У старажытным Тураве

Чацвёрты год у сярэдняй школе № 1 горада Турава Гомельскай вобласці праводзяцца адкрытыя вучнёўскія чытанні, накіраваныя на вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю, жыцця людзей, якія яго ўславілі.
На конкурс у рамках IV Тураўскіх завочных чытанняў было прапанавана 109 работ з устаноў адукацыі Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і Бранскай вобласці (Расія). Сярод канкурсантаў былі і навучэнцы першай гарадской школы Жабінкі, якія прадставілі свае работы ў наступных намінацыях: “Этнаграфія беларусаў”, “Памяць пра Вялікую Айчынную вайну” і “Гісторыя і культура малой радзімы”.
У першай намінацыі паўдзельнічала работа вучаніцы 10 “Б” класа Аляксандры Грыцак “Народны строй Жабінкаўшчыны” (кіраўнік Людміла Сямёнаўна Міхалойць), у другой – вучня 6 “Б” класа Мікалая Петрусевіча “Герой нашага часу” (кіраўнік Святлана Аляксееўна Галавенка), у трэцяй – вучаніцы 9 “В” класа Ганны Шорах “Асаблівасці архітэктуры драўляных храмаў Жабінкаўшчыны” (кіраўнік Людміла Мікалаеўна Шэйка).
Шасцікласнік Мікалай Петрусевіч, работа якога была адзначана дыпломам ІІ ступені, разам са сваім кіраўніком атрымалі запрашэнне прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага. Узначаліў іх мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Урачыстасць пачалася ля брацкай магілы малітоўным памінаннем загінулых воінаў. Потым хрэсным ходам людская плынь велічна рушыла да Замкавай гары, дзе на падмурку старажытнага Траецкага кафедральнага сабора, разбуранага землятрусам больш за восем стагоддзяў таму, прайшла Боская літургія. Цэнтрам падзеі стала падножжа помніка свяціцелю. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адслужыў малебен і павіншаваў прысутных са святам, нагадаў пра значнасць духоўна-асветніцкай спадчыны Кірылы Тураўскага.
Незабыўныя ўспаміны пакінулі і цырымонія ўзнагароджвання пера-можцаў, і экскурсія да самай вядомай і загадкавай славутасці Турава – крыжоў, якія растуць з зямлі.
Аргкамітэт конкурсу, адміністрацыя сярэдняй школы № 1 Турава выказалі падзяку нашай установе за актыўны ўдзел у мерапрыемстве.
Ірына ПАНФІЛА, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 1 Жабінкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*