Па новыя веды і ўражанні – у падарожжа па родным краі

Алёна НІКАНЧУК.

У рамках Тыдня краязнаўства, прымеркаванага да Года малой радзімы, вучні 6 “А” класа трэцяй гарадской школы разам з класным кіраўніком Людмілаай Сцяпанаўнай Марчанка і сваімі бацькамі здзейснілі паход па маршруце Жабінка – Вялікія Сяхновічы – Малыя Сяхновічы – Жабінка.

У Вялікіх Сяхновічах падарожнікі спыніліся ля Свята-Мікалаеўскай царквы. Яшчэ да паходу вучні самастойна пазнаёміліся з гісторыяй храма, і гэтыя веды прадэманстравалі падчас прыпынку.
У Малых Сяхновічах падарожнікі наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе пазнавальную экскурсію па залах правёў яго супрацоўнік Мікалай Юроўскіх. Наведвальнікі пазнаёміліся з побытам беларусаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, даведаліся шмат цікавых фактаў з жыцця генерала, героя двух кантынентаў Тадэвуша Касцюшкі, пачулі расказ пра Жабінку часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра станаўленне і развіццё ў нашым раёне сельскай гаспадаркі і прамысловасці, адукацыі, медыцыны і культуры.
Пасля экскурсіі ў адным з маляўнічых куточкаў Малых Сяхновічаў падарожнікі зрабілі прывал. Калі добра падсілкаваліся, правялі конкурсы: каманда школьнікаў супраць каманды бацькоў. Першы – спартыўны – выявіў лепшых валейбалістаў, імі аказаліся шасцікласнікі. Музычны конкурс раскрыў таленты выканаўцаў. У ім гонар вучнёўскай каманды абаранялі Аляксандра Скарына і Злата Лукашэвіч, каманды бацькоў – Эдуард і Наталля Войцікі. Песня апошніх прынесла поспех дарослым. Далей каманды мелі магчымасць паспаборнічаць у паэтычным конкурсе. Там жа, на ўлонні прыроды, прыгожыя вершаваныя радкі нарадзіліся і ў дзяцей, і ў бацькоў, таму сілы тут былі роўныя. Ад дарослых са сваім вершам выступіла Ірына Ігнатчык, ад школьнікаў – Каця Юзафовіч. Завяршыў спаборніцтвы танцавальны конкурс. І бацькі, і дзеці перавагу аддалі сучасным рытмічным танцам, але ж лепшымі ў ім былі школьнікі, якія здзівілі дарослых незвычайнымі арыгінальнымі рухамі і канцоўкай свайго выступлення.
Самыя актыўныя сем’і – Скрыпкаў, Скарынаў і Войцікаў, якія праявілі сябе падчас падрыхтоўкі паходу і яго правядзення, былі ўзнагароджаны сувенірамі ад бацькоўскага камітэта. Гэтую місію ажыццявіла яго старшыня Вольга Бутрым, якая ініцыявала мерапрыемства і займалася арганізацыйнымі пытаннямі.
З добрым настроем, бадзёрыя і вясёлыя, падарожнікі вярнуліся дамоў. Усе прыйшлі да высновы: такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя, яны аб’ядноўваюць сем’і, робяць больш моцнымі і дружнымі класныя калектывы, дораць радасць і пазітыў. Паход паказаў, каму ў якім накірунку належыць удасканальвацца: бацькам падцягнуцца ў спорце, дзецям – у творчых конкурсах. Наперадзе яшчэ не адно сумеснае мерапрыемства, падчас якіх будзе магчымасць паказаць свае таленты, як школьнікам, так і дарослым.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.