У наш час захворванні шчытападобнай залозы адны з самых распаўсюджаных у свеце. Практычна ў кожнага маюцца сваякі, сябры, калегі, у якіх ёсць парушэнні ў рабоце гэтага органа. Дарэчы, праблемы з ім у жанчын узнікаюць значна часцей, чым у мужчын.
Існуюць два варыянты парушэння функцыі шчытападобнай залозы: павышэнне – гіпертырыёз і паніжэнне – гіпатырыёз, якія могуць суправаджацца павелічэннем аб’ёму залозы, а таксама ўтварэннем вузлоў у яе тканцы. Сімптомы парушэння функцыі шчытападобнай залозы вельмі індывідуальныя, і далёка не ва ўсіх пацыентаў будуць узнікаць усе праяўленні захворвання.
Так, пры гіпатырыёзе назіраюцца стамляльнасць, санлівасць, пачуццё зябкасці – увесь час холадна, калі тыя, хто побач, адчуваюць сябе камфортна, пагаршэнне памяці, прыбаўленне ў вазе, дэпрэсія, запоры, сухая скура, якая лушчыцца, парушэнні менструальнага цыклу.
Для гіпертырыёзу характэрны зніжэнне масы цела нават пры нармальным харчаванні, трывожнасць, раздражняльнасць, пачашчанае сэрцабіццё – больш за 100 удараў/мін., шырока раскрытыя, выступаючыя ўперад вочы, дрыжыкі ў руках, слабасць, выпадзенне валасоў, часты стул, патлівасць, парушэнне менструальнага цыклу.
Парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы можна выявіць шляхам вызначэння ўзроўню яе гармонаў.
Неабходнасць забеспячэння арганізма чалавека ёдам абумовіла ўвядзенне ў нашай краіне праграмы ўсеагульнай масавай прафілактыкі шляхам ёдавання паваранай солі. Яна не мае асаблівага смаку і паху, кожны яе грам утрымлівае ў сабе каля 40 мікраграмаў ёду. Спажыванне каля трох грамаў солі ў суткі забяспечвае чалавеку нармальны ўзровень утрымання ёду ў арганізме. Яе неабходна дадаваць у страву перад ужываннем, а не падчас прыгатавання, бо пры награванні ёд практычна поўнасцю выпараецца.
Прэпараты ёду выкарыстоўваюцца тады, калі яго недахоп можа быць асабліва небяспечным, а патрэбы вышэй за звычайныя. У першую чаргу гэта тычыцца цяжарных жанчын і дзяцей. Бо недастатковае паступленне ёду ў арганізм прыводзіць да парушэння нармальнага фарміравання цэнтральнай нервовай сістэмы і забеспячэння адэкватнага разумовага развіцця дзіцяці.
Марына МАРКОВІЧ, урач-эндакрынолаг УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%