Малочныя рэкі пачынаюцца з пашы

Малочныя рэкі пачынаюцца з пашы

 

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

З надыходам цёплых вясенніх дзянькоў на пашу адправіліся рагулі ў трох гаспадарках раёна – ААТ “Жабінкаўскі”, “Азяты АГРА” і “Мацеевічы”. У апошняй пашчыпаць зялёнай траўкі выйшла пагалоўе дзвюх малочнатаварных ферм. Мы завіталі ў Вялікія Сяхновічы, дзе пасвіліся гадаванкі МТФ “Карды”, каб дазнацца, як у палявых умовах атрымліваць малако самай высокай якасці.

Нас сустрэлі намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства Юрый Сушко і галоўны заатэхнік Алена Доста.
– На прыродзе жывёле добра, тут знаходзяцца 208 дойных кароў і 16 цялушак, – акінуў позіркам статак Юрый Васільевіч. – Аб гэтым сведчаць і паказчыкі малака. У стойле валавы надой складаў у дзень 2900 кілаграмаў, а зараз дасягае 3400. Харчуюцца рагулі бабова-злакавай травасумессю, дойка ажыццяўляецца два разы ў суткі. Клапоцяцца пра сваіх падапечных аператары машыннага даення Іна Ефлакова, Наталля Рыбчынская, Таццяна Дармароз, Сяргей і Таццяна Северанюкі. Для апошніх Жабінкаўшчына стала другой радзімай: яны пераехалі сюды з Луганска і адразу ўладкаваліся на працу ў гаспадарку. Работнікі МТФ “Карды” заўсёды могуць звярнуцца па параду і дапамогу да брыгадзіра фермы Галіны Маскалёвай.
На свежым паветры статак знаходзіцца кругласутачна, у палявых умовах нават паспела нарадзіцца адно цяля. Побач з жывёлай заўжды знаходзяцца даглядчыкі-пастухі Юрый Пазалоцін (на здымку), Ігар Венска і Вадзім Глебаў. Для работнікаў абсталяваны своеасаблівыя вагончыкі, дзе можна адпачыць і прыгатаваць ежу, ім выдаецца спецадзенне. У няпростых сітуацыях яны звяртаюцца па дапамогу да ветфельчара Паліны Пановай: у цёплае надвор’е ажывіліся насякомыя, таму трэба сачыць, каб іх укусы не дакучалі жывёле. Для паўнацэннай жыццядзейнасці статак атрымлівае неабходную порцыю мінеральнай падкормкі, солі і мелу, падчас дойкі ў кармушкі сыплецца камбікорм.
Добра падсілкаваўшыся, каровы адправяцца на дойку, а атрымаць у палявых умовах малако самай высокай якасці дапаможа новае даільнае абсталяванне. Яно мае малакаправод і зручную ахала-джальную ўстаноўку, якая можа змясціць да дзвюх тон.
– Дзякуючы яму атрымліваем нават гатунак “экстра”, таму што малако не кантактуе з навакольным асяроддзем, у яго не трапляюць бактэрыі, – дэманструе абсталяванне Юрый Васільевіч (на здымку). – Раней насілі вёдрамі, а зараз яно паступае адразу ў малакаправод. Гэта не толькі павышае якасць малака, але і палягчае працу аператараў машыннага даення. А з дапамогай купіратара ажыццяўляецца нагрэў вады для мыцця асноўнага абсталявання, таксама абавязкова спецыяльным растворам апрацоўваецца вымя, выціраецца аднаразовымі сурвэткамі. Хворыя жывёлы дояцца асобна і ў апошнюю чаргу.
– На свежым паветры рагулі аздараўліваюцца, – упэўнена Алена Якаўлеўна. – Ведаеце, каб карова дала адзін літр малака, праз яе вымя павінна прайсці 500 літраў крыві! Пакуль жывёла будзе пасвіцца на ўлонні прыроды, у парадак прывядуць ферму. Ужо зроблены ачыстка і дэзынфекцыя, плануецца яшчэ пабелка памяшкання. Калі надвор’е не падвядзе, пад адкрытым небам статак будзе знаходзіцца да 15 кастрычніка.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*