Як засцерагчыся ад меланомы

Меланома – новаўтварэнне, якое развіваецца з пігментных клетак (меланацытаў), а яны ёсць па ўсім целе. Іх скапленні – гэта невусы, якія пры пэўных умовах малігнізуюцца (ператвараюцца ў злаякасную пухліну). Галоўныя фактары рызыкі малігнізацыі – гэта частая траўматызацыя невусаў і празмернае ўздзеянне сонечных прамянёў. У нашым раёне ў мінулым годзе зарэгістравана шэсць выпадкаў меланомы.
Каб лягчэй было вызначыць, наколькі радзімка тыповая ці нетыповая, быў распрацаваны спецыяльны метад, які называецца АВСDE. Кожная літара ў гэтай абрэвіятуры абазначае ключавую прыкмету, на якую трэба звярнуць увагу:
* А (asymmetry) – асіметрыя. Радзімы знак нераўнамерна разрастаецца ўбок.
* B (border irregularity) – няроўны край. Ён можа быць зрэзаным, невыразным, і гэта адна з прыкмет меланомы. У норме ў радзімкі роўныя краі.
* C (color) – колер. Яго неаднастайнасць, украпіны чорных, чырвоных, шызых адценняў павінны насцярожыць. У норме радзімы знак цалкам аднаго колеру.
* D (diameter) – дыяметр. Калі радзімка ў дыяметры больш за шэсць міліметраў, яна патрабуе ўвагі спецыяліста.
* E (evolving) – зменлівасць. Маецца на ўвазе зменлівасць любой характарыстыкі: колеру, формы, памеру – усё гэта нагода наведацца да дэрматолага. У норме радзімыя знакі застаюцца нязменнымі ўсё жыццё.
На жаль, спецыфічных мер прафілактыкі меланомы не існуе, але ёсць шэраг мерапрыемстваў, якія змяншаюць рызыку яе развіцця:
* дрэнна, калі радзімка размешчана ў такім месцы, якое ўвесь час траўміруецца (на шыі ля каўняра, на руцэ, на поясе пад рамянём, на падэшве нагі), трэцца аб бюстгальтар, перашкаджае пры галенні. У такой сітуацыі ад яе лепш пазбавіцца (толькі ў спецыялізаванай медустанове);
* пры наяўнасці на целе вялікай колькасці радзімых знакаў і буйных пігментных плям адмоўцеся ад наведвання салярыя, масажу, душа з моцным струменем вады і цвёрдай мачалкай, занадта цеснай адзежы;
* не злоўжывайце сонечнымі ваннамі, асабліва ў гадзіны максімальнай актыўнасці сонца, пазбягайце працяглага знахо-джання пад прамымі сонечнымі прамянямі, абараняйце скуру адзен-
нем, выкарыстоўвайце якасныя сонцаахоўныя крэмы і акуляры;
* не спрабуйце пазбавіцца ад радзімкі самастойна;
* праводзьце рэгулярнае самаабследаванне – аглядайце свае скурныя пакровы на прадмет наяўнасці на іх незвычайных пігментных плям і падазроных новаўтварэнняў, звяртайце ўвагу на колькасць і стан радзімак.
Атрымаць кансультацыю можна ва ўрача-анколага раённай паліклінікі (кабінет № 37) у паня-дзелак – пятніцу з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00.
Аляксандр СОБАЛЕЎ, урач-анколаг УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.