Яковчицкое отделение связи

Яковчицкое отделение связи

Не памылілася з выбарам прафесіі

Любімым прадметам у школе ў Святланы Кацялюк была руская літаратура, а любімай настаўніцай — Надзея Андрэеўна Канючка, дзякуючы якой яна пазнала прыгажосць і знакавасць слова. Школьніцай Святлана часта бывала на пошце, назірала за працай яе супрацоўнікаў, прачытвала газеты і часопісы. Ёй гэта настолькі падабалася, што стала марай: закончу школу і абавязкова пайду працаваць на пошту. Аб гэтым вучаніца напісала і ў сачыненні “Кім я хачу быць”.
У яе ўсё збылося. Яна закончыла Брэсцкі каледж сувязі па спецыяльнасці аператар паштовай сувязі, тэлеграфіст. Цяпер Святлана Васільеўна — начальнік Якаўчыцкага аддзялення паштовай сувязі. На гэтай пасадзе яна ўжо шэсць гадоў, а працуе тут сем з паловай. Разам з ёю працуюць паштальёны Тамара Аляксееўна Канацуй і Валянціна Мікалаеўна Дзмітрук.
Цяпер аддзяленне абслугоўвае перыёдыкай вёскі Вандалін, Пруска, Малыя і Вялікія Якаўчыцы, Залуззе, Бабры, Панцюхі, пяць арганізацый: СВК “Якаўчыцы”, дзіцячы сад-яслі, фельчарска-акушэрскі пункт, сельскі Савет і Якаўчыцкую агульнаадукацыйную школу.
Тамара Аляксееўна Канацуй і Валянціна Мікалаеўна Дзмітрук сур’ёзна адносяцца да сваёй справы, карэктныя з кліентамі, добра ведаюць іх жаданні. У абодвух ёсць сшыткі-хадавікі, дзе пазначаны каардынаты падпісчыкаў паводле іх яны раскладваюць карэспандэнцыю штодня. Так, Тамары Аляксееўне, якая больш двух дзясяткаў гадоў разносіць газеты і часопісы вяскоўцам, штодзень даводзіцца прайсці-праехаць да дваццаці кіламетраў розных дарог. У падпісную кампанію ці калі шмат пенсій даводзіцца разнесці, то працоўны дзень зацягваецца. Многа работы ў паштальёнаў пад святы: Новы год, Вялікдзень, Каляды.
— Для паштальёна галоўнае — добрае надвор’е і зручны абутак, — усміхаецца Тамара Аляксееўна Канацуй, — а ў прафесіі — гэта адказнасць, уважлівасць, ветлівасць, жаданне адгукацца на любую просьбу кліентаў. І яшчэ, канечне, чуласць і добразычлівасць гаспадароў вясковых падворкаў. Я добра ведаю чым цікавяцца нашы вяскоўцы. Самымі актыўнымі падпісчыкамі ў мяне з’яўляюцца Марыя Андрэеўна Старун і Ірына Васільеўна Дылюк.
Сёння паслугі паштовай сувязі не толькі не страцілі сваёй актуальнасці, але сталі разнастайней і цікавей. Акрамя асноўных паштовых аказваюцца няпрофільныя: прыёмы розных плацяжоў (“Белтэлекаму”, камунальных, аплата крэдытаў і паслуг з дапамогай банкаўскіх пластыкавых карткак і іншыя). Дарэчы, у Якаўчыцкім паштовым аддзяленні могуць аказаць і такую паслугу, як перавозка грузаў транспартам, але пакуль ёю ніхто не скарыстаўся. Паштавікам падуладны страхавыя паслугі, ксеракапіраванне. Можна падключыцца да сетак аператараў сотавай сувязі, інтэрактыўнага тэлебачання Zala. Карыстаюцца вяскоўцы такой паслугай як рассылка прамой паштовай рэкламы. Можна аформіць заказы паводле спецыяльных каталогаў на любы тавар беларускіх вытворцаў. За сем месяцаў сёлета ўсе эканамічныя паказчыкі Якаўчыцкім паштовым аддзяленнем выкананы: тарыфныя даходы на 113,8%, даходы ад насельніцтва 110,6%, выручка на 100%, тавараабарот на 147,6%.
У выбранай прафесіі начальніка аддзялення С.В.Кацялюк захапляюць найперш зносіны з людзьмі. Ёй ні разу не даводзілася разбірацца са скаргамі ад кліентаў, чуе толькі ўдзячнасці. А ў сваіх калегах цэніць адказнасць, сумленнасць і расказвае пра іх з задавальненнем.
— Хто сказаў, што прафесія паштальёна не да твару сапраўдным мужчынам? — разважае Святлана Васільеўна. — Наадварот — цяжкая сумка ім па плячы. Неяк на нашым паштовым аддзяленні адпачынак маіх паштальёнаў замяняў мясцовы жыхар — мужчына. Ён з задавальненнем разносіў землякам газеты, часопісы, лісты. Дарэчы, глядзеўся ў гэтай ролі.
У 2009-м годзе начальнік Якаўчыцкага аддзялення паштовай сувязі Святлана Васільеўна Кацялюк была ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога філіяла РУП “Белпошта”. “Гэта быў поспех усяго нашага калектыву”, — тлумачыць яна.
Калі жанчына расказвае пра сваіх кліентаў, разумееш, што менавіта ў зносінах з імі рэалізуецца яе імкненне дарыць людзям радасць. “Калі ладзіш з вяскоўцамі, то і работа прыносіць задавальненне”, — гаворыць Святлана Васільеўна”.
Начальнік Якаўчыцкага аддзялення паштовай сувязі ўсёй душой аддадзена справе, — не скупіцца на пахвалу старшы інструктар у эксплуатацыйных, вытворча-тэхнічных і арганізацыйных пытаннях паштовай сувязі Жабінкаўскага філіяла РУП “Белпошта” Лідзія Якаўлеўна Хмарук. — Яна камунікабельная, акуратная, ветлівая, разумніца і цудоўны чалавек.
Сама Святлана Васільеўна пераканана, што ў яе жыцці ўсё склалася ўдала найперш ад таго, што не памылілася з выбарам прафесіі.

Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top