Штогод у трэцюю нядзелю мая прынята ўспамінаць людзей, якія памерлі ад СНІДу. Упершыню Сусветны дзень памяці ахвяр СНІДу адзначылі ў амерыканскім Сан-Францыска ў 1983 годзе. Паводле статысткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце жыве больш за 36 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека. Каля 35 тысяч чалавек памерлі ад спадарожных СНІДу хвароб.
Па стане на 1 красавіка бягучага года ў Беларусі было зарэгістравана 25 275 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць лю-дзей, якія жывуць з ВІЧ – 19 682, з іх больш за 300 – дзеці. За ўвесь перыяд назірання (з 1987 года па 1 красавіка 2018-га) у нашай краіне памерлі 5 593 чалавекі, інфіцыраваныя ВІЧ. Штогод выяўляецца больш за паўтары тысячы новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. 98 % пацыентаў, якія знаходзяцца на ўліку, рэгулярна наведваюць урача, атрымліваюць бясплатна антырэтравірусныя лекавыя сродкі, што дазваляюць нейтралізаваць уздзеянне віруса на арганізм чалавека.
Дэвіз гэтага дня сёлета: “Разважаючы пра наша мінулае, рыхтуючыся да нашай будучыні”. Яго тэма падкрэслівае важнасць ра-зумення многіх аспектаў, якія тычацца жыцця асобнага чалавека і грамадства ў цэлым, і дае магчымасць падумаць пра сябе і блізкіх, ушанаваць памяць тых, хто пайшоў у іншы свет і зрабіць усё, каб зразумець жыццё людзей, якіх ужо закранула праблема ВІЧ-інфекцыі. Адным са знакаў памяці і салідарнасці з людзьмі, якія сутыкнуліся з праблемай ВІЧ/СНІД, з’яўляецца чырвоная стужка – такі сімвал стварыў у 1991 годзе мастак Франк Мур. У гэты дзень існуе традыцыя шыць квілты – палотны, лапікавыя карціны з тканіны, прысвечаныя памяці блізкіх людзей, а таксама традыцыя высаджваць дрэвы памяці – па ліку гадоў, якія прайшлі з пачатку сусветнай эпідэміі СНІДу.
Дзень памяці – гэта яшчэ адна магчымасць паказаць рэальную блізкасць праблемы і нагадаць пра тое, што для абароны ад ВІЧ-інфекцыі неабходна выконваць нескладаныя правілы бяспечных паводзінаў і своечасова абследавацца на ВІЧ. Страх перад дыягназам і адтэрміноўка тэсціравання памяншаюць шанцы на паўнавартаснае і працяглае жыццё. Толькі пры раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі і своечасовым лячэнні чалавек можа паўнавартасна жыць – працаваць, ствараць сям’ю, нараджаць здаровых дзяцей. Працягласць яго жыцця не будзе адрознівацца ад сярэднестатыстычнай.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-інфекцыяніст УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%