Адбылося пасяджэнне каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй Жабінкаўскага раёна. На ім былі разгледжаны вынікі праверкі эфектыўнасці дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі па правядзенні прафілактычнай работы з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС райвыканкама. Быў прааналізаваны мінулы год і прайшоўшы перыяд бягучага.
Праверка выявіла, што меры па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці, прынятыя Жабінкаўскім РАУС летась, не аказалі належнага ўплыву на негатыўныя працэсы, што спрыяюць здзяйсненню злачынстваў асобамі з непагашанай і не знятай судзімасцю. На жаль, не ўдалося дабіцца іх зніжэння. Так, за 2017 год на тэрыторыі раёна адбыліся 53 рэцыдыўныя злачынствы. Апроч гэтага, вырасла і колькасць тых, якія здзейснілі асобы, што нідзе не працуюць і не вучацца, маюць судзімасць, а таксама здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення раней асуджанымі асобамі. Рост рэцыдыўных злачынстваў летась адзначаўся на тэрыторыі Жабінкі, а таксама Ракітніцкага, Азяцкага і Крыўлянскага сельскіх саветаў.
Разам з тым, сёлета на Жабінкаўшчыне здзейснены толькі чатыры злачынствы асобамі, якія маюць судзімасць.
Зыходзячы са статыстычных дадзеных, асноўная прычына рэцыдыўных злачынстваў – недастатковая работа суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні здзяйснення злачынстваў раней асуджанымі асобамі, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця і схільныя да здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў.
Павышэнню эфектыўнасці работы па прафілактыцы рэцыдыўных злачынстваў павінна спрыяць своечасовае выяўленне асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, з ЛПП, з-пад арышту, схільных да супрацьпраўных паводзін, пастаноўка іх, пры наяўнасці законных падстаў, на ўлік у нарколага, працаўладкаванне – гэта значыць, правядзенне ва ўзаемадзеянні з такімі асобамі і іншымі зацікаўленымі ўстановамі (занятасці насельніцтва, наймальнікамі і інш.) адпаведных мерапрыемстваў.
Але, як выявілася, дадзеныя функцыі выконваюцца не ў поўным аб’ёме. Прымаюцца недастатковыя меры па папярэджанні рэцыдыўных злачынстваў з боку сельвыканкамаў, а таксама крымінальна-выканаўчай інспекцыі і іншых службаў Жабінкаўскага РАУС.
Летась здзейснены два асабліва цяжкія злачынствы раней судзімымі асобамі (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і вымагальніцтва, здзейсненае з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця).
Аналіз рэцыдыўнай злачыннасці па днях тыдня і часе здзяйснення паказвае, што найбольшая колькасць злачынстваў адбываецца ў панядзелак і суботу з 14.00 да 20.00 гадзін. Самыя частыя з іх – крадзяжы.
Так, жабінкавец Р., які стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Жабінкаўскага РАУС на падставе Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, вызваліўшыся з выпраўленчай калоніі, не стаў на шлях выпраўлення і 4 лютага каля 23 гадзін, будучы ў нецвярозым стане, з падвала дома
№ 7 на вул. 22 з’езда КПСС у Жабінцы наўмысна, таемна выкраў два дарожныя веласіпеды, інакш кажучы, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.
З матэрыялаў прафілактычнай справы вынікае, што Р. нідзе не працаваў, злоўжываў спіртнымі напоямі, прафілактычная работа з боку Жабінкаўскага РАУС з ім праводзілася недастатковая, што і прывяло да здзяйснення ім паўторнага злачынства праз непрацяглы час пасля вызвалення з выпраўленчай калоніі. Пасля выдачы Р. накіравання на працу ў ФАУ “СК “Бадзёрасць”, дзе яго не прынялі па стане здароўя, іншыя меры па яго працаўладкаванні працяглы час не прымаліся.
Дзве асобы, якія знаходзіліся пад прэвентыўным наглядам, не працавалі і не вучыліся, здзейснілі чатыры злачынствы: Н. не выконваў патрабаванні прэвентыўнага нагляду (арт. 421), Ж. здзейсніў тры злачынствы, у тым ліку адно асабліва цяжкае – ч. 3 арт. 208 (вымагальніцтва, здзейсненае з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця). Так, раней неаднаразова асуджаны Ж., вызваліўшыся пасля адбывання пакарання ў ліпені 2016 года, у адносінах да якога быў усталяваны прэвентыўны нагляд, 28 студзеня мінулага года ў групе з Г., таксама раней неаднаразова асуджаным, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 208 КК, а таксама Ж. сам – злачынствы, прадугледжаныя ч. 2 ст. 339 КК і ч. 2 арт. 343 КК, Г. сам – злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 206 КК. Па прыгаворы суда Жабінкаўскага раёна абодва асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці кожны.
Падчас вывучэння прафілактычных спраў Жабінкаўскага РАУС выяўлена, што службовыя асобы аддзела ў поўнай меры не забяспечвалі выкананне патрабаванняў Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, не праводзілі рэйды па дамах і кватэрах, у якіх збіраліся асобы, схільныя да здзяйснення правапарушэнняў, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак, што таксама спрыяла здзяйсненню асабліва цяжкага злачынства.
Так, у двары дома № 3 на вул. Свабоды ў Жабінцы, які належыць Ш., неаднаразова асуджаны А. 16 сакавіка мінулага года, будучы нападпітку, падчас сваркі, што ўзнікла на глебе асабістых непрыязных адносін, паўторна, наўмысна прычыніў Ш. цяжкія цялесныя пашкоджанні.
А. адбыў пакаранне і пастаўлены на прафілактычны ўлік паводле рашэння начальніка Жабінкаўскага РАУС. З ім праве-дзена прафілактычная гутарка з дэманстрацыяй фільма “Крок насустрач”. Разам з тым, дадзеныя мерапрыемствы былі недастаткова эфектыўныя, што дазволіла апошняму злоўжываць спіртнымі напоямі з асобамі, схільнымі да здзяйснення правапарушэнняў, а ў далейшым пайсці на асабліва цяжкае злачынства. Звесткі пра працоўную занятасць А. у прафілактычнай справе адсутнічалі.
Пацярпелы Ш. таксама знаходзіцца на прафілактычным уліку ў РАУС, разам з тым, работа з ім праводзіцца бессістэмна, без уліку яго схільнасцяў і паводзін у побыце. Паводле пратаколаў прафілактычных гутарак немагчыма зрабіць выснову пра мэтанакіраванасць праведзенай работы. Адсутнічаюць звесткі пра правядзенне з ім іншых прафілактычных мерапрыемстваў.
Такім чынам, нягледзячы на меры, якія прымаюць суб’екты прафілактыкі ў адносінах да ўказанай катэгорыі асоб, дадзеныя мерапрыемствы часта неэфектыўныя з прычыны несістэмнага іх правядзення. На гэта ўказвае і той факт, што не ўсе асобы, якія стаяць на прафілактычным уліку і на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, працавалі, што стала адной з прычын здзяйснення імі злачынстваў.
Пасля вызвалення асоб работа з імі павінна праводзіцца сістэмна і з боку ўсіх зацікаўленых суб’ектаў (наглядальнай камісіі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельвыканкамаў) з мэтай якаснага правядзення сумесных прафілактычных мерапрыемстваў.
На пасяджэнні каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй Жабінкаўскага раёна былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%