У гэтым навучальным годзе выхаванцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната атрымалі добрую магчымасць не толькі даведацца пра актуальныя спецыяльнасці, але і паўдзельнічаць у ролі спецыялістаў на майстар-класах і прафесійных спробах. Напрыканцы мая адбылася апошняя (восьмая па ліку) запланаваная прафарыентацыйная экскурсія, падчас якой навучэнцы 8-11 класаў школы-інтэрната наведалі Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі.
Экскурсію праводзіў загадчык аддзялення Максім Лебедзь. Знаёмства з установай адукацыі пачалося з прагляду відэароліка “Каледж майго лёсу”. Затым Максім Алегавіч расказаў пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у каледжы сувязі, і план прыёму на 2018/2019 навучальны год.
Навучэнцы каледжа правялі для гасцей майстар-класы па спецыяльнасцях “Паштовая сувязь”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”, “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”. Жабінкаўскіх юнакоў і дзяўчат зацікавіла наглядная дэманстрацыя абсталявання, і яны вырашылі паспрабаваць сябе ў ролі спецыялістаў. Так, Вольга Хурсіна, Вікторыя Стасевіч, Наталля Кнышэўская і Кацярына Салунова пераўвасобіліся ў тэхнікаў паштовай сувязі і з задавальненнем ставілі бланкавыя пячаткі на канверты, наклейвалі паштовыя маркі, вучыліся правільна запаўняць паштовую карэспандэнцыю. Віталь Варонін і Эдгард Шапялевіч паназіралі за работай тэхніка-электрыка: вывучылі метады правільнай празвонкі правадоў і спосабы падвядзення электразабеспячэння па доме ці кватэры.
Падчас экскурсіі па каледжы навучэнцы школы-інтэрната пабывалі ў вучэбных кабінетах і майстэрнях (электрамантажнай, кабельнай, слясарнай, электрамеханічнай). Асабліва ўразіла юнакоў і дзяўчат майстэрня, дзе Максім Лебедзь прадэманстраваў кабельную муфту з 300 пар і патлумачыў, што пасля знаходжання месца абрыву электракабеля тэхнікі-электрыкі могуць больш за суткі ўручную злучаць кабелі для аднаўлення сувязі. Завяршылася экскурсія інфармацыяй аб правілах залічэння і пражывання студэнтаў у інтэрнаце каледжа.
Такім чынам, падчас гэтай і ўсіх папярэдніх экскурсій выхаванцы школы-інтэрната не толькі пазнаёміліся з прафесіямі і прыладамі, неабходнымі для работы, але і даведваліся пра якасці, якімі павінен валодаць кожны навучэнец. У выніку прафарыентацыйных паездак старшакласнікі па-іншаму паглядзелі на “сумныя і нецікавыя” прафесіі, навучыліся аналізаваць і параўноўваць перавагі тых ці іншых спецыяльнасцяў, паспрабавалі сябе ў розных ролях, некаторыя вызначыліся з будучай прафесіяй.
Зарыніка ПЛАШКЕВІЧ, педагог-псіхолаг Жабінкаўскай школы-інтэрната.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%