Падчас справаздачнага канцэрта Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў яе выхаванцы акунулі ўсіх прысутных у дзіўны і чароўны свет музыкі, танца і спеваў.
На канцэрт былі запрошаны бацькі, сваякі навучэнцаў і ўсе жадаючыя. У фае гасцей сустракалі навучэнцы класа духавых інструментаў настаўніка Васіля Палулеха. Увогуле праграма справаздачнага канцэрта здзівіла сваёй разнапланавасцю і шматжанравасцю. Прывітаў прысутных узорны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай.
Затым дырэктар школы мастацтваў Людміла Калбаска звярнулася да прысутных:
– Дзіцячая школа мастацтваў – гэта цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцей. Яе дзверы заўсёды гасцінна расчынены для ўсіх аматараў музыкі, харэаграфіі і мастацкай творчасці. Пра кожнага выпускніка нашай установы можна сказаць шмат добрых слоў. Нельга не захапляцца іх працавітасцю і адданасцю высокаму мастацтву. Сёння ў іх свята. Яно чаканае і для бацькоў, якія на працягу 5-7 гадоў хваляваліся за сваіх дзяцей і разам з педагогамі перажывалі іх перамогі і няўдачы. Жадаю нашым выпускнікам далейшых поспехаў на жыццёвым шляху!
Пасля цёплых, шчырых слоў Людміла Васільеўна выканала прыемную місію – уручыла пасведчанні аб заканчэнні дзіцячай школы мастацтваў. Па чарзе на сцэну запрашаліся выпускнікі музычнага аддзялення за дакументам, які пацвярджае, што імі пераадолена яшчэ адна важная прыступка ў жыцці. Акрамя таго, выдатнікі вучобы і найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсаў і культурнага жыцця ўстановы атрымалі граматы. За сваё старанне былі адзначаны Надзея Чэчалева, Міраслава Кірылюк, Анастасія Каршукова, Анастасія Бабінец, Марыя Кальман, Варвара Папковіч і Міхаіл Лук’янчык. Пісьмамі падзякі былі ўзнагароджаны бацькі некалькіх выпускнікоў: Алена Чэчалева, Ганна Кальман, Наталля Бабінец, Наталля Каршукова і Аляксандр Папковіч.
Затым канцэрт прадоўжыўся, на сцэне змянялі адзін другога розныя ансамблі, хоры, салісты… Вядучыя – Таццяна Зданкевіч і Ілля Учаеў – аб’яўлялі нумар за нумарам, запрашаючы на сцэну юных артыстаў. Выступленне хору 1-га класа (кіраўнік Наталля Пакроўская) змянілася ў далейшым спевамі іх старэйшых таварышаў – хору 2-4-х класаў пад кіраўніцтвам Іллі Учаева. Гледачы сустрэлі іх гучнымі апладысментамі. Шмат прыемных хвілін падарылі прысутным юныя спевакі Злата Лукашэвіч, Надзея Чэчалева, вакальны ансамбль “Арт-медыум” пад кіраўніцтвам Аляксандры Белай, зводны хор, якім кіруе Тамара Будзюк. Спадабаліся таксама дуэты гітарыстаў Эміліі Касянковай і Антона Зотава, саксафаніста Захара Макарука і трубача Аляксандра Габрынеўскага з іх “Вулічным рухам”, трыа акардэаністаў “Гармонія”, выступленне фартэпіяннага квартэта пад кіраўніцтвам Алены Дзем’янюк і Святланы Антановіч. А якімі заўзятымі атрымаліся танцы ў выкананні навучэнцаў харэаграфічнага аддзялення пад кіраўніцтвам Алены Калюшык! На “ўра” ўспрынялі гледачы і выступленні ансамбляў: акардэаністаў пад кіраўніцтвам Іны Новік і Вікторыі Шаўчук, скрыпачоў, якім кіруе Алена Аўсяец, цымбалістаў (кіраўнік Вольга Супрун), саксафаністаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Трацюка. Шквалам апладысментаў былі сустрэты выступленні вакальнага ансамбля “Натхненне” (кіраўнік Наталля Пакроўская), інструментальнага – “Тоніка” (кіраўнік Наталля Грэцкая), харэаграфічнай групы “Фантазія” (кіраўнік Ірына Паўлава) і ансамбля “М&М’s” пад кіраўніцтвам Алены Калюшык з гарачым танга. Вясёлы настрой стварылі прысутным ансамбль цымбалістаў (кіраўнік Надзея Жываева) з кампазіцыяй “Як пагнала бабуленька куранятак пасці”, а таксама Сямён Нікіцюк і Лізавета Гарохава з настаўнікам Сяргеем Носавым, якія выканалі на балалайках беларускую польку “Янку”. Заключным акордам свята стала выкананне музычнага нумара з кінафільма “Кубанскія казакі” народным аркестрам народных інструментаў настаўнікаў школы пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай.
Нягледзячы на працягласць праграмы, якая складалася з 28 нумароў, ніхто ў зале не стаміўся. Наадварот, усе былі ў захапленні ад убачанага і пачутага на сцэне. Адчувалася згуртаваная праца педагогаў і выхаванцаў школы мастацтваў.
Для ўстановы гэта самы галоўны і вялікі канцэрт у годзе, да якога выступоўцы старанна рыхтуюцца, хвалююцца. Яго можна без перабольшвання назваць сапраўдным святам дзіцячай музычнай творчасці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%