Анатолий Андреев

Анатолий Андреев

З магутнай тэхнікай на “ты”

Даўно заўважыў: сапраўдныя працаўнікі-механізатары вызначаюцца сціпласцю, з любасцю расказваюць пра тэхніку, на якой працуюць, а вось пра сябе — вельмі неахвотна, найчасцей, як Анатоль Фаміч Андрэеў, прапануюць:
— А давайце, замест слоў няхай пра мяне праца раскажа?
Каб паразмаўляць з карэспандэнтамі, старанны працаўнік на лічаныя хвіліны (пакуль ішла пагрузка) згадзіўся пакінуць кабіну свайго трактара МТЗ-1221.
Як і для многіх хлопцаў, вырашальнай у лёсе выпускніка другой гарадской школы стала служба ў арміі. Там Анатоль атрымаў карысныя навыкі механіка-вадзіцеля. Адразу пасля вяртання дамоў у 1975 годзе прыйшоў у ПМК-19 дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Брэстводбуд”. Найбольш вабіла магутная тэхніка, у якой міжволі адчуваеш сябе гаспадаром і пераможцам. Пагэтаму запісаўся на курсы экскаватаршчыкаў у Чарняны, і вось ужо трыццаць пяць гадоў у родным прадпрыемстве. Ягоныя рукі зведалі розныя мадэлі экскаватараў, працаваў і на пагрузчыку “Амкадор”, зараз — за рулём айчыннага трактара “Беларус”.
Шмат зроблена за гады. Адразу згадваецца, як чвэрць стагоддзя таму, калі надарылася чарнобыльская трагедыя, хуценька збіраўся на Гомельшчыну, каб дапамагаць людзям, якія ў бядзе. Дасюль у Калінкавічах, Хойніках стаяць дамы для перасяленцаў, пабудаваныя і з ягоным удзелам.
Аднак больш сіл, зразумела, аддадзена роднай зямлі. А.Ф.Андрэеў гаворыць:
— Калі зараз надараецца ехаць у Падлессе, Пелішча, не-не ды згадваю, як удзельнічаў у меліярацыі гэтых земляў, асушаў багну, карчаваў непралазнае кустоўе… Зараз на месцы дрыгвы, вялікіх зараснікаў — ворыўныя плошчы, вернутыя для патрэбаў сельскай гаспадаркі, — і з усмешкай дадае. — Дзе некалі кулікі сваё балота хвалілі, цяпер каласы калыхаюцца!
Для многіх, з кім даводзіцца размаўляць, надзвычай памятны 2007-ы, дажыначны год. Не выключэнне і Анатоль Фаміч. Ён ахвотна згадвае, як напярэдадні свята ўраджаю прыходзілася працаваць ад ранняй да позняй ночы на добраўпарадкаванні гарадскога возера, парку, чыгуначнай станцыі, плошчаў і вуліц Жабінкі.
А.Ф.Андрэеў ганарыцца сваім укладам у агульную справу і ў размове найчасцей замест займенніка “я” ўжывае “мы”, бо аддае павагу сябрам з роднай ПМК-19, з кім працуе штодня. Таксама не цураецца дапамагаць маладым, калі ім патрабуюцца ягоныя вопыт і веды, прыдбаныя за гады. Сёлета Анатоль Фаміч Андрэеў прызнаны лепшым у сваёй прафесіі, ягонае імя занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
Напрыканцы сустрэчы ён сказаў як і чаму адносіцца да сваёй тэхнікі.
— Галоўнае, здаецца, любіць і па-чалавечы адносіцца да тэхнікі, слухаць механізмы, як сэрца сваё. Бо і трактар, і экскаватар, хоць і жалезныя, ды адчуваюць клопат рук. Як ты да іх аднясешся, так і яны ў працы адгукнуцца. Тады будзе ад тэхнікі добрая аддача, і дзень, канечне, працаю напоўніцца.

А.РОСТАЎ.
На здымку: Анатоль Фаміч Андрэеў каля свайго “жалезнага каня”.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top