Непадробны інтарэс да тутэйшых навін

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
У чарговы абласны Дзень падпісчыка, які ладзіўся 23 мая на ўчастку паштовай сувязі, што ў райцэнтры, было людна. Сярод спраў, якія прывялі жабінкаўцаў у будынак на вуліцы Кірава, 97, было жаданне працягнуць знаёмства з айчыннымі перыядычнымі выданнямі, у тым ліку з роднай для многіх “Сельскай праўдай”.

Падпісная кампанія – заўсёдны экзамен для работнікаў аддзялення. Прапагандуючы газеты і часопісы, трэба ведаць густы чалавека, каб ён пагадзіўся аформіць падпіску на перыёдыку, а затым працягнуць знаёмства з выданнем, што прыйшлося па душы.
Дзень падпісчыка праводзілі намеснік начальніка ўчастка паштовай сувязі Жабінка Ларыса Юхімук і аператары сувязі Вольга Гаўрылковіч ды Валянціна Дземідзюк. Амаль тры дзясяткі гадоў Ларыса Васільеўна ў прафесіі, скончыла Віцебскі вышэйшы каледж сувязі. Жанчына ахвотна дапамагае падпісчыкам арыентавацца ў безлічы выданняў, змешчаных у ёмістых каталогах. Прызнаецца, што ёй падабаецца дапамагаць жабінкаўцам мець самыя свежыя навіны. Асабліва тыя, што тычацца малой радзімы, у чым раёнка, на думку Ларысы Юхімук, самы найлепшы і надзейны памочнік. Таму і рэкламаваць “Сельскую праўду” асабліва прыемна. Дарэчы, тыя, хто аформіў падпіску 23 мая, атрымалі ад паштальёнаў невялікія сувеніры.
Трэба заўважыць, і без таго людзі прыслухоўваліся да супрацоўнікаў участка паштовай сувязі. Калі жыхарка Жабінкі Ніна Пятроўна Местнік упершыню падпісалася на раёнку, каб даведацца з друкаванага выдання, “чым жыве горад і наваколлі”, дык Надзея Мікалаеўна Алексяюк з Замошан даўно і трывала сябруе з “Сельскай праўдай”. Пагэтаму жанчына працягнула гэтую карысную дружбу адразу на чатыры наступныя месяцы. Вырашылі аднавіць падпіску ў другім паўгоддзі на “СП” і жыхаркі райцэнтра Таццяна Мікалаеўна Дулевіч ды Валянціна Васільеўна. Апошняя сарамліва папрасіла не называць яе прозвішча, затое знайшла нямала цёплых слоў у адрас раёнкі і журналістаў, якія ствараюць яе.
– І сама чытаю ад першай старонкі да апошняй, – дзялілася сваімі ўражаннямі ад газеты даўняя наша чытачка, – і іншым раю. Бачу, што газета жывая, прыкметна абнаўляецца, нядаўна з’явілася і дзіцячая старонка. Прыемна, што “Сельскую праўду” можна чытаць усёй сям’ёй, а навіны абмяркоўваць на лавачцы з сяброўкамі ды знаёмымі. Няма, відаць, тутэйшых падзей, якія не знайшлі б адлюстраванне на старонках газеты. За тое яе і любім.
Так, у “Сельскай праўдзе” спалучаюцца адразу некалькі карысных якасцяў: пры невысокім кошце яна здольна ўтрымліваць разнастайную (і надзвычай свежую!) эканамічную, палітычную, культурную інфармацыю, ёсць у раёнцы і забаўляльныя старонкі, і праграма тэлеперадач на тыдзень.
Сённяшні абласны Дзень падпісчыка вылучаўся і яшчэ адной дабрачыннай імпрэзай, якая прыцягвала ўвагу наведвальнікаў пошты, не пакідаючы многіх неабыякавымі. Маецца на ўвазе акцыя “Падары радасць дзецям”. Яе сутнасць патлумачыла аператар сувязі Вольга Гаўрылковіч. Кожны можа выпісаць дзіцячыя выданні, якіх шмат выдаецца ў Беларусі, на адрасы прытулкаў, дзіцячых дамоў або спецыяльных школ (на Брэстчыне іх 26, у тым ліку Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат). Многія жабінкаўцы ахвотна далучаліся да акцыі, ахвяруючы свае зберажэнні на карысць маленькіх выхаванцаў вобласці.
Што тычыцца самой Вольгі Веціславаўны, дык яна карэнная нараджэнка нашага горада. Адзначым, што сёлета жанчына святкуе першы прафесійны юбілей (дзесяцігоддзе з часу, калі звязала свой лёс з паштовай справай). За плячыма – Брэсцкі тэхнікум сувязі. Да працы жанчына, што называецца, душой прыкіпела, падабаецца штодня быць бліжэй да землякоў, дапамагаючы ім “не згубіцца ў моры інфармацыі, дзе кожны павінен знайсці карысную для сябе ручаіну”.
Многія нашы чытачы даўно ўсвядомілі: толькі “Сельская праўда” нясе найбольшую колькасць неабходных вестак пра Жабінкаўшчыну. Не забываемся і пра тое, што сёлета, калі ў Беларусі абвешчаны Год малой радзімы, менавіта раёнка найбольш поўна распавядае пра жабінкаўскае мінулае (на гэта, дарэчы, неаднойчы звярталі ўвагу сябры перыядычнага выдання).
Сапраўдныя прыхільнікі нашай газеты ў абласны Дзень падпісчыка прызнаваліся: як застанешся з любімай газетай – будзеш у курсе жыцця роднага краю. Падпіска на “СП” працягваецца да канца мая, таму спяшайцеся далучыцца да кола шчырых сяброў “Сельскай праўды”!
На здымках: намеснік начальніка ўчастка паштовай сувязі Ларыса ЮХІМУК з даўнім сябрам раёнкі Віталем ІГНАТОВІЧАМ; Вольга ГАЎРЫЛКОВІЧ дапамагае аформіць падпіску Еве ПАЎЛОВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.