Назад у СССР, або Свята ўспамінаў і настальгіі

 

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Усе, хто завітаў у мінулую суботу ў Малыя Сяхновічы, маглі вярнуцца назад у… СССР. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы супрацоўнікам раённага гісторыка-краязнаўчага музея, якія правялі акцыю “Ноч музеяў”.

“Добры дзень, дарагія таварышы!” – менавіта так, у духу таго часу, павіталіся з прысутнымі вядучыя свята Ілля Учаеў і Дзіяна Дубіна. Яны прапанавалі ўспомніць разам, што было папулярным у Савецкім Саюзе, як тады апраналіся і адпачывалі, аб чым марылі. Вандроўка ў мінулае пачалася з так званых ліхіх 90-х. Гэта час перабудовы і новых рускіх, жавальных гумак “Turbo” і “Love is…”, красовак Adidas, джынсаў-“варонак”, гумавых басаножак-мыльніц, сухіх напояў “Zuko”, “Yupi”, “Invite”. Менавіта тады на сцэне пачалі з’яўляцца новыя выканаўцы і групы, якія мелі вялікі поспех і шматлікіх прыхільнікаў – “Рукі ўверх”, “Стрэлкі”, Земфіра, Ірына Салтыкова і многія іншыя. Апынуцца ў атмасферы 90-х дапамаглі Андрэй Ляўковіч і Наталля Сяргеева, якія выканалі тагачасныя хіты.
Экскурс па гадах прадоўжыўся. Мы апынуліся ў 80-х. У кожнага свая асацыяцыя з гэтым часам: аўтаматы з газіроўкай, піражкі з павідлам, тэлевізар “Рубін”, авоська з прадуктамі за форткай… Для многіх – гэта Уладзімір Высоцкі і яго творчасць, а таксама легендарныя песні Алы Пугачовай. Госці свята ўбачылі сцэнку “Дыялог ля тэлевізара”, ролі Ванькі і Зінкі ў якой таленавіта выканалі Вячаслаў Фядотаў і Галіна Дулевіч. Вячаслаў, да таго ж, выступіў і з гумарыстычным нумарам у вобразе Прымадонны, а таксама са сваім “Трактатам аб праўдзе”.
Вядучыя звярнулі ўвагу, што адметнасцю 70-х гадоў у СССР у музычным свеце стаў своеасаблівы пераход: на змену джазавым аркестрам прыйшлі калектывы электрамузычных інструментаў. У іх суправаджэнні масавая песня загучала па-іншаму. Без вакальна-інструментальных ансамбляў гісторыя папулярнай музыкі не можа быць прадстаўлена поўнасцю. ВІА тых часоў: “Песняры”, “Вясёлыя рабяты”, “Самацветы”, “Полымя” і іншыя. Не менш папулярныя такія калектывы і ў нашы дні. Прадстаўнік народнага вакальнага ансамбля “Каларыт” Аляксандр Шчасюк парадаваў прысутных песнямі з рэпертуару Яраслава Еўдакімава і Валерыя Абадзінскага.
Чым жа адметныя 60-я гады? На канцэртнай эстрадзе, па радыё і з першых доўгаіграючых кружэлак гучалі добрыя лірычныя мелодыі аб мірным і шчаслівым жыцці, сяброўстве і каханні. Краіна адраджалася і спявала песні фестываляў моладзі і студэнтаў, а таксама тыя, што прыйшлі з кінаэкранаў і экранаў чорна-белых тэлевізараў, якія ўпершыню прагучалі ў легендарных “Блакітных агеньчыках” і падчас трансляцый вялікіх святочных канцэртаў.
А яшчэ 60-я – гэта час стыляг, якія модна і ярка апраналіся і паводзілі сябе не так, як усе, час рок-н-рола і твіста, паэтаў-шасцідзясятнікаў і бардаўскіх песень пад гітару.
У рэтраканцэрце прынялі таксама ўдзел Уладзіслаў Шчасюк, Наталля Наруш і эстрадная танцавальная група “Stardas” пад кіраўніцтвам Ірыны Паўлавай.
З задавальненнем госці свята паўдзельнічалі ў віктарыне, якая праверыла, наколькі яны ведаюць савецкія фільмы і іх кінагерояў. Аказалася – на выдатна! Яе правяла дырэктар музея Жанна Падрубная. Адразу былі пералічаны станоўчыя якасці Ніны з “Каўказскай палонніцы”, а таксама ўсе імёны Георгія Іванавіча з кінафільма “Масква слязам не верыць”. Адна з удзельніц віктарыны выканала нават урывак “Песні пра зайцаў”, якую спяваў герой “Брыльянтавай рукі” Сямён Сямёнавіч.
Шмат сюрпрызаў было падрыхтавана ў той вечар для гасцей мерапрыемства, якія дапамагалі акунуцца ў атмасферу савецкіх часоў. Гэта выстава рэтрааўтамабіляў, што арганізаваў жыхар Жабінкі Аляксандр Быкаў, а таксама экспазіцыя “Цёплыя ўспаміны з эпохі СССР”, падрыхтаваная работнікамі Цукразаводскай гарадской і Маціевіцкай сельскай бібліятэк Надзеяй Балюк, Людмілай Ляўчук і Святланай Скалінай. У ёй – кнігі, часопісы і газеты часоў СССР, кружэлкі з песнямі тагачасных папулярных выканаўцаў, паштоўкі, фотаальбомы, дзіцячыя цацкі, посуд, адзенне, абутак і многае іншае, што нагадала пра тую эпоху.
Госці свята мелі магчымасць успомніць песні савецкіх часоў і праспяваць іх падчас караоке-праграмы, зрабіць здымак на памяць у спецыяльна падрыхтаванай фотазоне, даведацца пра сваю будучыню ў патомнай гадалкі, у ролі якой выступіла бібліятэкар раённай бібліятэкі Таццяна Раманава. А таксама ўбачыць паказальныя выступленні каратыстаў (кіраўнік Віктар Журомскі) і пабываць на экскурсіі па музеі, якую правёў яго супрацоўнік Мікалай Юроўскіх.
На выставе-продажы свае вырабы прапаноўвалі нашы таленавітыя землякі-ўмельцы: мастачка Вольга Данілюк і разьбяр Фёдар Кавальчук, а педагогі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таісія Журомская і Алена Філіповіч – работы сваіх выхаванцаў.
Калі ж звечарэла, запалілі вогнішча. Жадаючыя смажылі сала і пяклі бульбу, а яшчэ танцавалі. Яркую насычаную праграму падрыхтавалі для гасцей свята ўдзельнікі міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” Леанід Батура і Сяргей Паўловіч. Яны дарылі папулярныя песні эпохі СССР, якія чуліся над Малымі Сяхновічамі да апоўначы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.