, ІІІ-яй ступені — Каці Сакалоўскай (СШ №2 г.Жабінка) і Насці Кубацінай (СШ №3). Ягор Бжоска і Віталь Данілюк з другой гарадской школы былі трэцімі ў рэспубліканскім конкурсе “Энергія і навакольнае асяроддзе”.
Камп’ютар — дапаможнік у навучанні.
Нельга ўявіць сучасны свет (тым больш навучальны працэс) без вылічальнай тэхнікі. У школах зараз налічваецца 107 камп’ютараў, вырабленых пасля 2005 года, з іх 84 — у кабінетах інфарматыкі. За мінулы навучальны год прыдбана 16 найноўшых камп’ютараў на суму больш за 40 мільёнаў рублёў. Як і патрабуе сацыяльны стандарт, забеспячэнне такой тэхнікай складае 23 вучні на 1 камп’ютар.
Магчымасці доступу да глабальных інфармацыйных рэсурсаў у школах 100-працэнтныя, у тым ліку 15 устаноў падключаны да высокахуткаснага інтэрнэта Byfly, у гарадскіх школах і ліцэі ўстаноўлена інфармацыйна-пошукавая сістэма “Эталон”. 70 кіраўнікоў і педагогаў прайшлі сертыфікацыю ў якасці карыстальнікаў камп’ютарных тэхналогій.
Неўзабаве ў поўным аб’ёме пяройдуць на бібліятэчныя аўтаматызаваныя праграмы школьныя бібліятэкі, якія стануць сучаснымі рэсурснымі цэнтрамі.
Не толькі вучыць, але й выхоўваць.
Значнымі для выхавання стала дзейнасць дзіцячых і юнацкіх грамадскіх арганізацый, якія аб’ядноўваюць 3205 маладых людзей. У школах існуюць клубы інтэлектуальных гульняў (90 чалавек), атрады “Міласэрнасць”, валанцёрскі рух (568 чалавек) і самая масавая — піянерская арганізацыя, што складаецца з 1588 піянераў. Імі праведзена каля 20 раённых мерапрыемстваў, у тым ліку праект “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, абласны конкурс-форум “Галасы маладых за Беларусь”, рэспубліканскае спаборніцтва агітбрыгад, смотр на лепшую дружыну, Вахта Памяці, мерапремствы, прысвечаныя гадавінам Перамогі і пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У раённай суполцы ГА “БРСМ” — 249 школьнікаў. Сумесна з райкамам гэтай арганізацыі стала традыцыяй праводзіць дабрачынныя калядныя акцыі ў дзіцячым сацыяльным прытулку, гульнёвыя праграмы, прымеркаваныя да Дня моладзі.
Установы адукацыі клапоцяцца аб прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод моладзі. Прынамсі, праведзена VІІ раённая алімпіяда прававых ведаў. У чэрвені 10 школьнікаў, якія на ўліку, удзельнічалі ў абласным турыстычным злёте “Рубеж-2011”, прымеркаваным да 70-годдзя пачатку вайны.
Шосты дзень — нясумны.
Усе непаўналетнія, што знаходзяцца на прафілактычным уліку, ахоплены пазаўрочнай дзейнасцю. А ўвогуле звыш 97% вучняў раёна займаюцца ў гуртках, амаль палова з іх — у спартыўных секцыях.
Рэалізуецца праграма “Шосты школьны дзень”, што ахоплівае розныя накірункі выхаваўчай работы. Каля 15% навучэнцаў у гэты дзень заняты ў гуртках, 21,4 — у культурна-масавых, фізкультурна-аздараўляльных і турыстычных мерапрыемствах. Маніторынг эфектыўнасці суботняга дня выявіў найбольш рацыянальную яго арганізацыю у другой гарадской, Ленінскай, Крыўлянскай сярэдніх школах. Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў на лепшую арганізацыю шостага дня школьнага тыдня. Яго пераможцамі сталі калектывы СШ №2 і раённага цэнтра пазашкольнай работы.
Кодэкс аб адукацыі ўзмацняе адказнасць.
1 верасня пачне дзейнічаць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі — своеасаблівая канстытуцыя, якую наша краіна распрацавала адной з першых, — што дазволіць рэгламентаваць дзейнасць усіх без выключэння суб’ектаў у сферы адукацыі.
Гэты дакумент ускладае асаблівую адказнасць найперш на ўстановы адукацыі, якім патрабуецца сур’ёзна працаваць у наступным навучальным годзе, каб стварыць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для захавання здароўя дзяцей, развіваць адукацыйныя паслугі, узнімаць якасць ведаў.

А.РОСТАЎ.
На здымку: педагагічная сябрына Жабінкаўшчыны папоўнілася маладымі спецыялістамі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top