Вітаю цябе, мая любая вёска

Нарадзіўся я ў 1936 годзе на Жабінкаўшчыне ў вёсцы Жыцінь у сялянскай сям’і. Мяркую, назва роднай вёскі звязана з жаданнем яе жыхароў жыць і працаваць у гэтым месцы на працягу ўсяго жыцця ў міры і спакоі. Некалі ў Жыціні налічвалася прыблізна 70 сялянскіх падворкаў, яшчэ з дзясятак сяліб месціліся на хутарах. Паселішча заўжды напаўнялася дзіцячымі галасамі. На жаль, рэаліі сённяшняга дня ды стан вясковага існавання сведчаць пра тое, што жыццё ў Жыціні пакрыху заціхае. Старыя жыхары адышлі ў іншы свет, а моладзь, так бы мовіць, рушыла ў цывілізацыю: юнакоў і дзяўчат прывабіла, а затым і паглынула ўрбанізацыя. Вось і паўстае пытанне, каму ж застанецца і хто будзе падтрымліваць усю тую прыгажосць, якая панавала тут дзякуючы працы людзей яшчэ не так даўно ў наваколлях?..
Памятаю, уздоўж усёй вёскі цягнуўся вялікі глыбокі роў з вадою, на левым беразе якога быў гай з вольхамі ды вербамі. Паміж гаем і агародамі месціўся лужок. Гэта быў проста казачны куточак, памятны з дзяцінства, прыдатны для адпачынку і збору лекавых траў!
У маіх бацькоў было дзевяць дзяцей, з іх двое памерлі маленькімі, таму ў дружнай сям’і гадаваліся чатыры хлопцы і тры дзяўчынкі. Матуля за тое была ўзнагароджана медалём “Мацярынская слава”, які дасюль захоўваецца ў нашай сям’і. Ужо з самага маленства бацькі вызначалі для кожнага з дзяцей, улічваючы іх узрост і здольнасці, канкрэтную працу: найстарэйшыя – гоняць і пасуць рагулю, сярэднія – авечак, самы малы сочыць за курамі. Працы хапала і ў полі, і ў агародзе. З часам, калі быў заснаваны калгас, вяскоўцы атрымалі невялічкія надзелы зямлі, якія і сталі асновай іх гаспадаркі ды сродкам выжывання, асабліва ў перадваенныя і пасляваенныя гады. Магнатаў у вёсцы не было, людочкі жылі ад аднаго збору ўраджаю да другога.
Дзяцінства маё прыпадае на гады вайны. Добра памятаю тую ноч, як яна пачалася. Ранкам 22 чэрвеня 1941 года маці пачала будзіць нас, дзяцей. Праз сон мне пачулася: нешта вельмі моцна грымнула, спалоханы, спытаўся ў матулі: “Што гэта? Гром, навальніца?” Яна адказала: “Вайна, сынку!”
Мы ўсе разам пабеглі ў гай, каб уратавацца. А праз некалькі гадзін жыцінцы сабраліся на тым ускрайку вёскі, куды ўпалі бомбы. На гэтым месцы ўтварыліся велізарныя яміны, навокал было шмат асколкаў. Адна яма аказалася на адлегласці ўсяго 250 метраў ад нашай хаты. Яшчэ горш было суседзям: ад выбухаў пацярпелі гаспадаркі Емяльяна Гуціка і Дзяніса Гаўрылюка. Цяжка паранены быў жыхар хутара Піліп (памятаю, ён быў глухі), у хуткім часе яго не стала. Страшны быў і той дзень, калі ў полі, на ўскрайку Жыціні, фашысты расстралялі больш за чатыры дзясяткі “ўсходнікаў”. Тры дзясяткі прозвішчаў вядомыя, яны выбітыя на пліце, яшчэ тузін – безыменных. Колькі тут гадоў аралі, ды ніколі не ўзнікла нават думкі плугам прайсціся па гэтым месцы. З часам сярод поля пастаў помнік, які зараз стаіць у атачэнні беластволых бярозак…
Не менш цяжкімі выдаліся і пасляваенныя гады. Мяне накіравалі ў школу. Настаўнікам быў аднавясковец Іван Якаўлевіч Козел. Ён выдатна тлумачыў правілы, быў вельмі патрабавальны. Згадваецца наступны выпадак з майго школьнага жыцця. Вучні класа пісалі кантрольную па арыфметыцы. Наступным днём настаўнік раздаў правераныя работы, адзначыўшы, што я вельмі добра выканаў заданні, таму атрымаў адзнаку “5”. Я ўстаў і сказаў: “Калі гэтак добра выканаў, дык павінен атрымаць не пяцёрку, а шасцёрку!” Настаўнік усміхнуўся і без усялякіх ваганняў выправіў адзнаку на “6”. Так што ў пачатковай школе я вучыўся нават на шасцёркі! А далей пайшоў, як гаворыцца, у людзі, калі пачаліся “мае ўніверсітэты”.
У Жыціні была толькі пачатковая школа, таму далей працягваў навучанне ў сямігодцы, размешчанай у Збірагах Брэсцкага раёна, дзе жыла сястра маці. Цётчыны дзеці былі ўжо дарослыя і звязалі свой лёс з настаўніцтвам, былі не толькі адукаваныя, працавітыя, але й сумленныя. Мяне ўсё захапляла ў дваюрадных братах: іх паводзіны, сціпласць, добразычлівасць, адносіны да іншых. Яны сталі прыкладам для мяне, таму ўсё жыццё імкнуся быць падобным да іх. Акрамя таго ў нашай сям’і ўсе вельмі любілі музыку. Бацька іграў на гармоніку, баяне, скрыпачцы, ведаў ноты. Гэтаму навучыў і мяне з братам Рыгорам. Сястра Лена мела прыгожы голас і цудоўна спявала. Пазней, ужо ў часы студэнцтва, я асвоіў кларнет і выступаў у інстытуцкім духавым аркестры.
Аднак да таго патрабавалася яшчэ займець атэстат аб сярэдняй адукацыі. Таму ў 1951 годзе пайшоў у восьмы клас Жабінкаўскай сярэдняй школы. Адлегласць ад вёскі да вучэльні ў Жабінцы – 10 кіламетраў (і гэта толькі ў адзін бок!). Вось і даводзілася што-дня на працягу трох гадоў праходзіць пешшу гэты навучальны “марафон”.
Падабаліся мовы і фізіка. Яшчэ з маленства марыў стаць ваенным, але гэта не спраўдзілася з-за хваробы, ад якой пагоршыўся раптоўна зрок. Неабходных лекаў дастаць не атрымалася. Зразумеўшы, што вайскоўцам мне не стаць, вырашыў вучыцца далей. Яшчэ за школьнай партай настаўніца нямецкай мовы Зінаіда Іванаўна Карытнік параіла паступаць у інстытут замежных моў, паколькі вывучэнне іх давалася мне надзвычай лёгка. У 1953-м паехаў у сталіцу, паступіў у Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў, скончыў поўны яго курс. Затым настаўнічаў у вясковай школе ў Святой Волі Івацэвіцкага раёна, шмат гадоў прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці ў Беларускай сельгасакадэміі, Мазырскім педагагічным інстытуце, Палескім дзяржаўным універсітэце. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень кандыдата педагагічных навук, узначальваў кафедру нямецкай мовы, маю агульны працоўны стаж 54 гады.
Пашчасціла не толькі нечага дасягнуць у навуцы, але й стварыць цудоўную сям’ю. Разам з жонкаю вырасцілі дзвюх дочак: адна бухгалтар, другая – настаўнік. Унучка скончыла ўніверсітэт, юрыст па прафесіі. Усё, як быццам, добра. Але ж гады бяруць сваё. Штогод па магчымасці імкнуўся наведаць родных у вёсцы. Аднак сёння ў родным маім Жыціні ўжо не засталося з іх нікога… Браты памерлі, а дзве сястры паводле стану здароўя пераехалі на жыхарства, як кажуць, век дажываць да сваіх дзяцей.
Сумна бывае на душы, але ж гэткая філасофія чалавечага жыцця на зямлі: усё цячэ – усё мяняецца, а яно, жыццё, усё роўна працягваецца. Таму патрэбна працаваць і надалей радавацца кожнаму дню. І назва маёй любай вёскі – Жыцінь – падкрэслівае гэта, славіць жыццё і надзею на яго працяг.
Павел КОЗІК, г. Горкі.
На здымку: памятнае месца за вёскай Жыцінь, дзе напрыканцы кастрычніка 1942 года былі расстраляны мірныя жыхары.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.