Спасительный берег

Спасительный берег

Выратавальны бераг

Нарыс

1

Жанчына зычліва адгукнулася на прывітанне, а потым і на пачатак размовы. Яна важдалася з кветкамі перад вокнамі хаты, абапіраючыся на мыліцу. Сказала:
— Я сюды ненадоўга, цяжка стаяць, хадземце ў двор.
Двор — гэта сад-агарод, калодзеж, сцяжына на ўзмежку. Ідылія. Асяродак негарадскога жыцця, лічы, у цэнтры Жабінкі. Да вайны тут ніякага горада і не было. За цяперашняй вуліцай Зялёная ў бок вакзала расло сцяною жыта багатага гаспадара Кірылюка. Новікі таксама не лічыліся беднякамі: шэсць гектараў ворыва і пашы, конь, дзве, а то і тры каровы, ладныя гаспадарчыя пабудовы… А найбольшае багацце Мікіты і Матруны Новікаў — дзевяцёра дзетак, што ўжо былі ці падрасталі памочнікамі. Найменшыя, Рая і Ліда, з ранку і да цямна ўлетку заставаліся ў хаце адны, дык дапамагала суседка, цётка Ганна Юлічыха: і прыгледзіць за імі, і накорміць.
— Ой, добрыя былі суседзі, дый усе жабінкаўцы, — згадвае гаспадыня. — Да вайны тут жыло найбольш яўрэяў. Ставіліся да іх хто як, а мы з многімі сябравалі. Людзі як людзі! — Яе жывыя вочы хмурнелі, калі яна параўноўвала былое з цяперашнім. — Хіба тады гарадзілі такія высокія жалезныя платы? Хіба замыкалі дзверы ў хаце? Не кажу ўжо пра вароты ў двор. А хіба маладыя так гультаявалі, пілі гарэлку?..
Лідзіі Мікітаўне Чарнейка (да замужжа Новік) ідзе ўжо восемдзесят восьмы. А ў 1939-м ёй было ўсяго шаснаццаць. Скончыла сем класаў польскай школы. Бацька думаў аддаць яе, найменшую, у гімназію. Але 1 верасня грымнула Другая сусветная вайна, стала не да вучобы. І ўсё ж верасень таго памятнага года быў шчаслівы: у Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная Армія. Шчаслівы для ўсіх беларусаў. А багатыя гаспадары — яны таксама віталі прыход Саветаў з іхняй палітыкай раскулачвання і калектывізацыі?.. Гэтая думка мільганула ўва  мне, аднак Лідзія Мікітаўна пагасіла маё сумненне: так, віталі. Прынамсі, у Жабінцы было многа слёз радасці, кветак, поціскаў рук. Дзве прычыны меліся для гэтага. Першая — беларусы ўз’ядналіся. Другая — людзі шчыра спадзяваліся, што браты з Усходу спыняць вайну з Нямеччынай, не пусцяць фашыстаў на іх зямлю. Хто думаў, што гэта будзе нядоўга, усяго нейкія два гады!..

2

Перад Вялікай Айчыннай Ліда пайшла працаваць на чыгунку тэлефаністкаю. І яшчэ адна змена была ў жыцці сям’і Новікаў. Яна папоўнілася: лейтэнант Чырвонай Арміі, з усходнікаў, узяў замуж Любу, адну з сясцёр. Але не паспелі маладыя нажыцца-нарадавацца, як новая вайна разбурыла мары і надзеі. У 1941-м афіцэр Васіль Маўрын апынуўся ў Беластоку. Цяжарную жонку пасадзіў у эшалон з сем’ямі вайскоўцаў, адправіў у Расію, да сваіх бацькоў, сам — у бой. Часць вельмі хутка была разбітая, рассеяная, і тыя, хто застаўся жывы, ратаваліся як маглі. Васіль пехатою дабраўся да Жабінкі. Сям’я Новікаў прыняла яго, у цывільнай вопратцы, ушчэнт зморанага і галоднага, хоць у хаце ўжо кватараваў нямецкі фельдфебель. Добра, што немец не надта ўнікаў у жыццё гаспадароў. Жыў сабе за сцяною ды жыў. Кіраваў нейкімі вайскова-гаспадарчымі работамі, часта запіваў.
Аднак пра небяспеку ўсе памяталі. Штодзень, штохвілінна. Немцы і паліцаі час ад часу рабілі аблавы: на “ўсходнікаў” і яўрэяў, на магчымых партызанаў і проста на моладзь для адпраўкі яе ў Нямеччыну. Ліда аднойчы амаль гадзіну прасядзела на ліпе ў двары, дакладней, у ліпе, у яе густым вецці.
Пільны зрок і слых мусіў заўсёды мець, вядома ж, Васіль. Хаваўся то ў жыце, то ў клуні. Іншы раз быў на валаску ад смерці, на сянінцы, калі казаць пра адзін выпадак. На сядзібу ўварваліся два паліцыянты і прапаролі штыкамі літаральна кожны метр сена ў клуні. Васіль быў акурат там, аднак ацалеў. Ніводзін удар штыка не зачапіў яго, а ён не выдаў сябе ні рухам, ні голасам. Крыху адвёў бяду і цесць.
— Тадэк, хлопцы, — спакойна папраўляючы раскіданае сена, сказаў Мікіта Новік. — Колькі ж можна? Нікога, бачыце, няма. Дый хто тут можа хавацца?
— Ай, ідземы, ніц тутай нема, — пагадзіўся адзін з паліцаяў, паляк.
“Госці”, мусіць, не паверылі даносу, які паступіў у камендатуру. Аднак жа данос быў. Не кожны сусед, аказваецца, быў добры або ўмеў трымаць язык за зубамі. Гэта пацвердзіў камендант паліцыі Гадыма. Быў ён з вёскі Чэрні, меў жонку і двух сыноў. Новікі насілі ім малако, прычым аддавалі яго бясплатна. А сёння людзі кажуць, што і падкуплялі каменданта. Дык Гадыма не забываўся на ласку. У чарговую аблаву папярэдзіў: хавайце сваяка як след, сігнал на яго паступіў! Ён жа пазней паведаміў пра загад на абавязковую рэгістрацыю ўсіх “усходнікаў”. Чым магла закончыцца тая “рэгістрацыя”, камендант, мусіць жа, ведаў або здагадваўся. Але чаму афіцэра Чырвонай Арміі не выдаў? Сёння Лідзія Мікітаўна мяркуе так: сам баяўся кары. Здаць савецкага афіцэра трэба было раней, не чакаць да восені 1942-га. А яшчэ ён пачаў падазраваць, што ягоны старэйшы сын звязаны з партызанамі…
Васіль Маўрын знайшоў прытулак і схованку ў жабінкаўскага доктара Зданевіча (як звалі яго, людзі ўжо не памятаюць). Ён вёў прыём пацыентаў у будынку каля вакзала, а сядзібу-маёнтак меў за Здзітавам. Спачатку Васіль хаваўся ў лесе, у спехам выкапанай зямлянцы, потым жыў у доме Зданевіча, прыцемкамі працаваў на ягонай гаспадарцы. Гэтакім вось чынам пазбегнуў лёсу “ўсходнікаў” — старых і маладых, жанчын і дзяцей, якіх толькі перад сённяшнімі могілкамі на вуліцы Міру ў Жабінцы ляжыць 380 чалавек. Дачакаўся прыходу Савецкіх войскаў у ліпені 1944-га.

3

Другое вызваленне мала нагадвала верасень 1939 года. Яно ішло з кровапралітнымі баямі, выбухамі бомбаў і снарадаў, пажарамі. А для многіх — з трывогай-страхам: будуць жа спецорганы высвятляць, хто супрацоўнічаў з акупантамі, хто хаваўся як дэзерцір?.. Нямала жабінкаўцаў уцякала да сваякоў у вёскі, чым далей ад ваенных аб’ектаў. Сям’я Новікаў — у Сяхновічы, затым у Курпічы. Уцякаць даводзілася на лядашчай кабылцы, якую далі немцы ўзамен на дужага, укормлена-дагледжанага каня. На ёй і вярталіся да роднай сядзібы, калі ўсё ўгаманілася. Не сціхалі толькі слёзы. Мястэчка гарэла, хата Мікіты і Матруны таксама. Ужо трэці раз роду Новікаў трэба было яе адбудоўваць — там, дзе стаялі хаты-папярэдніцы. А пакуль што мусілі пасяліцца ў адной з дачок, у Веры, што была замужам за Харытонам Давідчыкам.
— Неяк жылі, — прыгадвае Лідзія Мікітаўна. — Нават дзяліліся бульбаю, хлебам, салам з нашымі салдацікамі. Вельмі ж яны былі змораныя вайною.
Тым часам савецкія часці папаўняліся прызыўнікамі-“заходнікамі”. Як належнае, успрыняў загад ваенкамата Васіль Маўрын. Цешча, калі збірала яго, наказвала: “Будзеш на фронце, набачышся смерці. У мёртвых, сваіх ці чужых, нічога не бяры — ні ботаў, ні гадзінніка: грэх. І з мірных людзей не збыткуйся…” Васіль моўчкі ківаў галавой, толькі адзін раз ціха, быццам да самога сябе, прамовіў: “Калі сам жывы буду”. Яму, кадраваму вайскоўцу, пагражала трапіць у штрафны батальён. Так намякнулі ў ваенкамаце, хоць адразу і не арыштавалі. Хлопцаў з заходніх абласцей, тым болей акружэнцаў, франтавікі не любілі: маўляў, мы ваявалі, а вы тры гады адседжваліся на печы. Якая тая “печ” была для Васіля Маўрына, маглі засведчыць Новікі, ды ці пойдзеш насуперак суровым законам ваеннага часу! Пісаным і няпісаным.
— Вы чего здесь, суки, собрались? Весело вам, танцульки устроили?!
— Дзяўчаты-падлеткі, дый больш дарослыя, і пад акупацыяй збіраліся на вячоркі. Толькі без ніякай музыкі і танцаў, і толькі добра знаёмыя між сабой. Сядзелі пры завешаных вокнах і замкнёных дзвярах. Сцішана гаманілі, часам выпівалі па чарачцы. А тут — вызваленне, мірнае жыццё! Для іх мірнае… Вайна, хоць і кацілася далей на Захад, была ўсё яшчэ рэальнасцю. На станцыі Жабінка зноў і зноў спыняліся эшалоны з ваеннай тэхнікай і вайскоўцамі. Тым суботнім ці нядзельным вечарам эшалон таксама затрымаўся. Клуб чыгуначнікаў стаяў непадалёку, і “пасажыры” ў пагонах, мабыць, пачулі, што дзеецца ў ім. Пад шум весялосці, якім поўнілася невялікая зала, расхінулі дзверы і на момант застылі ў здзіўленні. Потым залаяліся, схапіліся за зброю — і пачалі страляць. Моладзь, а былі тут і афіцэры жабінкаўскай вайсковай часці, забегала ад нечаканасці і страху: хто зашываўся ў кут, а большасць кінулася ў вокны.
Салдаты стралялі, вядома, паверх іхніх галоваў.
Бацька, калі непаседлівая Ліда прыбегла дамоў, не падзяліў яе ўсхваляванасці і абурэння. Абсек дачку: “А што вы хацелі! Каму танцы, а каму… На фронт жа едуць”.
Лейтэнант Маўрын быў мабілізаваны паўторна. З фронту не прыслаў сюды ані вестачкі. Што было з ім там, збольшага паведаў, калі зноў вярнуўся ў Жабінку пасля Перамогі, балазе на вызваленую радзіму прыехалі жонка Люба і дачка.
Так, ён трапіў у штрафбат, быў на перадавой. Зрэшты, не штрафнікам, як ён згадваў, было не лягчэй, тым болей “заходнікам”, на якіх, як ні круці, камандзіры мелі зуб. Невыпадкова ж яны, малаабучаныя, сотнямі, а то і тысячамі гінулі або калечыліся ўжо на подступах да Варшавы. Васілю Маўрыну навекі запомнілася лабавая атака на Кракаў, у якой ад іхняга ўзводу застаўся жывы толькі ён. Неўзабаве яго паставілі ў строй звычайных франтавікоў, вярнулі афіцэрскі чын і добрае імя. Служыў Радзіме далей, заслужыў баявыя ўзнагароды і, як згадвае Лідзія Мікітаўна, званне капітана (яна лёгка ўваскрашае і зараз чатыры зорачкі на ягоных пагонах). Атрымліваецца, нездарма яго, мардоўскага хлопца, зберагалі, рызыкуючы сваімі жыццямі, беларусы-“заходнікі”: з яго выйшаў някепскі баец для фронту, для Перамогі.

4

Прашу Лідзію Мікітаўну Чарнейка распавесці крыху пра пасляваеннае жыццё. А яна ўсё не можа адарвацца ад таго, што ляжыць у памяці глыбей: ад шчаслівага даваеннага дзяцінства і, рэзкім кантрастам да яго, ваеннага ліхалецця. Нязменна згадвае швагра, Васіля Маўрына.
— У яго, — кажа, — не было крыўды на савецкую ўладу, на армію за штрафбат. Ніколі не скардзіўся, не апраўдваўся, хоць прычыны для гэтага былі. Не адзін ён хаваўся ад фашыстаў, а партызаны ў Жабінцы не паяўляліся. Дый у лес ісці не дазваляла тады здароўе. Вельмі мучыўся з жыватом: цэлы ж месяц, ідучы з-пад Беластока ў 1941-м, харчаваўся сырой бульбаю. Пасля вайны ад гэтага і памёр. Дакладней — ад рака страўніка.
Зараз у нашым райцэнтры жывуць два ўнукі Васіля Маўрына — Валерый і Вадзім. Яны нярэдка бываюць у дзедавай хаце, што на вуліцы Зялёная, і абавязкова завітваюць у хату бабы Ліды, балазе жыве яна амаль насупраць. Жыве ўлетку, а зімы праводзіць у дачкі Людмілы ў Мінску, куды — або і ў Жабінку — прыязджае другая дачка, Валянціна, хоць горад яе, Керч, далёка. Радуе Лідзію Мікітаўну таксама Брэсцкае аддзяленне чыгункі: чыгуначніцаю — тэлеграфісткаю, тэлефаністкаю — яна працавала ўсё сваё дарослае жыццё. Віншаванні са святамі, грашовую дапамогу адтуль атрымлівае з удзячнасцю.
Не забываюць гаспадыню гасціннага дома і суседзі. Пра іх яна гаворыць толькі добрыя словы. Па-ранейшаму любіць людзей працавітых і цягавітых, зычлівых і спагадлівых. Дасць Бог, гэтыя якасці “заходнікаў” не развеюцца, не знікнуць з гадамі. Яна, прынамсі, гэтага вельмі і вельмі хоча.

А.КАСКО.
На здымках: афіцэр Васіль Маўрын; Лідзія Чарнейка (Новік) у маладосці.
Фота з сямейнага альбома.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top