“Корч” вадзілі, людзей весялілі

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

У пяты раз Хмелева сустракала гасцей і ўдзельнікаў “Хмелеўскай Сёмухі”. З кожным годам жадаючых адпачыць ад гарадской мітусні і пабачыць унікальны абрад “Ваджэнне куста” становіцца ўсё больш. Значна павялічылася сёлета і колькасць артыстаў. Можна сказаць, што “Хмелеўская Сёмуха” набывае міжнародны маштаб, бо на Троіцу ў гэты ўтульны, з багатай гісторыяй аграгарадок прыязджаюць з усёй Беларусі і Польшчы. Напрыклад, мне давялося на свяце пазнаёміцца з 30-гадовай Алесяй, якая аўтастопам (!) дабіралася ў Хмелева з Мінска, каб пабачыць і пафатаграфаваць гэты незвычайны абрад.
– Я ўлюбёная ва ўсё, што звязана з нацыянальнай культурай і традыцыямі беларусаў, – сказала дзяўчына. – Калі прачытала пра ваш абрад “Ваджэнне куста”, загарэлася прыехаць. І ні хвіліну не пашкадавала аб гэтай ідэі. Мне тут усё ў навінку і цікава: як “апранаюць” дзяўчыну ў галінкі і імянуюць “кустом” (сёлета, дарэчы, яго ролю выконвала Вольга Іванюк. Яна замяніла Кацярыну Трафімук, якая пабралася шлюбам з хлопцам. – Заўвага аўт.), як водзяць “куст” па дварах і песні гаспадарам спяваюць з пажаданнямі здароўя, добрага ўраджаю, выдатнага настрою… А гасціннасці хмелеўцаў можна толькі пазайздросціць… Якіх толькі прысмакаў не давялося пабачыць на сталах у дварах! Заўважыла, што многія вяскоўцы займаюцца рукадзеллем: вышываюць ручнікі, шыюць коўдры, ткуць дываны, вяжуць сурвэткі. У дварах – утульна і чыста. Спадабалася, што многія хмелеўцы ля дамоў ствараюць прыгажосць – выстаўляюць на газоннай траўцы садовыя фігуркі, майструюць ландшафтныя горкі з каменняў і кветак. Я ў Хмелеве ўпершыню – і, думаю, на наступнае свята абавязкова прыеду. Дзякуй арганізатарам за процьму прыемных уражанняў і сюрпрызаў!
Асобнае дзякуй варта адрасаваць галоўным гаспадыням свята – Наталлі Дырман і Таццяне Грыцук. Гэта з іх лёгкіх рук абрад “Ваджэнне куста” набыў на Жабінкаўшчыне папулярнасць і прызнанне. І калі раней толькі з адным “кустом” (ці, як яго яшчэ называюць, “карчом”) абыходзілі двары гаспадарлівых хмелеўцаў, то сёлета прыгожа ўбраныя ў нацыянальную вопратку спявалі і танцавалі адразу некалькі “карчоў”. Да народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца” далучыліся госці – фальклорны калектыў “Багуслаўка” з вёскі Залуззе, народнае аматарскае аб’яднанне “Жывіца” з Лунінца, фальклорны калектыў “Харашухі” з Дзятлавічаў.
Затым, калі артысты павіншавалі гаспадароў у дварах, паспявалі і пачаставаліся прысмакамі, свята перамясцілася на цэнтральную пляцоўку Хмелева. Тут было ўсяго ўдосталь: і відовішчаў, і смакаты. Для дзяцей ладзілася забаўляльная праграма, можна было паскакаць на батутах, пакатацца на машынках, паласавацца марожаным і поп-корнам. Дарослым былі больш даспадобы халодны квас і піва, смажаныя шашлыкі. У горадзе майстроў шматлікія ўмельцы прапаноўвалі сувеніры з разнастайных матэрыялаў, цацкі, упрыгажэнні.
Пабывалі на народным свяце і “заежжы госты” – удзельнікі клуба “Motorcycles communlty p98”. Многія з задавальненнем фатаграфаваліся верхам на нятанных “жалезных конях”, а самыя смелыя мелі магчымасць пра-ехацца з ветрыкам, прычым абсалютна бясплатна, абхапіўшы для трываласці байкераў-кіроўцаў. Уражанні, калі дрэвы паабапал дарогі мільгаюць, як кадры ў кіно, а ў вушах толькі вецер свішча і з калонкі ірвуцца песні 70-х – неперадавальныя!
А на сцэне да вечара весялілі народ артысты: народныя ансамблі “Аляксандр-парк” і “Музычны вянок”, фальклорны калектыў “Багуслаўка”, “Хмелеўскія валацугі”, кавер-група “БаянДай”. Самыя юныя артыстачкі раёна – Дашанька і Сафійка Яскічы – спявалі з татам. Было нямала і гасцей: Васіль Палока з пасёлка Белавежскі, ансамбль беларускай песні “Маланка” з Польшчы, спевакі з Лунінца, Пружан і інш.
…На свяце хапіла ўражанняў усім – і дзецям, і дарослым. Дзякуй за “Хмелеўскую Сёмуху”!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.