Калі дзеці адны – не пазбегнуць бяды!

З надыходам канікулаў дзеці часта прадастаўлены самі сабе. Менавіта ў такі перыяд назіраецца рост пажараў з прычыны дзіцячага свавольства з агнём, узрастае колькасць ДТЗ і іншых няшчасных выпадкаў з удзелам падлеткаў. Абавязак бацькоў – папярэдзіць і не дапусціць здарэнняў. Для гэтага неабходна навучыць дзяцей правілам паводзін пры пажары, на вадзе і ў іншых небяспечных сітуацыях. На праблему звяртае ўвагу рэспубліканская прафілактычная акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, якая 11 мая стартавала на Жабінкаўшчыне і прадоўжыцца да 1 чэрвеня.
Летась у краіне чатыры дзіцяці загінулі ў агні, яшчэ 25 – у выніку ўтаплення. У пачатку гэтага года надзвычайнае здарэнне з падлеткам адбылося на Брэстчыне. У вёсцы Семянча-2 Пружанскага раёна ўспыхнуў пажар у блокавым доме, у якім загінуў 12-гадовы сын гаспадароў. Было ўстаноўлена, што ён знаходзіўся дома адзін: ягоныя брат і сястра гулялі на вуліцы, а бацькі былі на працы. Прычына бяды – неасцярожнае абыходжанне з агнём, хлопчыка знайшлі ў памяшканні топачнай.
У гэтым месяцы няшчасны выпадак напаткаў 10-гадовую дзяўчынку ў брэсцкім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая. Падчас навальнічнага шторму на яе ўпала галіна з дрэва, у выніку чаго дзяўчынка атрымала траўмы і была шпіталізавана ў дзіцячую абласную бальніцу. Для прадухілення такіх здарэнняў на Жабінкаўшчыне прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна сумесна з супрацоўнікамі РАНС выяўляюць небяспечныя дрэвы. Нагадваем, што жыхарам, на чыіх прысядзібных участках знаходзяцца вялікія дрэвы, неабходна своечасова праводзіць абразанне галін, што ўяўляюць небяспеку для людзей і пабудоў. Калі моцны вецер застаў вас у дарозе, трымайцеся як мага далей ад рэкламных шчытоў, ліній электраперадачы, высокіх дрэў.
Не варта забываць аб тым, што асаблівую небяспеку для дзяцей уяўляюць будаўнічыя пляцоўкі, безгаспадарныя, у нездавальняючым тэхнічным стане пабудовы. На тэрыторыі нашага раёна ёсць больш за 70 такіх аб’ектаў. Гэта нежылыя дамы ў Вежках і Арэпічах, будынкі былога спіртзавода ў Ленінскім, фермаў у Пруску і Булькове ды іншыя. Небяспеку таксама ўяўляюць кар’еры і абрывы берагоў рэк, месцы, дзе купанне забаронена. На Жабінкаўшчыне для масавага адпачынку ля вады абсталяваны пляжы санаторыя “Надзея” на рацэ Мухавец, на возеры Візжар, у гарадскім парку і ў Хмелеве.
Паважаныя бацькі! Не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду, не дазваляйце ім гуляць у месцах, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця.
Аляксандр БАТУЛЯ, старшы інжынер Жабінкаўскага РАНС.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*