День деревни в Саках

День деревни в Саках

Святасць, свята і сваты…

Нэлі Уладзіміраўна Пракапук хвалявалася: вось-вось павінны прыехаць сваты да самай малодшай дачкі Юлі. А тут яшчэ іншая заклапочанасць: свята вёскі акурат у гэты ж дзень. Жанчына, у якой старэйшыя дочкі замужам, — адна з выдатных народных майстрых вёскі Сакі. Яна ўзялася ўвішна раскладваць і развешваць вышытыя падушкі, ручнікі, сурвэткі… Калі ў хату завіталі госці –— музыкі і спявачкі, дык здзівіліся: не пакой, а сапраўдны музей.
Нэлі Уладзіміраўна працуе загадчыцай малочнай фермы “Рудка”. Яна ж —– стараста вёскі, у якой жыве. Праблем хапае, але знаходзіць час і для вышывання. А ў другім канцы Сакаў жыве Любоў Сяргееўна Варабей, яна таксама раскрыла свой талент у рукадзельніцтве. Нямала ў вёсцы майстрых! Як і гаспадароў маляўнічых, адмысловых двароў і дворыкаў. На сядзібе Святланы Фёдараўны Амельянчук ёсць маленечкае азерца з фантанчыкам і мосцікам. Каля харомін Анатоля Васільевіча Засімука возера сапраўднае –— нават можна павудзіць рыбу.
Жывуць у вёсцы людзі розных характараў — як тыя кветнікі, што яркімі фарбамі асвятляюць хаціны і сучасныя дамы. Людзі розныя, але паяднаныя любоўю да зямлі і малой радзімы.
Гэтых мясцін, як і іншых, не абмінулі ліхія вятры гісторыі. Вёска Сакі ўзгадваецца з канца XVIст. Належала яна то аднаму, то другому памешчыку. Перад Другой сусветнай вайной тут было 90 двароў і 328 жыхароў. Затым колькасць іх пачала змяншацца. Болей за два дзясяткі юнакоў і мужчын забрала вайна. А нехта падаўся ў іншыя мясціны. Згінула царква. У 1960 годзе рашэннем Савета Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР яна была знятая з уліку. Да гэтага, як сведчаць старажылы вёскі, яе разбурылі.
За паўвеку жыхары не згубілі веру і пачалі збіраць сродкі для ўзвядзення капліцы, якая будзе афіцыйна адчынена напрыканцы гэтага года. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве аказаў і аказвае СВК “Хмелева” на чале са старшынёй Барысам Парафенюком.
Будаўніцтва капліцы — адно са сведчанняў, што вяскоўцы не спяшаюцца пакідаць наседжанае месца. На бацькоўскай зямлі хоць зрэдку, але застаюцца дзеці. Ствараюць свае сем’і, працягваюць род, працуюць ці на зямлі, ці на цукровым заводзе, да якога падаць рукою. Тут спрадвеку не цураюцца працы, умеюць адпачываць. Не знікаюць традыцыі. Вось і свята вёскі тут як ладзілася, так і ладзіцца. На гэты раз яго арганізатарамі сталі работнікі Хмелеўскага сельскага Дома культуры, тыя акурат, хто складае касцяк народнага калектыву “Хмелеўскія валацугі”, якім кіруе Наталля Аляксееўна Дырман. Яна і сцэнарыст, і вядучая, і спявачка. А яшчэ ўсім вяскоўцам сваё майстэрства паказаў дзіцячы ўзорны калектыў “Дараносіца”, які працуе разам з “Хмелеўскімі валацугамі”. Яны плячо ў плячо прайшлі галоўнай вуліцай і перад кожным сустрэчным танцавалі старадаўнія народныя танцы і спявалі. Вось вам працяг традыцыі!
Надвячоркам арганізатары свята сабралі вяскоўцаў на імправізаванай пляцоўцы, дзе ўганаравалі цёплымі словамі і каштоўнымі падарункамі ўжо ўзгаданых майстрых, кветкаводаў Валянціну Мікітаўну Будчук і Веру Мікалаеўну Чыжэвіч. За самы лепшы торт прыз атрымала Алена Мікалаеўна Гардун. Аксана Мікалаеўна Кавальчук была ўзнагароджана падарункам за выставу сваіх работ, разгорнутую проста на яе рабочым месцы –— у магазіне. Не былі абдзелены ўвагай і прызамі як самая сталая жыхарка Сакаў Паліна Вікенцьеўна Валошчык, якой споўнілася 89 гадоў, так і самая маленькая вяскоўка –— Ксенія Піваварук.
… Віншаванні, песні, танцы. Усё гэта, разам узятае, не толькі падбадзёрыла прысутных, прыўзняло іх настрой, але яшчэ раз натхніла ганарыцца тым куточкам, дзе жывеш.

А.ГАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top