Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
У мінулую суботу ў ФАУ “СК “Бадзёрасць” віталі каманд-удзельніц ІХ раённай галіновай спартакіяды аграпрамысловага комплексу. На гэты раз за званне пераможцы спаборнічалі 11 каманд.
Адкрыў спартакіяду кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. Ён падкрэсліў, што на Жабінкаўшчыне ўжо стала добрай традыцыяй правядзенне спартыўных спаборніцтваў сярод працаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі і ў чарговых баталіях будуць змагацца лепшыя прадстаўнікі сельскагаспадарчых, перапрацоўчых і абслугоўваючых аграрную галіну арганізацый. Да пажаданняў спартыўных перамог далучылася таксама старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук. Прыемным акордам адкрыцця спартакіяды стала ўручэнне капітанам каманд духмяных караваяў, а таксама музычны падарунак ад танцавальнага калектыву эстраднага танца “Стардас”.
Затым усе разышліся па спартыўных залах “Бадзёрасці”, каб пазмагацца за званне лепшага ў кожным відзе спорту.
У шашках найбольшую колькасць ачкоў набралі Сяргей Хадановіч (ААТ “Мацеевічы”) і Святлана Іванюковіч (камбікормавы завод).
У настольным тэнісе перамаглі Сцяпан Кавальчук (цукровы завод) і Ганна Данільчанка (камбікормавы). Самымі трапнымі ў дартсе сталі Генадзь Адамчук (цукровы завод), Валерыя Чусава (ААТ “Ракітніца”).
У ціры ладзіліся спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнага пісталета. Тут не было роўных Віктару Міронаву (генеральнаму дырэктару цукровага завода), Аляксандру Лукашэвічу (ААТ “Азяты АГРА”) і Аляксандру Семенюку (дырэктару ААТ “Рагазнянскі”).
У трэнажорнай зале выжымалі гіру. Лепшыя асілкі раёна – Анатоль Касянкоў (камбікормавы завод), Мікалай Царук (цукровы завод).
У міні-футболе перамогу святкавала каманда цукравараў. Яны ж сталі лепшымі ў валейболе, настольным тэнісе, більярдзе і дартсе.
Вельмі напружана праходзілі спаборніцтвы па плаванні. Тут перамогу “выхапілі” камбікормаўцы. Абсалютнымі рэкардсменамі ў асабістым заліку сталі Анатоль Касянкоў (камбікормавы завод), Ілля Цалапаў (цукровы завод), Ларыса Данялюк і Ганна Мехведзь з камбікормавага.
У лёгкаатлетычнай эстафеце бясспрэчнымі лідарамі аказаліся прадстаўнікі ААТ “Ракітніца”. Сярод мужчын лепшы вынік паказаў Сяргей Шульжык (цукровы завод), жанчын – Таццяна Давідчук (ААТ “Мацеевічы”).
Нарэшце доўгачаканы момант – аб’яўляюцца пераможцы. Па колькасці набраных балаў трэцяе месца ў каманды ААТ “Вазнясенскі”, другое – у камбікормавага завода, а ганаровае першае месца – у цукравараў.
Усе пераможцы сярод каманд і ў асабістым заліку ў розных відах спорту атрымалі дыпломы і грашовыя ўзнагароджанні ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Віншаваў пераможцаў і ўручаў узнагароды Дзмітрый Гарадзецкі. Аляксандр Апекуноў ад райкама ГА “Белая Русь” уручыў прыз “За волю да перамогі” камандзе ААТ “Ракітніца”, суцяшальны прыз з рук старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны Калыбскай дастаўся прадстаўнікам ветлячэбніцы, а Марыя Сянішына, першы сакратар РК “БРСМ”, узнагародзіла самую маладую каманду з ААТ “Хмелева”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%